Любоўныя сустрэчы зрабіліся для яго цяжарам, калі пралётка ля дзвярэй стала ўжо занадта заўважнай, і праз тры месяцы ператварыліся ў суцэльную пакуту. Яны не паспявалі нават пагаманіць, сеньярыта Лінч бегла ў спальню, як толькі яе пякельны палюбоўнік уваходзіў у дом. Яна пускала ў ход розныя хітрыкі, у дні чакання апранала шырокую, вельмі гожую ямайскую сукенку з чырвонымі кветкамі на фальбонках, але без сподняй, на аголенае цела, думаючы, што лёгкасць задачы дапаможа яму пазбавіцца страху. Аднак доктар зводзіў на нішто ўсе яе намаганні, накіраваныя на тое, каб зрабіць яго шчаслівым. Ён ішоў за ёю, задыхаючыся, да спальні, кідаючы на хадзе куды заўгодна кій, партфель лекара, панаму, — словам, усё, і аддаваўся панічнай любові. Спушчаныя штаны блыталіся ля каленяў, пінжак заставаўся зашпіленым, каб менш замінаў, залаты ланцужок з гадзіннікам боўталіся між імі не да месца, нават чаравікі ён не здымаў, напружана думаючы больш пра тое, як бы хутчэй пайсці, чым пра ўцеху. Яна заставалася незадаволенай, нанава ўваходзячы ў тунэль уласнай самоты. А ён ужо зноўку зашпільваўся на ўсе гузікі, знясілены, быццам бы любіў яе ўсімі пачуццямі на мяжы жыцця і смерці, у той час калі насамрэч рабіў немалаварты, але скамечаны фізічны подзвіг. Аднак доктар захоўваў распарадак: подзвіг займаў роўна столькі, колькі трэба было для шараговай унутрывеннай ін’екцыі. Пасля гэтага доктар вяртаўся дамоў, саромеючыся сваёй слабасці, з жаданнем памерці, кідаючы праклёны сабе за адсутнасць мужнасці прасіць Фэрміну Дасу, каб тая зняла з яго штаны і ўсадзіла голым азадкам на патэльню. Ён не вячэраў, маліўся няўпэўнена, прыкідваўся, нібыта ў ложку працягвае чытанне, пачатае падчас сіесты, пакуль жонка завіхалася па доме, прыводзячы свой свет у парадак перад сном. Неўзабаве ён дзюбаў носам над кніжкай і патанаў у немінучых мангавых зарасцях трызненняў пра сеньярыту Лінч, у выпарэнні ляснога гушчара, у ложку ягонае смерці. Тады ён не мог думаць больш ні пра што, апрача як пра тую хвіліну наступнага дня, калі ягоны гадзіннік пакажа без пяці хвілін пяць, і яна будзе чакаць яго ў пасцелі, адкінуўшы вар’яцкую ямайскую сукенку, агаляючы пяшчотны ды цёмны ўзгорак, які замыкаў апраметнае кола яго жарснага прыцягнення.
У апошнія гады доктар Хувэналь Урбіна пачаў адчуваць вагу ўласнага цела. Ён ведаў гэтыя сімптомы, чытаў пра іх у спецыяльных тэкстах, бачыў, як яны пацвярджаліся ў рэальным жыцці ў пацыентаў, якія былі старэйшыя за яго, і раптам у іх пачыналі праяўляцца дакладныя, нібыта скапіяваныя з медыцынскіх кніжак сіндромы, якія пазней выяўляліся ўяўнымі. Ягоны настаўнік па дзіцячай клініцы Ля Сальпетрыер рэкамендаваў яму педыятрыю як самую сумленную спецыяльнасць, бо толькі дзеці хварэюць, калі насамрэч хворыя, і не гавораць доктару ўмоўных слоў, а дэманструюць канкрэтныя сімптомы рэальных хваробаў. Затое людзі сталага веку альбо знаходзілі ў сябе сімптомы, але не хварэлі, альбо, што яшчэ горш, пакутавалі на цяжкія хваробы, якія праяўляліся праз сімптомы іншых, бяскрыўдных хваробаў. Доктар Урбіна адводзіў іх, сцішаючы боль сродкамі, спасылкамі на ўзрост, і паступова яны вучыліся не звяртаць увагі на недамаганні, суіснаваць з імі на сметніку старасці. Але доктар Урбіна ніколі б не падумаў, што лекар ягоных гадоў, які нібыта ўсялякае бачыў у жыцці, не здольны пераадолець трывожнага пачуцця хваробы, сапраўды не хварэючы. Альбо горш: не лічыць сябе хворым, кіруючыся навуковымі прымхамі, будучы насамрэч хворым. У веку сарака гадоў доктар напаўжартам сказаў сваім студэнтам: «Адзінае, што мне патрэбна ў гэтым жыцці — чалавек, які б мяне разумеў». Але калі ён заблытаўся ў лабірынце пачуццяў да сеньярыты Лінч, ён ужо думаў пра гэта не на жарт.
Рэальныя і ўяўныя сімптомы старэйшых пацыентаў акумуляваліся ў целе доктара Урбіна. Ён адчуваў форму ўласнай печані з такой яснасцю, што мог вызначыць яе памеры, не мацаючы яе. Ён адчуў буркатанне санлівага ката ў сваіх нырках, нібыта сваімі вачыма бачыў пераліўчаты бляск жоўцевага пухіра, да яго даходзіла цурчанне крыві ў артэрыях. Часам доктар прачынаўся на золку, задыхаючыся, як рыбіна на сушы. Ён адчуваў ваду ў сэрцы. Бывала, што здараўся імгненны збой у сардэчным рытме, быццам бы затрымка на адзін удар, — так часамі фальшывілі ягоныя аднакласнікі ў школе, граючы вайсковы марш, — і гэта паўтаралася, але затым ён адчуваў, што рытм узнаўляецца, бо Бог вялікі. Але замест таго, каб карыстацца тымі самымі паліятыўнымі сродкамі, якія ён прапісваў сваім хворым, доктар апускаўся ў бездань жаху. Праўда ж таілася ў тым, што доктар Урбіна ў сваіх пяцьдзясят восем гадоў сапраўды адчуваў патрэбу ў чалавеку, які б яго зразумеў. У выніку ён звярнуўся да Фэрміны Дасы, якая яго кахала як мае быць, і якую ён кахаў больш за ўсё на свеце, з ёю ён знаходзіў спакой, і праз яе здолеў нарэшце супакоіць сваё сумленне.