Калі запалілі святло, Флярэнтына Арыса даў час падняцца іншым гледачам. Затым павольна ўстаў, рассеяна павярнуўся, звыкла зашпільваючы камізэльку, і ўсе чацвёра аказаліся твар да твару, ды так блізка, што міжволі мусілі павітаць адно аднаго, няхай нават хтосьці з іх і не хацеў гэтага. Хувэналь Урбіна павітаў спачатку Леону Касіяні, якую добра ведаў, а потым са звычайнай вытанчанасцю працягнуў руку Флярэнтына Арысу. Фэрміна Даса накіравала ім усмешку ветлівасці. Ва ўсялякім разе, гэта была ўсмешка жанчыны, якая часцяком бачыла іх, ведала, хто яны такія, і ёй не трэба было, каб іх ёй прадставілі. Леона Касіяні адказала з грацыёзнасцю мулаткі. Затое Флярэнтына Арыса не ведаў, як паводзіць сябе, ашаломлены выглядам Фэрміны Дасы.
Гэта была іншая жанчына. Флярэнтына Арыса не знайшоў ні следу ад страшнай і моднай хваробы на яе твары, ні слядочку ад іншых і яму вядомых захворванняў, цела Фэрміны Дасы захоўвала прыкметы прыгажосці лепшых часоў, але было відавочна, што апошнія два гады даліся ёй за дзесяць. Ёй была да твару кароткая стрыжка з выгінам крыла каля шчакі, але колішні мядовы колер валасоў ужо стаўся алюмініевым, гожыя пранізлівыя вочы страцілі палову свайго святла праз бабульчыны акуляры. Флярэнтына Арыса бачыў, як яна аддалялася пад руку з мужам у натоўпе, што пакідаў залу кінематографа, і здзівіўся, што Фэрміна Даса з’явілася на вачах у публікі ў старой хустцы і хатніх чаравіках. Аднак больш за ўсё яго ўсхвалявала, што мужу трэба было трымаць яе за локцік, каб накіраваць да выхаду, і нават так яна не разлічыла вышыні прыступак перад дзвярыма і ледзь не ўпала.
Флярэнтына Арыса быў вельмі чулы да гэтых цяжкасцяў сталага веку. Яшчэ ў маладосці ён перапыняў чытанне вершаў у скверыках горада і назіраў за парамі старых людзей, за тым, як яны дапамагалі адно аднаму перайсці вуліцу, і гэта была навука жыцця, якая дазваляла яму спрычыняцца да законаў немінучай уласнай старасці. Ён падумаў, што ва ўзросце доктара Хувэналя Урбіна, якім ён бачыў яго ў кіно, мужчыны нібыта квітнелі восеньскай маладосцю. Яны здаваліся больш высакароднымі з першай сівізной, выпраменьвалі спакуслівасць дасведчаных мужчын. Асабліва ў вачах маладых жанчын, а іх завялыя жонкі шукалі апору ў руцэ мужа, каб не спатыкацца нават аб уласны цень. Праз некалькі гадоў, аднак, перад мужамі раптоўна раскрывалася бездань жахлівай старасці цела і душы. Тады ачунялыя жонкі вялі іх за руку, як сляпцоў, што стаяць на цвінтары, і шапталі ім на вуха, каб не раніць іх мужчынскую годнасць, просячы быць уважлівым, маўляў, наперадзе — тры прыступкі, а не дзве, пасярод вуліцы вялізная лужына, а той пак, што ляжыць на ходніку, гэта памерлы жабрак. І жанчыны, няхай з цяжкасцю, дапамагалі ім перайсці вуліцу, нібыта знаходзілі адзіны брод у апошняй рацэ жыцця. Флярэнтына Арыса неаднойчы глядзеў на сябе ў тым люстэрку, ён больш за ўсё баяўся страшнага ўзросту, калі жанчына вяла б яго пад руку. Ён ведаў, што тады і толькі тады мусіць адмовіцца ад надзеі, імя якой Фэрміна Даса.
Сустрэча ў кіно яго абудзіла. Замест таго, каб адвезці Леону Касіяні на пралётцы, ён праводзіў яе пешшу праз старажытную частку горада, дзе крокі гучалі, нібыта капыты па брукаванцы. Часам з адчыненых балконаў даносіліся абрыўкі фраз, алькоўныя шчырасці, усхліпы любові, перабольшаныя прывіднай акустыкай і цёплым водарам язміну ў сонных завулках. Яшчэ раз Флярэнтына Арыса мусіў сабраць усе сілы, каб не распавесці Леоне Касіяні пра каханне да Фэрміны Дасы. Яны ішлі пад руку марудным крокам, нібыта здаўна заручаныя, яна думала пра пякноты Кабірыі, ён — пра ўласнае няшчасце. На адным з балконаў Мытнага Пляца спяваў мужчына, і песня паўтаралася ў прасторы ланцугом адгалоскаў: «Калі я прайшоў па хвалях бязмежнага мора...» На вуліцы Каменных Святых, якраз перад развітаннем на парозе яе дома, Флярэнтына Арыса папрасіў Леону Касіяні, каб яна запрасіла яго на кілішак брэндзі. Ён прасіў пра гэта ў падобнай сітуацыі двойчы. Упершыню, дзесяць гадоў таму, яна адказала: «Калі ты ўвойдзеш зараз, мусіш застацца назаўсёды». Тады ён не ўвайшоў. Аднак на гэты раз ён так ці інакш выкарыстаў бы прапанову, нават калі б давялося парушыць дадзенае слова. Аднак Леона Касіяні запрасіла яго без якіх-кольвек умоў.