Яна не магла пазбавіцца ад падсвядомага пачуцця крыўды на мужа, што кінуў яе на прыхамаць лёсу ў акіяне жыцця. Усё, што належала яму, выклікала слёзы: піжама пад падушкай, хатнія тапачкі, якія чамусьці здаваліся ёй шпітальнымі, успамін пра тое, як ён распранаўся ў глыбіні люстэрка, пакуль яна расчэсвала валасы перад сном, пах ягонай скуры, які застанецца з ёй доўгі час пасля яго смерці. Часам яна перапыняла хатнія справы лёгкім плясканнем даланёй па ілбе, бо нечакана згадвала — штосьці забыла яму сказаць. На кожным кроку ўзнікалі пытанні, на якія мог адказаць толькі ён. Аднойчы ён распавёў ёй, што хворыя пасля ампутацыі адчуваюць боль, сутаргі, казытанні ў назе альбо руцэ, якой ужо не было. Так яна цяпер адчувала сябе і прысутнасць мужа там, дзе яго не было.
Яна прачнулася ў сваю першую ўдовіну раніцу, круцілася ў ложку яшчэ з заплюшчанымі вачыма ў пошуках больш зручнай позы, каб нанава аддацца сну, і менавіта тады ён для яе памёр. Яна зразумела, што ўпершыню ён начаваў па-за домам. Другое падобнае ўражанне ўзнікла за сталом, і не ад болю, што выклікала самота, а ад дзіўнай упэўненасці, што яна снедае з чалавекам, якога ўжо няма. Яна дачакалася прыезду дачкі Афэліі з мужам і трыма дочкамі з Нью-Арлеана і зноў села за стол, але не за звычайны, — яна загадала паставіць другі, меншы, у калідоры. Да тае пары, дарэчы, яна ніколі не ела своечасова. Зазірала на кухню ў любую хвілю, як толькі адчувала, што хацела есці, лезла відэльцам у кожную каструлю і перакусвала пакрысе без талеркі, стоячы перад плітою, размаўляючы з жанчынамі, якія служылі ў доме, адзінымі людзьмі, з якімі яна пачувалася добра. Аднак, як Фэрміна Даса ні імкнулася, яна не магла пазбавіцца ад пераследу нябожчыка мужа: куды б ні ішла, у кожным кутку дома сутыкалася з рэчамі, якія нагадвалі пра яго. На яе погляд, боль быў натуральны і слушны, але страшыла пагроза замкнуцца ў жалобных пачуццях. Так што яна прыняла жорсткае рашэнне выдаліць з дома ўсё, што нагадвала пра нябожчыка, угледзеўшы ў гэтым адзіны спосаб працягу жыцця без яго.
Яна пачала цырымонію знішчэння. Сын пагадзіўся ўзяць бібліятэку, каб маці магла ўладкаваць у кабінеце мужа пакой для шытва, якога ніколі не мела пры ягоным жыцці. Дачка, у сваю чаргу, звезла якуюсьці мэблю і шматлікія рэчы, якія ёй здаліся прыдатнымі для аўкцыёнаў антыкварыяту ў Нью-Арлеане. Гэта прынесла палёгку Фэрміне Дасе, хоць было не вельмі прыемна даведацца, што рэчы, набытыя ёю падчас вясельнай вандроўкі, ужо ўяўлялі цікавасць для антыквараў. Насуперак маўкліваму здзіўленню служанак, суседзяў і блізкіх сябровак, якія бывалі з ёю, яна загадала раскласці вогнішча на заднімі двары за домам і там спаліла тое, што нагадвала пра мужа. Яна спаліла самую каштоўную і элегантную вопратку, якую бачылі ў горадзе з мінулага стагоддзя, самы зграбны абутак, капелюшы, больш здольныя прэтэндаваць на падабенства з ім, чым яго маляваныя партрэты, гамак для сіесты, з якога ён падняўся ў апошні раз насустрач смерці, — словам, шматлікія рэчы, настолькі звязаныя з ім, што ўжо складалі частку яго асобы. Яна зрабіла гэта без ценю сумневу, у поўнай упэўненасці, што муж ухваліў бы ўчынак, ды не толькі з гігіенічных прычын. Неаднойчы ён выказаў жаданне быць крэміраваным, а не закратаваным у цемры кедравай труны без адзінай шчыліны. Рэлігія не дазваляла, зразумела. Ён адважыўся выведаць погляды арцыбіскупа на гэты конт, але той запратэставаў катэгарычна. Дый не магло быць інакш: касцёл не дазваляў будаваць крэматорыі на могілках нават для людзей іншых канфесій, не кажучы ўжо пра каталікоў. І трэба ж было здарыцца, каб самому Хувэналю Урбіна прыйшла думка пра мэтазгоднасць іх будоўлі. Фэрміна Даса не забылася на страхі мужа і нават у мітусні першых гадзін загадала сталяру пакінуць яму суцяшэнне — шчыліну, якая б прапускала святло да яго ў труну.
Так ці інакш, ахвярапрынашэнне выявілася дарэмным. Памяць пра мужа-нябожчыка была трывала гарачай, не гарэла ў полымі вогнішча, не пераўтвалася ў попел з хадой дзён. Горш за тое, пасля спалення вопраткі Фэрміна Даса не толькі працягвала сумаваць па ўсім, што любіла ў ім, але таксама па тым, што больш за ўсё раздражняла: па шуме, які ён заўсёды рабіў, калі ўставаў раніцой. Гэтыя ўспаміны дапамаглі ёй выйсці з мангавага кустоўя яе жалобы. Перадусім яна прыняла цвёрдае рашэнне працягваць жыць, прыгадваючы мужа, нібыта ён быў жывы. Фэрміна Даса ведала, што ёй будзе цяжка прачынацца штораніцы без яго, але з кожным днём яна адчувала гэта менш і менш.