Гэты вобраз любай жанчыны, як і мноства іншых, якія раптоўна ўзнікалі цягам столькіх гадоў у памяці Флярэнтына Арыса, калі тое было заўгодна лёсу, ды гэтак жа раптоўна знікалі, развярэдзіў ягонае сэрца. Аднак успаміны тыя сталіся тычкамі на яго жыццёвым шляху, бо ён зведваў жорсткасць часу не гэтак праз старэнне ўласнага цела, як праз незаўважныя змены, якія ён адкрываў у Фэрміне Дасе пры кожнай сустрэчы.
Аднойчы ўвечары Флярэнтына Арыса зайшоў у «Шынок дона Санча» — рэстарацыю найвышэйшага кшталту ў каланіяльным стылі — і сеў за самы аддалены столік, як звычайна рабіў, калі самотна заходзіў сюды, каб з’есці яшчэ адзін птушыны падвячорак. І тут раптам ён убачыў Фэрміну Дасу ў вялікім люстры на задняй сцяне залы — яна сядзела за сталом з мужам і яшчэ дзвюма парамі, ды пад такім вуглом, што ён мог любавацца адлюстраваннем Фэрміны Дасы ва ўсёй яе прыгажосці. Яна вяла застольную гамонку грацыёзна, ейны смех выбухаў, нібы святочны феерверк, а гожасць здавалася ярчэйшай пад вялікай крышталёвай люстрай: Аліса зноў прайшла скрозь казачнае люстэрка.
Флярэнтына Арыса любаваўся ёю — глядзеў, стаіўшы подых, як яна ела, як ледзь пакаштавала віно, як жартавала з праўнукам дона Санча, заснавальніка рэстарацыі; Флярэнтына Арыса пражыў разам з ёю імгненне яе жыцця за сваім самотным столікам, тое імгненне, якое цягнулася цэлую гадзіну, ён няспешна прайшоўся, бы нябачны прывід, па запаветным краі яе прыватнага жыцця. Пасля выпіў яшчэ чатыры філіжанкі кавы, каб расцягнуць час, пакуль не заўважыў, што Фэрміна Даса са сваёй кампаніяй выходзіць з рэстарацыі. Яны прайшлі так блізка ад яго, што ён вылучыў водар парфумы Фэрміны Дасы сярод парфумаў ейных сябровак.
З гэтага вечара і амаль на працягу года Флярэнтына Арыса ўпарта трымаў у асадзе ўладальніка рэстарацыі, прапаноўваючы яму, што заўгодна, гатоўкай альбо ў іншым выглядзе на выбар, толькі б той прадаў яму люстэрка. Гэта было не так проста, бо чацвёрты ў радаводзе ўладальнікаў рэстарацыі стары дон Санча верыў у легенду пра тое, што нібыта разбяная рама, справа рук венскіх чырванадрэўшчыкаў, была ідэнтычнай раме, якая належала Марыі Антуанэце і знікла бясследна: размова ішла пра дзве ўнікальныя каштоўнасці. Калі ўладар рэстарацыі нарэшце здаўся, Флярэнтына Арыса павесіў люстэрка ў зале свайго дома, але не з прычыны непераўзыдзенай гожасці рамы — яго скарыла ўнутраная прастора люстэрка, якую любы вобраз займаў цягам цэлых дзвюх гадзін.
Амаль заўсёды, калі Флярэнтына бачыў Фэрміну Дасу, яна ішла пад руку з мужам у поўнай гармоніі, яны нібыта рушылі ў асаблівым полі у дзівоснай звязцы, уласцівай хіба што сіямскім блізнятам, якая парушалася, толькі калі віталі Флярэнтына. Сапраўды, доктар Хувэналь Урбіна паціскаў яму руку з сардэчнай цеплынёй і нават часамі дазваляў сабе папляскаць яго па плячы. Затое Фэрміна Даса прысудзіла яго да абыякавага рэжыму прынятых фармальнасцяў і ніколі не зрабіла ні найменшага жэсту, які дазволіў бы падазраваць жанчыну ва ўспамінах часоў яе дзявоцтва. Яны жылі ў адрозных сусветах, аднак калі ён спрабаваў скарачаць адлегласць паміж імі, яна не рабіла ніводнага кроку насустрач. Прайшло шмат часу перад тым, як ён насмеліўся падумаць, што абыякавасць Фэрміны Дасы магла быць толькі ахоўнай бранёй ад пачуццяў, якія яе пужалі. Гэтая думка ўзнікла раптам на цырымоніі хрышчэння першага рачнога карабля, які быў збудаваны на мясцовай верфі. З нагоды афіцыйнай цырымоніі Флярэнтына Арыса таксама ўпершыню прадстаўляў дзядзьку Леона XII у якасці першага віцэ-прэзідэнта параходнай кампаніі. Гэтае супадзенне надало святу асаблівую ўрачыстасць, і на караблі прысутнічалі ўсе, хто хоць нешта значыў у жыцці горада.
Флярэнтына Арыса прымаў гасцей у галоўным салоне карабля, які яшчэ захоўваў пахі свежае фарбы і бітуму, калі прычал выбухнуў воплескамі і духавы аркестр зайграў трыумфальны марш. Ён з цяжкасцю схаваў даўнія пачуцці, якія былі з ім амаль аднаго ўзросту, калі пабачыў жанчыну сваёй мары пад руку з мужам, гожую ў сваёй спеласці, якая праходзіла, нібыта каралева іншых часоў сярод ганаровага каравула ў параднай форме, пад яркімі стужкамі серпанціну і дажджом з жывых пялёсткаў, якія кідалі з вокнаў. Яны салютавалі ў адказ, аднак Фэрміна Даса была настолькі асляпляльнай, што, здавалася, стаіць адна перад натоўпам у залацістай вопратцы, якую насілі толькі манархі, у чаравіках на высокіх абцасах, з чарнабуркай на шыі і ў модным капелюшы, падобным да звона.