— Я зразумела гэта, калі зірнула на цябе ў шпіталі, доктар, — патлумачыла яна. — Я негрыцянка, але ж не пачвара.
Іхныя адносіны складаліся далёка не проста. Сеньярыта Лінч хацела мець незаплямленую годнасць, хацела ўпэўненасці ў каханні, і лічыла, што цалкам гэтага заслугоўвае. Доктару Урбіна яна дазваляла ўсяляк спакушаць яе, але не заходзячы, аднак, у спальню нават у тых выпадках, калі яна была адна ў доме. Самае большае, што яна дазваляла яму, быў паўтор цырымоніі агляду, мацанне і праслухоўванне, як ён хацеў, з этычнымі парушэннямі, але не здымаючы з яе вопраткі. Са свайго боку, праглынуўшы кручок, ён не мог выпусціць нажыўку і таму не спыняўся, круціўся ля яе штодня. З прычын чыста практычнага плана працяглая сувязь з сеньярытай была амаль немажліваю, аднак доктар выявіўся занадта слабавольным, каб спыніцца своечасова, таксама як пазней яму не хапіла духу працягваць. Ён проста дайшоў да межаў мажлівасці.
Пастар Лінч жыў даволі неўпарадкаваным жыццём. Ён мог з’ехаць з дому ў любы момант на муле, нагружаным бібліямі і брашурамі Евангелічнай царквы з аднаго боку, і з прадуктовымі прыпасамі з другога, а вяртаўся, калі гэтага менш за ўсё чакалі. Яшчэ адной перашкодай была школа насупраць, бо дзеці распявалі на занятках, гледзячы ў акно на вуліцу. І лепш за ўсё бачылі дом насупраць, яго адчыненыя з шасці гадзін раніцы дзверы і вокны, сеньярыту Лінч, калі яна вешала клетку пад навесам даху, каб івалга таксама засвойвала ўрокі спеваў, бачылі яе ў адмысловым пярэстым турбане, і яна таксама спявала сваім бліскучым карыбскім голасам, займаючыся хатнімі справамі. Пазней, седзячы пад порцікам, яна спявала вечаровыя псальмы на ангельскай мове сола.
Доктар Хувэналь Урбіна і сеньярыта Барбара Лінч мусілі абраць час, калі школа пуставала, а таму мелі дзве мажлівасці: у перапынку на абед, паміж дванаццаццю і дзвюма, але ў гэты час доктар абедаў дома, альбо напрыканцы дня, калі дзеці разыходзіліся па дамах. Апошні варыянт быў лепшым, але да гэтага часу доктар ужо завяршаў візіты і неўзабаве мусіў вяртацца дамоў, бо там па традыцыі ўвечары збіраліся разам. Трэцяя і найцяжэйшая праблема хавалася ва ўласным сацыяльным становішчы, якое змушала ездзіць на візіты ў пралётцы, даволі вядомай у горадзе, якая мусіла заўсёды чакаць яго каля дзвярэй. Зразумела, ён мог адкрыць таямніцу рамізніку, як рабілі амаль усе ягоныя сябры па клубе, аднак гэта выходзіла за межы яго звычаяў. Калі візіты да сеньярыты Лінч сталіся надта відавочнымі, дайшло да таго, што фамільны ліўрэйны рамізнік асмеліўся спытаць, ці не лепш для яго вяртацца па доктара пазней, каб не стаяць так доўга каля дзвярэй. Доктар Урбіна адрэагаваў дзіўным чынам: адказаў рамізніку, як адрэзаў:
— З тае пары, як я цябе ведаю, упершыню чую ад цябе не тое, што трэба, — рэзка сказаў ён. — Будзем лічыць, што я не пачуў.
Выйсця не было. У такім горадзе здавалася немажлівым хаваць ад людзей хваробу, калі пралётка доктара стаяла каля дзвярэй. Часамі сам лекар браў ініцыятыву на сябе і ішоў пешшу, калі адлегласць дазваляла, альбо наймаў экіпаж, каб пазбегнуць наўмысна злых альбо дачасных меркаванняў. Аднак падман практычна нічога не даваў, бо рэцэпты, якія траплялі ў аптэку, заўсёды дазвалялі дазнацца праўду. Даходзіла да таго, што доктар Хувэналь Урбіна прапісваў уяўныя лекі разам з патрэбнымі, каб абараніць святое права хворых на ціхую смерць і на тое, каб знесці таямніцу хваробы ў магілу. Доктар таксама меў мажлівасць апраўдваць прысутнасць пралёткі каля дома сеньярыты Лінч рознымі сумленнымі спосабамі, але гэта не магло доўжыцца доўга. Тым больш столькі, колькі б ён хацеў: усё жыццё.
Свет ператварыўся ў апраметную. Як толькі доктар Хувэналь Урбіна задаволіў першаснае шаленства, абое ўсвядомілі рызыку, але доктар ніколі не адважыўся пайсці на скандал. У фебрыльных трызненнях ён абяцаў сабе што заўгодна, але потым усё праходзіла і нанава вярталася на заганнае кола. Аднак паступова, як расло жаданне быць з ёю, рос і страх страціць яе, і сустрэчы сталіся больш паспешлівымі і цяжкімі. Hi пра што іншае ён не думаў. Доктар Урбіна чакаў на свой час з невыноснаю жарсцю, ён забываўся на іншыя абавязкі, забываўся на ўсё, але калі пралётка набліжалася да заліва Дурнога Выхавання, ён маліў Госпада Бога, каб у апошнюю хвілю непрадбачаная перашкода не змусіла яго прамінуць яе дом. Ён ездзіў да яе ў такім стане адчаю, што часам нават радаваўся, угледзеўшы з перакрыжавання вуліц сівую, як бавоўна, галаву пастара Лінча, схіленую над кніжкай на тэрасе, у той час як дачка ў зале навучала катэхізісу дзяцей квартала і спявала з імі евангельскія псальмы. Тады доктар ад’язджаў дамоў на вяршыні шчасця, пазбаўлены неабходнасці выпрабоўваць лёс, але пазней страчваў розум ад жарснага жадання, каб тут жа настаў заўтрашні дзень і гадзіна, і гэта паўтаралася штодня а пятай па абедзе.