— Калі вы прынялі ліст, — сказаў ён, — выхаванасць патрабуе адказу.
Гэта было выйсце з лабірынту. Фэрміна Даса ўжо больш спакойна перапрасіла за маруднасць і фармальна дала яму слова, што ён атрымае адказ да завяршэння школьных вакацый. І стрымала слова. У апошнюю пятніцу лютага, за тры дні да пачатку навучальнага года, цётка Эскалястыка зазірнула ў тэлеграф спытаць, колькі каштуе тэлеграма ў вёску П’едрас-дэ-Малер, якой наагул не было ў спісе тэлеграфных пунктаў краіны, але ж для гэтага падыйшла да Флярэнтына з такім выглядам, нібыта ніколі раней не бачыла яго, і, сыходзячы, наўмысна забыла на прылаўку пераплецены скураю яшчаркі малітоўнік, у якім ляжаў канверт з каштоўнай валакністай паперы з залатымі віньеткамі. Ашалелы ад шчасця, Флярэнтына Арыса правёў рэшту дня з лістом, ён жаваў пялёсткі ружаў і перачытваў словы па літарах зноўку і зноўку, і чым болей чытаў, тым больш пялёсткаў з’ядаў, да поўначы ён з’еў цэлы кветнік, і маці давялося ўгаварыць яго, каб ён, цялё дурное, выпіў адвар з зёлак на касторавым алеі.
Вось і настаў год палымянае ўлюбёнасці. Hi ён, ні яна не жылі нічым іншым, думалі толькі адзін пра аднаго, жарсна чакалі лістоў і адказвалі на іх не менш жарсна. Hi ў тую шалёную вясну, ні ўвесь наступны год яны не мелі магчымасці пагутарыць, як ім хацелася, пачуць жывы голас любага чалавека. Больш за тое, ад першай сваёй сустрэчы ажно да пацвярджэння ім кахання паўстагоддзя пазней, яны ні разу не бачыліся сам-насам і не здолелі сказаць ні слова пра свае пачуцці. Але ж за першыя тры месяцы не было дня без ліста, а не, дык і двох за дзень, пакуль цётка Эскалястыка не спалохалася ненажэрнасці вогнішча, якое сама дапамагла распаліць.
Пасля першага ліста, дастаўленага ў тэлеграфную кантору, нібы помсцячы за ўласны лёс, цётка штодня дазваляла ім абменьвацца пасланнямі падчас быццам бы выпадковых сустрэч, але не хапіла ёй смеласці на тое, каб паспрыяць размове, нават банальнай і мімалётнай. Аднак праз тры месяцы цётка ўцяміла, што ў пляменніцы не лёгкі рамантычны ветрык у галаве, як здавалася напачатку, і што пажар кахання ставіць пад пагрозу яе ж, цётчына, жыццё. Эскалястыка Даса не мела іншай крыніцы сродкаў на існаванне, акрамя міласэрнасці брата, яна ведала, што пры яго тыранічным характары ён не даруе падобнага злоўжывання даверам. Але калі настаў момант прыняць канчатковае рашэнне, яна не змагла стацца чыннікам гора пляменніцы, гора, адбітак якога сама несла з юнацкіх гадоў, таму вырашыла скарыстацца спосабам, які нібы вызваляў яе ад ролі саўдзельніцы. А спосаб быў просты: Фэрміна Даса штодня пакідала свой ліст у патаемным месцы па дарозе з дома ў школу, і ў лісце падказвала каханаму, дзе б яна жадала знайсці адказ. Флярэнтына Арыса рабіў такім самым чынам. І вось лісты — прадметы канфлікту цёткі Эскалястыкі з сумленнем — хаваліся ў царкоўных хрысцільнях, у дуплах старых дрэў, у шчылінах напаўразваленых каланіяльных фартэцый. Часцяком закаханыя знаходзілі лісты, зусім мокрыя ад дажджу, запэцканыя граззю, разадраныя злым чалавекам, а некаторыя наагул прапалі з невядомых прычын, але яны заўсёды ўзнаўлялі кантакты з зайздроснаю вынаходлівасцю.
Флярэнтына Арыса пісаў Фэрміне Дасе штоноч, ён не шкадаваў сябе дзеля гэтага, труцячыся дымам какосавага алею ад лямпы за перагародкай галантарэйнай крамы, і ягоныя лісты рабіліся ўсё больш доўгімі і самнамбулічнымі, бо ён спрабаваў імітаваць сваіх улюбёных паэтаў, чые кнігі выходзілі ў серыі «Народная бібліятэка», што тады ўжо налічвала восемдзесят тамоў. Маці, якая дагэтуль усяляк спрыяла каханню сына, цяпер трывожылася за яго здароўе. «Ты ж так звар’яцееш, — крычала яна са спальні, калі пачыналі спяваць першыя пеўні. — Няма жанчыны, якая б была вартая такога». Яна і сапраўды не ведала нікога, хто дайшоў бы да такога жарснага адчаю. Але Флярэнтына яе не слухаў. Часам ён прыходзіў на працу, не паспаўшы ні хвіліны, з заблытанымі ад перажыванняў валасамі, пасля таго, як пакідаў ліст там, дзе Фэрміна Даса знойдзе яго па дарозе ў школу. Яна ж, жывучы пад нястомным наглядам бацькі і бессаромным віжаваннем манашак у школе, ледзь паспявала напісаць паўстаронкі школьнага сшытку, зачыніўшыся ў прыбіральні або на ўроках, удаючы, што піша канспект. Лісты Фэрміны Дасы абыходзілі ўсялякія сентыментальныя рыфы і фактычна пераказвалі жыццёвыя акалічнасці ў службовым стылі навігацыйнага журнала, але не толькі праз спешку ці боязь быць выкрытай, а яшчэ і праз уласцівасці характару. Для яе ліставанне было забавай, абы толькі падтрымліваць жар вуголля, не рызыкуючы лезці рукамі ў полымя, тым часам Флярэнтына Арыса спапяляў сябе ў кожным радку. Ён хацеў заразіць яе сваім шаленствам і дасылаў ёй вершы, якія пісаў шпількай на пялёстках камеліі, як спрактыкаваны мініятурыст. Менавіта ён адважыўся паслаць ёй у лісце пасму сваіх валасоў, але ніколі не атрымаў жаданага адказу ў выглядзе хоць бы аднаго воласа з ейнае касы. Тым не менш, ён дамогся ад Фэрміны Дасы яшчэ аднаго кроку насустрач, і з тае пары яна пасылала яму засушанае ў слоўніку лісце з пухкімі атожылкамі, крылы матылькоў, пер’е чарадзейных птушак, а ў ягоны дзень нараджэння падаравала яму кавалачак сутаны святога Пэдра Клявэра, з тых, што ў тыя часы таемна прадавалі па цане, недасяжнай для большасці шкалярак. Аднойчы ўначы Фэрміна Даса раптам прачнулася, бо пачула серэнаду — самотная скрыпка выводзіла адзін і той жа вальс. Яе страсянула ад думкі, што кожная нота — гэта падзяка за пялёсткі з гербарыяў, за скрадзены ў арыфметыкі час на напісанне ліста, за жах на іспытах, калі яна больш думала пра яго, чым пра прыродазнаўства. Яна ўзрушылася, але не пасмела паверыць, што Флярэнтына Арыса здольны на падобную неасцярожнасць.