Усё, што Флярэнтына Арыса рабіў з тае пары, як Фэрміна Даса пайшла пад шлюб, было звязана з надзеяй пачуць гэтую навіну. Аднак прабіла гадзіна, і ён адчуў не пераможнае ўзрушэнне, якое прадбачыў у начах бессані, а ўдар страху: фантастычную яснасць ва ўсведамленні таго, што яны маглі памяняцца месцамі і званы маглі быць вестунамі ягонай смерці. Седзячы побач у аўто, якое падскоквала на брукаванцы, Амэрыка Вікунне спужалася ягонай бледнасці і спытала, што з ім. Флярэнтына Арыса ўзяў яе ручку сцюдзёнай рукой.
— О, мая дзяўчынка, — уздыхнуў ён, — трэба б яшчэ пяцьдзясят гадоў, каб распавесці табе пра ўсё.
Ён забыўся аб пахаванні Ерэміі дэ Сэнт-Амура. Пакінуўшы дзяўчынку каля дзвярэй інтэрната з таропкім абяцаннем, што прыедзе па яе ў наступную суботу, ён загадаў кіроўцу ехаць да дома доктара Хувэналя Урбіна. Яны сутыкнуліся з мноствам аўто і наёмных экіпажаў на прылеглых вуліцах, з натоўпам разявакаў каля дома. Госці Лясыдэса Алівэллі дазналіся пра сумную вестку ў разгары свята і прыбылі разам. У доме было цяжка прасунуцца з-за натоўту людзей, але Флярэнтына Арыса прабіў сабе шлях да спальні, выцягнуў голаў над групай, якая блакавала дзверы, і пабачыў Хувэналя Урбіна на шлюбным ложку так, як хацеў бачыць з тае пары, калі пачуў пра яго ўпершыню: доктар патанаў у гнюсоце смерці. Сталяр зняў меркі для труны. Побач з нябожчыкам, яшчэ ў вопратцы, у якой ездзіла на свята, Фэрміна Даса была засяроджанай і сумнай.
Флярэнтына Арыса ўяўляў сабе гэты момант да самай малой драбязы з дзён далёкага юнацтва, калі ён прысвяціў сябе без астачы свайму адважнаму каханню. Праз яе ён зрабіў сабе імя і багацце, не дужа разборліва ставячыся да сродкаў на шляху да мэты. Праз яе бярог здароўе і сачыў за сваім выглядам, што ніяк не лічылася адзнакаю мужнасці ў ягоным коле. І ён чакаў гэтага дня, як ніхто ніколі не чакаў на белым свеце: без якіх-кольвек знакаў нуды. Ён упэўніўся, што смерць заступілася за яго, і гэта надало яму смеласці паўтарыць Фэрміне Дасе ў першую ўдовіну ноч клятву спрадвечнай вернасці і кахання.
Ён не адмаўляў перад сваім сумленнем, што ўчыніў бяздумна, што момант быў абраны не лепшым чынам, — загаварыў ад страху, што аказія ніколі не паўторыцца. Ён хацеў, і не раз да гэтага планаваў, каб размова адбылася не ў такіх жорсткіх абставінах, але лёс не даў яму іншай магчымасці.
Ён выйшаў з жалобнага дома з болем: яна засталася ўзрушаная ад пачутага, як і ён, аднак не ў ягоных сілах было змяніць хаду падзей, бо ён адчуваў, што жахлівая ноч запісаная назаўсёды на старонках іх лёсаў. На працягу двух апошніх тыдняў ён амаль не спаў. Ён пытаўся ў сябе ў адчаі, як там Фэрміна Даса без яго, пра што думае, што збіраецца рабіць у астатнія гады са страшным цяжарам свайго няшчасця. Нервовае напружанне справакавала невядомы раней запор, жывот надзьмуўся як бубен, і давялося звярнуцца да малапрыемных сродкаў. Старэчае недамаганне, з якім ён спраўляўся лягчэй за сваіх сучаснікаў, бо яно было вядомае яму з маладосці, падступала з усіх бакоў. Ён з’явіўся ў канторы ў сераду пасля тыднёвай адсутнасці, і Леона Касіяні спужалася, пабачыўшы яго бледным і млявым. Але ён яе супакоіў: маўляў, зноў, як заўсёды, давяла яго бессань. І змоўк, каб праўда не прасачылася праз шматлікія адтуліны яго знявечанага сэрца. Дождж даў сонцу перадых для роздуму. Яшчэ адзін тыдзень мінуў, нібы ў тумане, ён не мог засяродзіцца, еў дрэнна, спаў яшчэ горш, спрабуючы ўлавіць зашыфраваныя сігналы, якія б паказалі шлях да паратунку. Але ў пятніцу без вядомай прычыны на яго раптам напаў спакой, і ён тлумачыў яго як знак таго, што нічога новага не адбудзецца, усё, што ён зрабіў у жыцці, было бессэнсоўным і не мела працягу: усяму прыходзіць канец. У панядзелак, аднак, ён прыйшоў дамоў на вуліцу Вэнтанас, угледзеў ліст, які плаваў у лужыне, што ўзнікла ў вітальні, і на мокрым канверце адразу пазнаў ганарлівы почырк, які не змаглі змяніць павароты жыцця, яму нават прымроіўся начны водар завялых гардэній, сэрца ўжо ўсё падказала з першага погляду. Гэта быў ліст, якога ён чакаў, не ведаючы ні імгнення спакою, на працягу паўстагоддзя.
Фэрміна Даса і ўявіць не магла, што яе ліст, прадыктаваны сляпой злосцю, будзе ўспрыняты Флярэнтына Арысам як любоўнае пасланне. Яна ўклала ў яго ўсю жорсткасць, на якую была здольная, напісала самыя прыкрыя словы і пякельныя праклёны, няхай няслушныя, але мізэрныя ў параўнанні з перанесенай абразай. Гэта было на зыходзе двух тыдняў горкіх заклінанняў, сілаю якіх яна спрабавала замірыцца са сваім новым становішчам. Яна зноў хацела стаць сабой, жадала вярнуць тое, ад чаго была вымушаная адмовіцца за паўстагоддзя рабства, якое несумнеўна рабіла яе шчаслівай, але як толькі памёр муж, не пакінула ёй і следу ўласнай індывідуальнасці. Яна была прывідам у чужым доме, які раптоўна стаў аграмадным, поўным самоты, яна бадзялася па доме без мэты, у адчаі пыталася ў сябе, хто з іх сапраўды мёртвы: ён, насамрэч памерлы, альбо яна, што засталася без яго?