Флярэнтына Арыса не быў гатовы да такога адказу, але ягоная маці — так. З тае пары, як ён упершыню загаварыў пра намер ажаніцца, а здарылася гэта шэсць месяцаў таму, Трансыта Арыса распачала адпаведныя клопаты: яна вырашыла на будучыню зняць увесь дом, які датуль дзяліла з дзвюма сем’ямі. Гэта быў двухпавярховы будынак XVII стагоддзя, дзе падчас іспанскае ўлады месцілася тытунёвая фабрыка, — гаспадары збанкрутавалі і здавалі будынак па частках, бо не мелі сродкаў на яго ўтрыманне.
Дом складалі дзве часткі: адна, адкуль калісьці вёўся гандаль цыгарамі, выходзіла на вуліцу, а другая знаходзілася ў глыбіні двара, там месціліся сама фабрыка ды вялікая стайня, якой цяперашнія жыхары карысталіся для прання і сушкі бялізны. Трансыта Арыса займала першую частку, найбольш зручную дый у лепшым стане, хоць яна і саступала другой па плошчы. У зале, проста каля варотаў, дзе раней гандлявалі цыгарамі, знаходзілася ейная галантарэйная крама, а побач, у кладоўцы, якая праветрывалася адно праз маленькае акенца, спала Трансыта Арыса. Ад крамы драўлянай перагародкай аддзялілі памяшканне, дзе стаяў стол і чатыры крэслы, якое служыла для ежы і пісання, і там Флярэнтына Арыса нацягваў свой гамак, калі золак не заспяваў яго за крэмзаннем чарговага ліста. Месца хапала на дваіх, але не на траіх, тым больш, калі трэцяй будзе дзяўчына, якая вучылася ў школе З’яўлення Святое Дзевы, чый бацька адрадзіў набыты ім дом з руінаў, зрабіў яго зусім новым, у той час як сем’і з сямю тытуламі клаліся спаць у жаху, бо столь магла абваліцца на іх падчас сну. Так што Трансыта Арыса дамовілася з гаспадаром дома, каб той дазволіў заняць таксама галерэю ўздоўж двара, за што яна абавязалася ўтрымліваць дом у парадку на працягу пяці гадоў.
Сродкаў на гэта хапала. Апроч рэальных прыбыткаў ад галантарэйнай крамы і ад продажу корпіі лякарням, дастатковых на сціплае жыццё, яна множыла прыбыткі, даючы пазыкі вялікай кліентуры сарамлівых новых жабракоў, якія гатовыя былі плаціць значныя працэнты ў абмен на захаванне таямніцы. Пані з выглядам каралеўнаў, але без залішняй у такіх выпадках прыслугі, выходзілі з экіпажаў каля дзвярэй крамы, нібыта для набыцця галандскіх карункаў ці ўзорыстай аблямоўкі і ледзь не ў слязах закладвалі апошнюю мішуру страчанага раю. Трансыта Арыса выручала іх з такой павагай да паходжання кліентак, што многія з іх сыходзілі з большай падзякай за пашану, чым за паслугу. Яна займалася гэтым на працягу амаль дзесяці гадоў і ведала як свае фамільныя каштоўнасці, выкупленыя і са слязьмі наноў закладзеныя шмат разоў, а калі сын вырашыў, нарэшце, ажаніцца, то прыбытак, за які яна набывала золата найвышэйшай пробы, быў схаваны ў гліняным збане пад ложкам. Тады яна ўсё прыкінула і зразумела, што здольная не толькі ўтрымліваць дом цягам пяці гадоў, але, калі ёй не здрадзіць вёрткасць дый крыху пашанцуе, мо і набыць дом да таго, як памрэ, дзеля тузіна ўнукаў, пра якіх вельмі марыла.
Флярэнтына Арыса, са свайго боку, атрымаў прызначэнне першага асістэнта тэлеграфіста з выпрабавальным тэрмінам, і Лятары Тугут збіраўся ўладкаваць яго кіраўніком канторы, як толькі сам пяройдзе кіраваць Школаю тэлеграфнай сувязі і магнетызму, якую меліся адчыніць у наступным годзе.
Такім чынам, практычны бок шлюбу знайшоў сваё вырашэнне. Аднак Трансыта Арыса была разважлівай жанчынай, таму яна паставіла сыну дзве ўмовы. Першая: дазнацца дакладна, хто такі насамрэч Лярэнса Даса, чый акцэнт не пакідаў сумневу адносна яго паходжання, але пра ягоную асобу і крыніцы сродкаў для існавання ніхто нічога не ведаў канкрэтна. Другая: яны мусяць сустракацца з нявестай доўга, каб дасканала зведаць адзін аднаго асабіста і пры гэтым захоўваць таямніцу, пакуль яны не будуць упэўненыя ў грунтоўнасці ўзаемных пачуццяў. Яна давяла, што добра было б дачакацца канца вайны. Флярэнтына Арыса лёгка пагадзіўся з тым, што трэба трымаць усё ў таямніцы — тут адыграла ролю замкнёнасць ягонага характару. Ён таксама пагадзіўся з тым, што трэба пачакаць, але тэрмін падаўся яму надта няпэўным, бо за паўстагоддзя незалежнасці краіна не ведала ні аднаго дня грамадзянскага міру.
— Мы ссівеем, чакаючы, — запярэчыў ён.
Ягоны хросны, гамеапат, што выпадкова браў удзел у гамонцы, не думаў, што войны могуць быць перашкодай. Ён лічыў, што гэта ўсяго толькі канфлікт жабракоў, падганяных, як быдла, гаспадарамі зямлі, супраць босых салдатаў, падганяных урадам.
— Вайна ідзе ў гарах, — тлумачыў ён. — З тае пары, як я помню сябе, у горадзе нас забіваюць не кулямі, а ўказамі.