На наступны дзень, падчас сняданку, Лярэнса Даса ледзь стрымліваў цікаўнасць. Па-першае, таму што не ведаў, што азначае на мове серэнадаў, калі граюць толькі адзін твор, а па-другое, таму, што, як уважліва ён ні слухаў, усё ж не здолеў вызначыць, перад чыім домам гралі. Цётка Эскалястыка спакойна зазначыла, вяртаючы пляменніцы душэўную раўнавагу, што глянула была за фіранкі спальні і ўбачыла самотнага музыку ў дальнім кутку скверыка. Да таго ж, выкананне адзінага твора — гэта азнака канчатковага расстання. У лісце таго дня Флярэнтына Арыса пацвердзіў, што гэта ён граў серэнаду, і вальс склаў ён жа, і назваў твор яе імем, з якім Фэрміна Даса жыла ў ягоным сэрцы: «Каранаваная багіня». Пазней ён больш не граў ля скверыка, абіраючы месяцовымі начамі іншыя месцы — так, каб яна магла чуць яго са спальні. Яго ўлюбёным месцам сталі адкрытыя вятрам і навальніцам могілкі для бедных на схіле прыгорка, дзе спалі аўры, а рэзананс быў звышнатуральным. З цягам часу ён навучыўся ўлічваць напрамак ветру і мог быць упэўнены — голас ягонай скрыпкі далятаў да дзяўчыны.
У жніўні таго ж года разгарэлася новая грамадзянская вайна — з роду тых, што спусташалі краіну ўжо больш за паўстагоддзя, і ўрад увёў законы ваеннага часу і каменданцкую гадзіну ад шостай вечара ў штатах Карыбскага ўзбярэжжа. Хоць ужо здараліся беспарадкі і войска ўсяляк злоўжывала ўладай, здзяйсняючы карныя акцыі, Флярэнтына Арыса жыў сваімі мроямі і не ведаў, што робіцца ў свеце; аднойчы вайсковы патруль заспеў яго на золку, калі ён парушаў спрадвечны сон нябожчыкаў дзёрзкай п’есай пра каханне. Ён цудам пазбег імгненнага пакарання паводле абвінавачвання ў шпегаванні і перадачы пасланняў караблям лібералаў, што баразнілі прыбярэжныя воды.
— Які, да д’ябла, шпіён! — узрушана пратэставаў Флярэнтына Арыса. — Я просты закаханы!
Тры ночы ён спаў у кайданах у карцары мясцовага гарнізона. Але калі Флярэнтына выпусцілі на волю, ён адчуў пагарду з-за замалога тэрміну зняволення, і нават у старасці, блытаючы ў памяці шматлікія мінулыя войны, працягваў думаць, што ён быў адзіным чалавекам у горадзе, а мо і ў краіне, што цягаў пяціфунтовыя кайданы за каханне.
Ужо набліжаўся да канца другі год палкае перапіскі, калі Флярэнтына Арыса ў адным кароткім лісце зрабіў Фэрміне Дасе афіцыйную прапанову. За шэсць папярэдніх месяцаў некалькі разоў ён дасылаў ёй белую камелію, але яна вяртала яе разам з адказам, каб ён не сумняваўся — яна мае перапісвацца з ім і наперад, аднак не можа абяцаць нічога сур’ёзнага. Насамрэч Фэрміна Даса ўспрымала перасылку камеліяў адно аднаму як гарэзлівую гульню, бо не лічыла кветку за вызначальны знак лёсу. Але, атрымаўшы афіцыйную прапанову, яна ўпершыню адчула дыханне смерці. Запанікаваўшы, яна ўсё распавяла цётцы Эскалястыцы, і тая параіла ёй з такой смеласцю і яснасцю розуму, якімі не валодала ў дваццаць гадоў, калі сама паўстала перад такім самым рашэннем.
— Скажы яму «так», — вымавіла яна цвёрда. — Няхай ты і паміраеш зараз ад жаху, але інакш потым будзеш раскайвацца, усё жыццё шкадавацьмеш, калі яму адмовіш.
Аднак Фэрміна Даса патанала ў блытаніне пачуццяў, і ёй спатрэбілася адтэрміноўка для прадумвання адказу. Спачатку папрасіла месяц, затым яшчэ адзін і яшчэ, і калі сыходзіў чацвёрты месяц, яна зноўку атрымала белую камелію разам з рашучай заявай пра тое, што гэтая камелія апошняя: зараз альбо ніколі. Цяпер ужо Флярэнтына Арыса адчуў подых смерці, пакуль чакаў адказу ўвечары, і, нарэшце, атрымаў канверт з палоскай старонкі, адарванай ад школьнага сшытка, адказ займаў адзін радок і быў напісаны простым алоўкам: «Добра, я выйду за вас замуж, толькі абяцайце, што не прымусіце мяне есці баклажаны».