Фэрміна Даса развітвалася з бальшынёю гасцей, стоячы каля покуці, але апошнюю групу блізкіх сяброў праводзіла да дзвярэй, каб зачыніць за імі, як яна рабіла заўсёды. Яна ўжо збіралася гэта зрабіць, калі заўважыла: Флярэнтына Арыса ў жалобе стаяў сярод ужо пустой залы. Яна нават узрадавалася: шмат гадоў таму яна выкрасліла гэтага чалавека са свайго жыцця, і цяпер, калі адбылося ачышчэнне часам, упершыню толкам бачыла яго. Але яшчэ да таго, як яна паспела вымавіць словы ўдзячнасці, ён з трымценнем і годнасцю прыклаў капялюш да сэрца і выціснуў нарыў, з якім пражыў амаль усё жыццё.
— Фэрміна, — сказаў ён, — я чакаў выпадку больш за паўстагоддзя, каб зноў паўтарыць клятву вечнай адданасці і кахання. Фэрміна Даса магла б вырашыць, што перад ёю — вар’ят, калі б не мела падстаў думаць, што ў гэтае імгненне ім кіраваў Святы Дух. Адразу ўзнікла жаданне кінуць яму праклён за блюзнерства: гэта ж трэба сказаць такое, калі нябожчык муж яшчэ не паспеў астыць у труне. Але гэтаму супраціўлялася годнасць, якую яна захоўвала ў хвіліны шаленства. «Прэч адсюль, — сказала Фэрміна. — І ніколі болей да самае магілы не лезь мне ў вочы». Яна адчыніла дзверы насцеж і дадала:
— Спадзяюся, няшмат табе засталося.
Калі ягоныя крокі на пустой вуліцы сціхлі, яна павольна зачыніла дзверы на засаўку і замкі, і самотна сустрэла лёс. Да гэтага моманту ніколі ў жыцці яна не ўсведамляла ўсёй глыбіні той драмы, якую сама спарадзіла, калі ёй толькі споўнілася васямнаццаць, і якая будзе пераследаваць яе ажно да самае смерці. Яна заплакала ўпершыню з моманту няшчасця і без сведак — толькі так яна і ўмела. Аплакала смерць мужа, сваю самоту і сваю злосць, а калі ўвайшла ў пустую спальню, аплакала і сябе, бо амаль ніколі не спала адна ў гэтай пасцелі з тае пары, як стала жанчынай. Усё, што належала мужу, выклікала слёзы: хатнія пантофлі з пампонамі, піжама пад падушкай, прастора без яго ў люстэрку туалетнага століка, асаблівы пах ягонай скуры. Раптам яна скаланулася ад няяснае думкі: «Любыя людзі мусяць паміраць разам з іхнымі рэчамі». Яна не прыняла дапамогі прыслугі, каб легчы, і нічога не стала есці перад сном. Разбітая горам, яна маліла Бога паслаць ёй смерць гэтай жа ноччу ўва сне і легла з надзеяй, што так яно й будзе. Яна імгненна заснула, нават не распранаючыся, а толькі скінуўшы чаравікі. Спала як забітая, ведаючы, аднак, што ў сне працягвае жыць, што палова ложка раптоўна аказалася залішняй; яна ляжала бокам на левай палове, як заўсёды, але з другога боку не хапала мужа для раўнавагі. Скрозь сон яна падумала, што больш ніколі не здолее спаць, як раней, і пачала енчыць у сне, і далей спала ў слязах, ні разу не мяняючы позы. Праспаўшы ўсіх пеўняў, яна прачнулася ад нялюбага без яго ранішняга сонца. Толькі тады яна зразумела, што спала зашмат, але не памерла, і пакуль спала, плачучы, больш думала пра Флярэнтына Арысу, чым пра нябожчыка мужа.
Са свайго боку, Флярэнтына Арыса не пераставаў думаць пра яе ні на хвіліну з тае пары, як Фэрміна Даса безапеляцыйна адмовіла яму пасля доўгага і супярэчлівага кахання, а здарылася гэта пяцьдзясят адзін год, дзевяць месяцаў і чатыры дні назад. Яму не трэба было весці лік дням без яе, драпаючы крэскі, нібыта на сценах турэмнае камеры, бо не было дня без таго, каб нешта не змушала прыгадаць яе. Калі яна парвала з ім, яму было дваццаць два гады і ён жыў з маці, Трансытай Арысай, якая арандавала паўдома на вуліцы Вэнтанас, дзе з маладосці трымала галантарэйную краму і яшчэ распускала рваныя кашулі і старыя анучы — шчыпала корпію, якую набывалі лазарэты для параненых. Ён быў яе адзіны сын, плён выпадковай сувязі з вядомым карабельнікам донам Піем Пятым Ляайсам і — усе ведалі — старэйшым з трох братоў, што заснавалі Карыбскую параходную кампанію і далі першы штуршок паравой навігацыі па рацэ Магдалене.
Дон Пій Пяты Ляайса памёр, калі сыну было дзесяць гадоў. Хоць бацька патаемна падтрымліваў хлопца, ён і не думаў прызнаваць яго перад законам, а таксама не забяспечыў яму будучыні, так што Флярэнтына Арыса насіў адзіна матчына прозвішча, але народ ведаў, чый насамрэч ён сын. Пасля бацькавай смерці Флярэнтына Арысу давялося кінуць вучобу, ён уладкаваўся вучнем на пошце, дзе яму даручылі ўскрыццё мяхоў і разбор карэспандэнцыі; ён таксама абвяшчаў пра прыбыццё параходаў з поштай, уздымаючы сцяг адпаведнай краіны над дзвярыма канторы.