Дзядзька Леон XII займаўся дэталямі аперацыі, нібыта рэзаць збіраліся яго. Ён меў асаблівую цікавасць да зубных пратэзаў, якая ўзнікла падчас яго першых вандровак па рацэ Магдалене, праз яго маніякальнае захапленне бэльканта. Аднойчы пад поўняй на падыходзе да порта Тамары дзядзька Леон XII пайшоў у заклад з нямецкім каморнікам, маўляў, ён абудзіць жыхароў сельвы неапалітанскім рамансам з капітанскага мастка. І ледзь не выйграў. У рачным змроку ўзляцелі чаплі над багнай, раздаліся ўдары каймана хвастом па вадзе, з перапуду біліся рыбіны-шалёнкі, нібыта спрабавалі скочыць на бераг, аднак на самай высокай ноце, калі пасажыры баяліся, што ў яго ад напругі лопнуць артэрыі, зубны пратэз быў выкінуты з рота сілай заключнага выдыху і патануў у вадзе.
Карабель затрымаўся ў порце Тэнэрыфэ на тры дні, пакуль яму тэрмінова рабілі другі пратэз. Ён падышоў выдатна. Аднак на зваротным шляху, спрабуючы патлумачыць капітану, як ён згубіў папярэдні пратэз, дзядзька Леон XII набраў поўныя лёгкія гарачага паветра сельвы і выдаў найвышэйшую ноту, на якую быў здольны, зноўку нагнаўшы страх на кайманаў, якія загаралі, гледзячы неміргаючымі вачыма на карабель, што праходзіў міма, і... зноў плынь аднесла новенькі пратэз. З тае пары ён трымаў дублікаты пратэза паўсюль — у розных месцах дома, у скрыні пісьмовага стала і на борце кожнага з трох караблёў кампаніі. Апрача таго, калі абедаў дзе-кольвек па-за домам, запасныя зубы заўсёды былі пры ім у скрыні з-пад таблетак ад кашлю, бо аднойчы пратэз трэснуў, калі ён спрабаваў разжаваць скварку на пікніку. Баючыся, што пляменнік стане ахвярай падобных непрыемнасцяў, дзядзька Леон XII загадаў доктару Аданаю зрабіць адразу два пратэзы: адзін з таннейшых матэрыялаў на кожны дзень і другі для выхадных і святаў — з залатымі іскрынкамі на карэнных зубах, якія б упрыгожвалі ўсмешку і прыдавалі твару пляменніка выраз шчырасці. У вербную нядзелю, усхваляваны святочнымі перазовамі званоў, Флярэнтына Арыса нарэшце выйшаў на вуліцу ў новым абліччы, і беззаганная ўсмешка пакідала ў яго пачуццё, нібыта яго месца заняў нехта іншы.
Якраз у той час памерла маці, і Флярэнтына Арыса застаўся адзін у доме, у кутку, які як найлепш падыходзіў для кахання, бо хаця вуліца і была досыць далікатная, мноства вокнаў усё ж змушала думаць пра лішнія вочы за фіранкамі. Аднак у доме ўсё было зроблена дзеля шчасця Фэрміны Дасы, і толькі яна дачакаецца яго, так што Флярэнтына Арыса палічыў за лепшае страчваць шматлікія мажлівасці на працягу самых плённых гадоў, але не запляміў дом іншай любоўю. На шчасце, кожная новая прыступка у параходнай кампаніі прымяркоўвала новыя прывілеі, перадусім негалосныя, і самая карысная з іх была ў мажлівасці выкарыстоўваць офіс уначы альбо ў выхадныя і святочныя дні з маўклівае згоды вартаўніка. Аднойчы, калі Флярэнтына Арыса быў ужо віцэ-прэзідэнтам, ён любіўся з дзяўчынай, якая дзяжурыла ў нядзелю, на канторскім крэсле, калі раптам адчыніліся дзверы. Дзядзька Леон XII зазірнуў, нібыта пераблытаўшы офісы, і паглядзеў на спужанага пляменніка паўзверх акуляраў. «Карамба, — сказаў дзядзька без здзіўлення, — ты такі ж, як твой бацька! — І перад тым, як зачыніць дзверы, дадаў з рассеяным паглядам: — А вы, дзяўчына, працягвайце. Клянуся сумленнем, я не бачыў вашага твару».
Пра гэта больш не гаманілі, але ўвесь наступны тыдзень у кабінеце Флярэнтына Арысы немажліва было працаваць. У панядзелак з’явіліся чародкай электрыкі, каб прыладзіць лопасны вентылятар да столі. Слесары прыйшлі без папярэджання і нарабілі шуму, уразаючы новы замок, каб дзверы зачыняліся знутры. Сталяры знялі меркі, не тлумачачы, навошта, мэбляры прынеслі ўзоры тканіны і праверылі, ці пасуюць яны да шпалераў кабінета, а праз тыдзень даставілі аграмадную дзвюхспальную канапу, абіўку якой упрыгожвалі пышныя кветкі. Канапа ўсё-ткі не ўлезла ў дзверы, і давялося зацягваць яе праз акно. Людзі працавалі ў самы нечаканы час, паводзілі сябе нахабна, як здалося Флярэнтына Арысу, — на любы яго пратэст адказ быў адзіны: «Гэта загад генеральнай дырэкцыі». Ён губляўся ў здагадках, ці было падобнае ўмяшальніцтва ветлівасцю дзядзькі і паблажлівага стаўлення да яго бурлівых любоўных прыгодаў, альбо ва ўласцівай яму манеры ён даваў зразумець, што не ўхваляе легкадумных паводзінаў. Флярэнтына Арысу нават да галавы не прыйшло, што дзядзька Леон XII заахвочваў яго, бо да яго таксама дайшлі чуткі, што пляменнік не падобны да бальшыні мужчын у сваіх сэксуальных звычках, і гэта наганяла сум на дзядзьку, перашкаджаючы пляменніку на шляху да лёсу адзінага пераемніка.