Але ад чаго ўсур’ёз пакутавала яна, дык гэта ад пажыццёвага прысуду гатавання штодзённых абедаў. Яны не толькі мусілі падавацца своечасова — ад іх патрабавалася дасканаласць, да таго ж, гэта мусіла быць менавіта тое, чаго яму ў дадзены момант хацелася, без папярэдніх узгадненняў. Калі яна часам звярталася да яго з пытаннем на гэты конт, захоўваючы бяздумную цырымонію хатняга рытуалу, дык ён нават не адводзіў вачэй ад газеты для адказу: «Што заўгодна». І ён казаў праўду, і тон яго быў прыемным, бо цяжка было ўявіць сабе менш дэспатычнага мужа. Але падчас абеду трэба было падаваць не што заўгодна, а менавіта тое, што ён жадаў, і без наймізэрнейшых адхіленняў: каб мяса не пахла мясам, рыба — рыбай, свініна — скурай, а птушка пёрамі. Яшчэ да наступу сезона спаржы трэба было даставаць яе за любыя грошы, каб ён мог суцешыцца выпарэннямі сваёй уласнай мачы ў прыбіральні. Яна не вінаваціла яго — вінаваціла сваё жыццё. Досыць было яму толькі засумнявацца, як ён адсоўваў талерку са словамі: «Ежа прыгатаваная без любові». У гэтым ён праяўляў фантастычнае натхненне. Аднойчы, ледзь пакаштаваўшы рамонкавы настой, ён вярнуў кубак з фразай: «Гэтае пойла аддае акном». Фэрміна Даса з усёй прыслугай здзівіліся, яны не ведалі чалавека, які мог бы выпіць адвар акна, але толькі пакаштаваўшы яго, яны зразумелі: так, менавіта такі быў смак старога падгнілага акна.
Гэта быў узорны муж: ніколі не падымаў нічога з падлогі, не гасіў святла, не зачыняў дзвярэй. У змроку раніцы, калі ў вопратцы не ставала аднаго гузіка, яна чула ягоныя словы: «Добра было б мець дзвюх жонак, — адну для кахання, а другую — прышываць гузікі». Штодня, толькі пачаўшы піць каву альбо ўзяўшы першую лыжку поліўкі, ён раптам пачынаў раўці, нікога ўжо не пужаючы, і тут жа следавалі словы палёгкі: «Калі я сыду з гэтага дома, ведайце, што мне абрыдла жыць з абпаленым ротам». Ён казаў, што ў доме ніколі не гатавалі такіх смачных і разнастайных абедаў, як у тыя дні, калі ён не мог есці з-за разгрузкі з выкарыстаннем паслабляльнага, і верыў, што гэта — жончыны хітрыкі, і ўрэшце ён адмовіўся ад прымання паслабляльнага, калі яна не прымала яго разам з ім. Ён дапёк яе сваім бяздушшам, і аднойчы Фэрміна Даса сказала, што на дзень нараджэння хоча атрымаць нязвыклы падарунак: каб ён адзін дзень пазаймаўся хатнімі справамі. Ён радасна пагадзіўся і на золку насамрэч прыняў лейцы кіравання домам. І загадаў падаць сапраўды выдатны сняданак, але забыўся на тое, што яна не магла есці яечню, да таго ж, не піла каву з малаком. Потым распарадзіўся гатаваць урачысты абед на восем персон і загадаў накрываць святочны стол, — словам, так імкнуўся гаспадарыць лепш за яе, што апоўдні яму давялося капітуляваць без адзінай адзнакі сораму. З першага моманту ён здагадаўся, што не ведае, дзе што знаходзіцца, асабліва на кухні, і прыслужніцы дазволілі яму перавярнуць усё ў пошуках кожнае драбязы, бо яны таксама ўвайшлі ў гульню. А дзясятай ён не паспеў вырашыць адносна дэталяў абеду, бо не была скончаная ўборка ў доме і не прыбраная спальня. Ванны пакой застаўся нявымытым, ён забыўся папоўніць запас гігіенічнай паперы, памяняць прасціны і накіраваць возніка па дзяцей. Заадно пераблытаў ролі прыслужніц, то бок загадаў кухарцы перасцілаць пасцелі, а пакаёвак накіраваў на кухню. Аб адзінаццатай, калі вось-вось мусілі прыйсці госці, у доме быў такі хаос, што Фэрміна Даса зноўку прыняла лейцы кіравання, душачыся са смеху. Але не з пераможным выглядам, як меркавала, а ўзрушаная шкадобаю пры выглядзе бездапаможнасці мужа ў хатніх справах. Ён уздыхнуў з сумам і выказаў спрадвечны аргумент: «Прынамсі, я справіўся не горш, чымся ты б лекавала людзей». Але навука была карыснай, і не толькі для яго. Праз шмат гадоў кожны сваім шляхам прыйшоў да мудрай высновы, што яны не маглі жыць разам і кахаць адно аднаго інакш: на гэтым свеце няма нічога складанейшага за каханне.
У зеніце свайго новага жыцця Фэрміна Даса бачыла Флярэнтына Арысу на розных грамадскіх мерапрыемствах, і тым часцей, чым вышэй уздымаўся ён па службовай лесвіцы, але яна навучылася паводзіць сябе пры гэтым так натуральна, што з рассеянасці не аднойчы забывалася вітаць яго. Яна чула пра яго часта, бо ў дзелавым свеце стала агучвалася тэма ягонага асцярожнага, але нястомнага руху ўгару па адміністрацыйнай лесвіцы Карыбскай параходнай кампаніі. Яна заўважыла, што ягоныя манеры мяняліся ў лепшы бок, а нясмеласць прымала выгляд загадкавага аддалення, яму пасавала лёгкая дабаўка вагі, і была да твару нетаропкасць сталага чалавека, ён нават здолеў годна вырашыць праблему падступнага аблысення. Адным толькі Флярэнтына Арыса кідаў выклік часу і модзе — змрочнай вопраткай, анахранічнымі сурдутамі, адзіным капелюшом, страшным парасонам, гальштукамі ў выглядзе стужкі з матчынай крамы, якія насілі хіба што паэты. Фэрміна Даса павольна звыклася глядзець на Флярэнтына Арысу іншымі вачыма і, зрэшты, перастала атаясамліваць яго з млявым юнаком, які сядзеў і ўздыхаў па ёй пад парывамі ветру ў пажоўклым лістападзе Евангельскага скверыка. Ва ўсялякім разе, яна ніколі не пазірала на яго абыякава і заўсёды радавалася добрым весткам пра яго, бо гэтыя весткі паступова аблягчалі цяжар яе віны.