Выбрать главу

Флярэнтына Арыса, са свайго боку, сутыкнуўся з хітрыкамі старасці жорстка і дзёрзка, хоць ён ведаў, што дзіўны лёс зрабіў яго падобным да старога ўжо з маленства. Напачатку гэта было неабходна. Трансыта Арыса разбірала вопратку, падкінутую ягоным бацькам, і перашывала сыну, так што ён хадзіў у пачатковую школу ў сурдутах, якія падмяталі падлогу, калі ён садзіўся, у міністэрскіх капелюшах, якія спаўзалі на вушы нягледзячы на тое, што маці змяншала іх памер, набіваючы вату пад падкладку. Апрача таго, ён насіў акуляры ад блізарукасці з пяці гадоў, а яго валасы былі непаслухмяныя, як у маці, грубыя, як конскі волас; выгляд Флярэнтына Арысы ні аб чым не казаў. На шчасце, пасля неверагоднага вэрхалу ў калідорах улады з прычыны шматлікіх грамадзянскіх войнаў, якія ішлі адна за адной, школьныя крытэрыі былі не асабліва суворымі, дзеці розных сацыяльных становішчаў перамяшаліся ў дзяржаўных школах. Яшчэ зусім зялёныя малыя прыходзілі ў клас з пахам барыкаднага пораху, у форме паўстанцкіх афіцэраў са знакамі адрознення, якія былі заробленыя пад свінцовымі кулямі ў сумнеўных баях, з уласнай зброяй, якая тырчала з-пад пасу. На перапынках яны ладзілі перастрэлкі пры самай малой спрэчцы, пагражалі настаўнікам за благія вынікі на іспытах. Адзін з іх, вучань трэцяга класа ў школе Ля-Салье, ён жа палкоўнік апалчэнцаў у адстаўцы, лоўкім стрэлам забіў пробашча Хуана Эрэміта за тое, што на занятках катэхізіса той сказаў, нібыта Бог быў дзейсным сябрам кансерватыўнае партыі. Аднак дзеці збяднелых слынных сямей апраналіся, нібыта старажытныя прынцы, а найбяднейшыя з іх хадзілі босымі. На фоне ўсіх гэтых дзівосаў Флярэнтына Арыса займаў месца ўсё ж у трупе найбольш экстравагантных школьнікаў, хоць не настолькі, каб звяртаць на сябе чыюсьці пільную ўвагу. Самае крыўднае, што ён чуў на свой адрас, было кімсьці кінутае на вуліцы: «Бедны, брыдкі, да салодкага кідкі». Так ці інакш, вопратка магільшчыка ўжо тады і да канца жыцця найбольш пасавала да яго загадкавай натуры і змрочнага характару. Калі Флярэнтына Арыса ўпершыню ўступіў на высокую пасаду ў параходнай кампаніі, ён замовіў строі ў тым жа стылі, што і бацька, які яму згадваўся старым чалавекам, хоць памер у ганаровым узросце Хрыстовым — трыццаці трох гадоў ад нараджэння. Флярэнтына Арыса заўсёды выглядаў старэйшым, чым быў насамрэч. Настолькі, што языкастая Брыхіда Сулета, мімалётная каханка, якая заўжды гаварыла праўду, сказала яму, не задумваючыся, што з першага дня ён больш падабаўся ёй, калі распранаўся, бо аголеным Флярэнтына Арыса скідваў дваццаць гадоў. Аднак ён не здолеў пазбавіцца ад старой звычкі, па-першае, праз свой густ, які не дазваляў апранацца інакш, а па-другое, праз тое, што ніхто толкам не ведаў, які стыль вопраткі патрабуецца, каб выглядаць маладзейшым у дваццаць гадоў, хоць адкрый шафу і апрані кароткія штонікі, дзіцячую бесказырку. Да таго ж, ён сам не мог абыходзіцца без усведамлення свайго ўзросту, так што калі ён заўважыў, што Фэрміна Даса спатыкнулася каля выхаду з кіно, яго ўзрушыла цалкам натуральная думка, нібыта бліскавіца жаху, — гэтая блядская смерць немінуча пераможа ў жорсткай вайне за каханне.

Якраз тады Флярэнтына Арыса ўжо завершыў другую баталію не за жыццё, а за смерць, і ён прайграў яе бясслаўна, бо змагаўся ні з чым іншым, як з аблысеннем. Ён упершыню прыкмеціў зблытаныя валасы на грабеньчыку, і ўсвядоміў, што асуджаны на пекла, пакутаў якога не разумеюць тыя, хто гэтага не перажываў. Флярэнтына супраціўляўся гадамі. Не было мазяў і супрацьгрыбковых сродкаў, якіх бы ён не выпрабаваў і ў якія б ён не верыў, не было пакутаў, якіх бы ён не перажыў, абараняючы кожную цалю галавы ад ненажэрнага спусташэння. Ён вывучыў на памяць інструкцыі «Брыстальскага альманаха сельскай гаспадаркі», бо аднойчы чуў ад кагосьці, што рост валасоў непасрэдна залежыць ад тых самых цыклаў, што і ў збожжавых раслін. Ён перастаў хадзіць да свайго сталага цырульніка, валадара шыкоўнае лысіны, і памяняў яго на замежніка, які нядаўна прыехаў у горад і стрыг толькі ў тыя дні, калі месяц уваходзіў у чвэрць маладзіка. Новы цырульнік ужо давёў выдатнае ўздзеянне сваёй рукі, як раптам высветлілася, што яго шукае паліцыя некалькіх антыльскіх краін за згвалтаванне паслушніцы. Яго звезлі ў кайданах.