Выбрать главу

Флярэнтына Арыса чакаў іх на мастку побач з уладамі правінцыі, пад гукі музыкі, выбухаў феерверку і трох моцных гудкоў карабля, якія абдалі парай увесь прычал. Хувэналь Урбіна павітаў уладных асоб з толькі яму ўласцівай натуральнасцю, якая кожнага прымушала думаць, што доктар шануе яго неяк асабліва. Першым стаяў капітан карабля ў параднай форме, за ім паказаўся арцыбіскуп, далей былі губернатар з жонкай, алькальд, таксама з жонкай, і вайсковы камендант горада, які толькі што прыехаў з андыйскай правінцыі. Апошнім стаяў Флярэнтына Арыса ў строі цёмнага колеру, амаль непрыкметны сярод такіх вядомых асоб. Павітаўшы вайсковага каменданта, Фэрміна нібыта завагалася перад працягнутай рукой Флярэнтына. Вайсковец ужо быў гатовы іх прадставіць адно аднаму, і спытаў яе, ці яны знаёмыя. Яна не адказала ні так, ні не, але падала руку Флярэнтына з салоннай усмешкай. Тое ж самае здаралася двойчы ў мінулым і мусіла здарацца наперад, і Флярэнтына Арыса прымаў гэта як паводзі­ны, уласцівыя характару Фэрміны. Аднак на караблі ён раптам спытаў сябе, паддаючыся сіле свайго запаленага ўяўлення: ці не ёсць жорсткая абыякавасць папросту ўлоўкай, каб схаваць ад яго любоўныя пакуты?

Сама ідэя гэтага абудзіла ягоныя жарсці. Ён зноўку бадзяўся каля дома Фэрміны Дасы ў такім жа рамантычным парыве, як і шмат гадоў таму ў Евангельскім скверыку, аднак намер быў іншым: не прайсці, каб яна запрыкмеціла яго, а проста ўбачыць каханую, каб ведаць, што яна яшчэ жыве на белым свеце. Аднак пад тыя часы там цяжка было заставацца незаўважным. Квартал Ля-Манга быў ледзь не паўпустэльным востравам, аддзеленым ад гістарычнага цэнтра горада каналам, па якім цяклі пазелянелыя воды, з кустоўем ікака па берагах, дзе ў каланіяльныя гады па нядзелях знаходзілі прытулак закаханыя пары. Апошнім часам там разабралі каменны мост, збудаваны яшчэ іспанцамі, паставілі новы з бетону з шарападобнымі ліхтарамі і запусцілі па ім трамвай на мулах. Напачатку жыхарам Ля-Мангі давялося цярпець пакуты, не прадугле­джаныя праектам, — яны спалі паблізу першае ў горадзе электрастанцыі, — яе вібрацыя нагадвала няспынны землятрус. Нават доктар Хувэналь Урбіна з усёй ягонай уладай не здолеў дабіцца, каб станцыю перанеслі ў такое месца, дзе б яна нікому не замінала, пакуль не ўмяшалася Воля Нябёсаў, спрычыненасць доктара да якой была агульнавядомым фактам. Аднойчы ўначы кацёл станцыі выбухнуў, праляцеў са страшнай сілай над новымі дамамі, перасёк паўгорада і разваліў вялікую галерэю старажытнага манастыра Святога Юліяна Гасціннага. Стары будынак быў закінуты яшчэ да выбуху і пуставаў цэлы год, але кацёл забіў адразу чатырох вязняў, якія той ноччу ўцяклі з мясцовай турмы і хаваліся ў капліцы.

Ціхае прадмесце з добрымі традыцыямі кахання перастала быць прывабным для закаханых з таго часу, як ператварылася ў квартал багацеяў. Вуліцы пыліліся ўлетку, ператвараліся ў багну ўзімку і былі пустэльнымі круглы год, рэдкія дамы патаналі ў зеляніне садоў, мазаічныя тэрасы, нібыта зробленыя наўмысна, каб патаемныя закаханыя ўпадалі ў адчай, замянілі сабой лёгкія балконы з каванай аздобай. На шчасце, тады сталася модным наймаць старажытны экіпаж, перароблены пад аднаго каня, і катацца ўвечары. Маршрут завяршаўся на ўзгорку, адкуль можна было назіраць нібыта разадраны кастрычніцкі захад сонца лепш, чым з вежы маяка, і людзі бачылі асцярожных акул, якія сачылі за пляжам семінарыстаў, а ў чацвер — аграмадны белы трансатлантычны карабель, да якога можна было амаль дакрануцца, калі ён праходзіў па канале порта. Звычайна Флярэнтына Арыса наймаў экіпаж пасля працоўнага дня ў канторы, але ён не апускаў верх, як было прынята ў сезон спякоты, а заставаўся ў глыбіні сядзення, нябачны ў цяні, заўсёды самотны, заўжды мяняючы маршрут, каб не ўзбудзіць дурных думак у рамізніка. Насамрэч шпацыры цікавілі Флярэнтына адным: партэнонам з ружовага мармуру, які хаваўся сярод густой зеляніны платанавых дрэў і кустоўя манга, партэнонам, які бездапаможна паўтараў ідылічныя палацы сярод бавоўнавых плантацый Луізіяны. Дзеці Фэрміны Дасы вярталіся дамоў а пятай альбо крыху раней. Флярэнтына Арыса назіраў, як яны набліжаліся да дома ў фамільнай пралётцы, потым бачыў, як доктар Хувэналь Урбіна выязджаў на штодзённыя візіты да хворых, але амаль за год ягоных назіранняў ні разу не ўгледзеў вобраз, пра які марыў.

Аднойчы ўвечары ён настаяў на самотным катанні, нягле­дзячы на чэрвеньскую навальніцу, якая вось-вось мусіла пачацца. Тады конь паслізнуўся ў гразі ды ўпаў. Флярэнтына Арыса з жахам усвядоміў, што яны знаходзяцца дакладна перад домам Фэрміны Дасы, і маліў рамізніка прыдумаць што-кольвек, упусціўшы, што яго адчай мог выдаць сапраўдную мэту шпацыру.