З нябёсаў яны бачылі, як бачыць іх Бог, руіны старажытнага і гераічнага горада Картахэна-дэ-Інд’яс; гэта быў найпрыгажэйшы горад у свеце, пакінуты жыхарамі ў паніцы перад халерай, хоць да таго яны цягам трох стагоддзяў трывалі блакады ангельцаў ды флібусцьерскія набегі. Яны бачылі некранутыя муры фартэцыі, пустазелле на вуліцах, умацаванні, ахінутыя дываном з братак, мармуровыя палацы і залатыя алтары, віцэ-каралёў, што згнілі жыўцом ад халеры ў сваіх даспехах.
Яны ляцелі над старажытнымі забудовамі на палях Трохас-дэ-Катакі, пафарбаванымі ў вар’яцкія колеры, угледзелі фермы, дзе разводзілі ігуанаў на мяса, гронкі бальзаміну і вадзяныя астры ў садовых сажалках. Сотні голых дзяцей кідаліся ў ваду. Яны былі радасна ўзбуджаныя ад азартных выклікаў і скакалі з вокнаў, ляцелі ў ваду з дахаў дамоў, а таксама з лодак, якімі яны кіравалі з дзівосным спрытам. Яны сноўдалі ў вадзе, нібыта рыбіны-шалёнкі, каб злавіць торбу з вопраткай, флакон з пілюлямі ад кашлю, харчы — гожая жанчына ў капелюшы з плюмажам кідала ім усё гэта з гандолы паветранага шара.
Яны ляцелі, пакідаючы за сабой бананавыя плантацыі, падобныя да акіяна, поўнага таямніцаў і ценяў, і ціша ўздымалася да іх выпарэннямі смерці. Фэрміна Даса прыгадала сябе малой дзяўчынкай — ёй было тры, сама больш чатыры гады, калі яна шпацыравала па змрочным лясным гушчары за руку з маці. Маці таксама выглядала зусім маладой сярод дам у муслінавых строях, як і яна, у газавых капелюшах і з белымі парасончыкамі. Аэранаўт, які кіраваў паветраным шарам, праз бінокль разглядаў наваколле. «Яны як мёртвыя», — раптам сказаў ён. І перадаў бінокль доктару Хувэналю Урбіна, і той убачыў калёсы сярод раллі з упрэжанымі валамі, межавыя слупы ўздоўж чыгункі, застылыя ірыгацыйныя каналы, і паўсюль, дзе толькі спыняўся позірк, ён бачыў раскінутыя целы людзей. Хтосьці сказаў, што зноў халера спусташае паселішчы ў раёне Сіенагі-Грандэ. Доктар Урбіна адказаў, не адводзячы вачэй ад бінокля:
— Гэта мусіць быць вельмі спецыфічны від халеры, бо ў кожнага чалавека ў патыліцы — след ад «кулі міласэрнасці».
Трохі пазней яны праляцелі над успененым морам і без асаблівых прыгодаў завершылі пасадку на спякотным пляжы, які паліў жывым полымем: уся зямля наўкола была раз’едзеная салетраю. Там іх сустрэлі прадстаўнікі мясцовых уладаў, што бараніліся ад сонца адно звычайнымі парасонамі. Вучні пачатковых школ размахвалі сцяжкамі ў такт гімна. Каралевы прыгажосці, з упрыгожаннямі з павялых красак і ў залатых каронах з кардону, пакутавалі ў чаканні, а побач стаяла гаспадыня папаевай плантацыі з заможнай сялібы Гайра, якая ў тыя часы была найлепшай на Карыбскім узбярэжжы. Фэрміна Даса хацела толькі пабываць яшчэ раз у роднай вёсцы, каб параўнаць існае з самымі даўнімі сваімі згадкамі, аднак ім не дазволілі гэтага зрабіць з-за халеры. Доктар Хувэналь Урбіна ўручыў гістарычнае пасланне губернатара, якое пазней назаўсёды згубілася сярод нікому не патрэбных паперак, а дэлегацыя ў поўным складзе ледзь не задыхнулася ад спякоты ды манатоннасці прамоў. Пры канцы ўрачыстасці гасцей павезлі на мулах да самае прыстані ў Пуэбла-Б’еха, дзе багна сыходзілася з морам, бо бартавы інжынер не здолеў зноў узняць паветраны шар. Фэрміна Даса была ўпэўненая, што зусім малой яна з маці праязджала па гэтым шляху ў фурманцы, запрэжанай валамі. Калі Фэрміна падрасла, яна неаднойчы распавядала бацьку пра гэта, але бацька так і памёр, перакананы, што яна ніяк не магла прыгадаць штосьці падобнае.
— Я насамрэч згадваю тую вандроўку, — сказаў ён, — але гэта было, найменей, за пяць гадоў да твайго нараджэння.
Удзельнікі экспедыцыі на паветраным шары вярнуліся ў родны порт праз тры дні, адпакутаваўшы ад жорсткага начнога шторму, і былі сустрэтыя, як героі. У натоўпе, зразумела, стаяў і Флярэнтына Арыса, які на твары Фэрміны Дасы ўгледзеў сляды змучанасці. Аднак крыху пазней, удзень, калі ён зноўку назіраў за ёю на выставе ровараў, таксама арганізаванай яе мужам, Фэрміна Даса выглядала так, нібыта стому рукой зняло. Яна праехала на неверагодным ровары, які б больш падыходзіў для цыркавых відовішчаў, з задужа высокім пярэднім колам, над якім яна сядзела, і з маленькім заднім, якое ледзьве спраўлялася з роляй апоры. З гэтай нагоды яна апранула шаравары з разрэзам і чырвонай аблямоўкай, што выклікала асуджэнне старэйшых дам і канфуз сярод мужчын, аднак ніхто не застаўся абыякавым да ейнага спрыту.