— Добра, — адказала яна. — Зрэшты, лісты належаць таму, хто іх напісаў, ці не так?
Ён зрабіў цвёрды крок насустрач.
— Сапраўды, — пацвердзіў ён. — Таму іх вяртаюць перадусім пры скасаванні адносінаў.
Яна прапусціла міма вушэй ягоныя словы і аддала яму ліст, але дадала: «Шкада, што не прачытаю, астатнія лісты вельмі дапамаглі мне». Ён набраў у грудзі паветра, здзіўлены спантанным прызнаннем, якое пераўзыходзіла ягоныя чаканні, і ўздыхнуў: «Вы не ўяўляеце, якое шчасце для мяне дазнацца пра гэта». Але яна змяніла тэму, і яму не ўдалося разгаварыць яе да канца вечара. Ён развітаўся пасля шостай, калі пачалі запальваць святло ў дамах. Ён адчуваў сябе больш упэўнена, але без лішніх ілюзій, бо не забываў, які зменлівы быў характар і нечаканыя рэакцыі Фэрміны Дасы ў дваццаць гадоў, і не было прычын думаць, што яна перамянілася. Таму толькі асмеліўся спытаць са шчырай пакорай, ці можна зазірнуць да яе іншым разам, і адказ зноў здзівіў яго.
— Прыходзьце калі заўгодна, — сказала яна. — Я амаль заўсёды адна.
Праз чатыры дні, у аўторак, ён прыйшоў без папярэдняга паведамлення, і яна, не дачакаўшыся кубка гарбаты, паспешліва распавяла, як дапамаглі ёй ягоныя лісты. Ён удакладніў, што гэта не былі лісты ў прамым сэнсе слова, а асобныя старонкі кнігі, якую ён хацеў бы напісаць. Так, яна так і зразумела, і збіралася вярнуць пасланні, калі толькі гэта не будзе ўспрынята за абразу, каб ён распарадзіўся імі па прызначэнні. Яна працягнула гамонку, сказаўшы, як лісты падтрымалі яе падчас цяжкіх выпрабаванняў, і прамовіла гэта з такім энтузіязмам, удзячнасцю і нават яўнай сімпатыяй да яго, што Флярэнтына Арыса адважыўся ўжо не на цвёрды крок, а на смяротны піруэт.
— Раней мы былі на «ты», — сказаў ён.
«Раней» было забароненым словам. Яна адчула набліжэнне хімерычнага анёла мінуўшчыны, і паспрабавала пазбавіцца ад наслання. Аднак ён удакладніў думку: «Я хацеў сказаць, у нашых колішніх лістах». Яна засмуцілася, ёй давялося праявіць волю, каб ён не прыкмеціў. Але ён і без таго ўцяміў: трэба прасоўвацца больш асцярожна, хоць інцыдэнт паказаў — яна была неўтаймаваная, як у маладосці, але з гадамі навучылася змякчаць уражанне пяшчотай.
— Я хацеў сказаць, — паправіўся ён зноўку, — што гэтыя лісты — зусім іншая рэч.
— Усё змянілася ў свеце, — адказала яна.
— Я не, — дадаў ён. — А вы?
Яна спыніла ўзняты кубак гарбаты на паўдарозе і паглядзела на яго дакорліва, вачыма, якія ўжо перажылі жорсткасць.
— Якая розніца, — сказала яна ціха. — Мне семдзесят два гады.
Флярэнтына Арыса прыняў удар, які прыйшоўся ў самае сэрца. Ён хацеў знайсці рэпліку з хуткасцю і трапнасцю стралы, але адчуў сябе пераможаным цяжарам узросту: ніколі ён не адчуваў сябе такім стомленым пасля кароткай гаворкі, балела сэрца, і кожная хваля крыві аддавалася металічным рэзанансам у сасудах. Ён адчуў сябе старым, сумным і бессэнсоўным чалавекам, раптам так захацелася плакаць, што ён не здолеў вымавіць ні слова. Яны дапілі другі кубак у цішы, поўнай прадчуванняў. Першай загаварыла Фэрміна Даса: папрасіла служанку, каб тая прынесла тэчку з лістамі. Ён ледзь не сказаў, што яна можа пакінуць іх сабе, бо ён пісаў кожны ліст пад капірку, але ўсё ж падумаў, што гэтая перасцярога падасца ёй невысакароднай. Гаманіць больш не было пра што.
Перад тым, як развітацца, ён папрасіў пра сустрэчу ў наступны аўторак і ўдакладніў, ці падыходзіць гэты самы час.
— Я не бачу сэнсу ў гэтых візітах, — сказала яна.
— І я не надаю ім асаблівай значнасці, — супакоіў ён.
Тым не менш, ён прыйшоў да яе ў аўторак а пятай вечара, а потым і ва ўсе наступныя аўторкі, а на зыходзе другога месяца гэтыя візіты сталіся іхнаю завядзёнкай. Флярэнтына Арыса прыносіў ангельскае печыва да гарбаты, глазураваныя каштаны, грэцкія масліны, маленькія прысмакі, здабытыя ім на трансатлантычных караблях. Аднойчы ён прынёс копію партрэта Фэрміны Дасы і Ільдэбранды Санчас, які зрабіў бельгійскі фатограф больш за паўстагоддзя таму, ён набыў яго за пятнаццаць сентава на распродажы паштовак каля Натарыяльнай брамы. Фэрміна Даса не здолела зразумець, як копія трапіла туды, і ён не мог гэта зразумець іначай, як цуд кахання. Аднойчы раніцой, зразаючы ружы ў садзе, Флярэнтына Арыса не ўтрымаўся ад спакусы і вырашыў наступным разам падараваць ёй ружу. З улікам мовы кветак, гэта была складаная справа ў дачыненні да нядаўна аўдавелай жанчыны. Чырвоная ружа, сімвал палымянае жарсці, пры гэтых абставінах магла быць прынятая як абраза яе жалобы. Ружы жоўтыя, якія разумеліся на мудрагелістай мове як кветкі ўдачы, папросту азначалі рэўнасць. Калісьці яму казалі пра чорныя ружы з Турцыі, гэта, мажліва, было б лепшым рашэннем, але ён не змог дастаць іх для акліматызацыі ў сваім садку. Пасля доўгага роздуму ён рызыкнуў паднесці ёй белую ружу, якая пасавала нявіннасцю і нематой: ні пра што не гаварыла. У апошнюю хвілю, каб Фэрміна Даса не надала кветцы ў сваёй хітрадумнасці пэўнага сэнсу, ён адрэзаў усе шыпы.