Гэта было яго апошняе рашэнне. Ён больш не гаварыў пра справы, не раздаваў парадаў, не страціў ніводнага воласа з сваёй густой шавялюры, ні кроплі яснасці розуму, але зрабіў усё мажлівае, каб пазбегнуць сустрэчы з тымі, хто мог глядзець на яго са шкадаваннем. Ён праводзіў дні ў назіранні спрадвечных снягоў з тэрасы, марудна гойдаўся ў венскім гамаку каля століка, на якім служанкі заўсёды трымалі гарачай каву і шклянку содавага раствору з двума зубнымі пратэзамі, якімі ён карыстаўся толькі для прыёму наведнікаў. Ён зрэдчас бачыўся з сябрамі і гаварыў адно што пра далёкае мінулае, задоўга да пачатку рачной навігацыі. Аднак у яго ўзнікла новая тэма: ён пажадаў, каб Флярэнтына Арыса ажаніўся. Стары выказваў гэтую думку заўсёды ў аднолькавай форме.
— Мне б скінуць з сябе пяцьдзясят гадоў, — паўтараў ён, — я б пайшоў пад вянец са сваёй цёзкай Леонай. Уявіць сабе не магу лепшай жонкі.
Флярэнтына Арыса дрыжаў ад аднае думкі, што намаганні ўсяго жыцця могуць быць змарнаваныя ў апошнюю хвілю праз нечаканую ўмову старога. Ён, хутчэй, адмовіўся б ад спадчыны, выкінуў бы ўсё за борт, памёр бы, чым здрадзіў Фэрміне Дасе. На шчасце, дзядзька Леон XII так і не настаяў на сваім. Калі яму стукнула дзевяноста два гады, ён прызнаў пляменніка адзіным нашчадкам і здаў свае паўнамоцтвы.
Праз шэсць месяцаў партнёры аднадушна прызначылі Флярэнтына Арысу прэзідэнтам рады прадпрыемства і генеральным дырэктарам. У дзень уступлення пляменніка на пасаду стары адстаўны леў узняў кубак шампанскага, перапрасіў за тое, што выступае, седзячы ў гамаку, і зымправізаваў кароткую прамову, блізкую да элегіі. Ён сказаў, што ягонае жыццё пачалося і завяршаецца поўнымі сэнсу падзеямі. Напачатку Вызваліцель узяў яго на рукі ў сялібе Турбака, калі завяршаў нешчаслівую вандроўку, якая прывяла яго да смерці. Другая падзея адзначалася тым, што, нягледзячы на ўсе супярэчлівасці лёсу, ён знайшоў годнага паслядоўніка і нашчадка. Напрыканцы прамовы, спрабуючы адвесці напругу ад ягонай асабістай драмы, ён дадаў:
— Адзінай няўдачай у маім жыцці я лічу тое, што, праспяваўшы за сваё доўгае жыццё на шмат чыіх пахаваннях, я, пэўна, не здолею праспяваць на ўласным.
На фінал цырымоніі ён заспяваў арыю Тоскі «Бывай, жыццё». Спяваў а капэла, як яму больш падабалася, і ягоны голас быў яшчэ моцны. Флярэнтына Арыса ўсхваляваўся, але наўрад ці хто заўважыў дрыжыкі ў ягоным голасе, калі ён дзякаваў дзядзьку. У адпаведнасці з ягонымі намаганнямі і задумаю жыцця, Флярэнтына Арыса дасягнуў вяршыні ў жорсткай барацьбе з адзінай мэтай — дажыць здаровым да моманту, калі Фэрміна Даса раздзеліць з ім лёс.
Аднак успаміны не толькі пра яе суправаджалі яго ўначы на свята, якое зладзіла Леона Касіяні. Ён прыгадаў усіх: і тых, хто знайшоў спачын на могілках пад кустоўем пасаджаных ім ружаў, і тых, хто яшчэ дзяліў падушку са сваімі мужамі, чые рогі прыгожа залаціліся пры святле поўні. У адсутнасць адной-адзінай ён хацеў быць з усімі адначасна, як бывала ў моманты перапуду і хвалявання. Нават у найцяжэйшыя часы, у горшыя хвіліны ён падтрымліваў хоць слабую сувязь са шматлікімі палюбоўніцамі на працягу многіх гадоў: заўсёды сачыў за ніткаю іх жыцця.
Так што той ноччу ён згадаў Расальбу, самую першую, якая знесла ў якасці трафея ягоную нявіннасць, і памяць выклікала боль, як у першы дзень расстання. Досыць было заплюшчыць вочы, і ён бачыў яе ў муслінавым строі і капелюшы з доўгімі шаўковымі стужкамі, яна пакалыхвала клетку-зыбку з малым на борце карабля. Некалькі разоў за доўгія гады жыцця ён гатовы быў пусціцца ў пошукі, не ведаючы, дзе яе шукаць, не ведаючы яе прозвішча, не будучы ўпэўненым, што знойдзе яе хоць недзе ў зарасцях архідэй. Штораз праз рэальную перашкоду ў апошнюю хвілю альбо праз нечаканую асечку волі ён адкладваў вандроўку, калі вось-вось мусілі прыбраць сходні карабля, і заўсёды прычыны былі так ці інакш звязаныя з Фэрмінай Дасай.
Ён згадаў Назарэцкую ўдаву, адзіную, з кім ён апаганіў матчын дом на вуліцы Вэнтанас, хоць якраз не ён, а Трансыта Арыса запрасіла яе. Ён разумеў яе лепш за каго іншага. Толькі яна, нягледзячы на яе ляноту ў ложку, выпраменьвала столькі пяшчоты, што нават магла б замяніць яму Фэрміну Дасу. Аднак яе пакліканне спрадвечнае коткі, больш неўтаймоўнае, чым сіла яе пяшчоты, асудзіла іх на нявернасць. Тым не менш, яны кахалі адно аднаго з перапынкамі на працягу трыццаці гадоў, паводле мушкецёрскага дэвіза: «Не верныя, але не вераломныя». Апрача таго, толькі пры ёй Флярэнтына Арыса дарэшты выканаў свой абавязак: калі яму перадалі, што яна памерла, што яе няма каму пахаваць, і гэтым зоймецца служба міласэрнасці, ён узяў усе выдаткі на сябе і адзін прысутнічаў на хаўтурах.