Зрэшты, маладыя самі вырашылі гэтыя асобныя пытанні ў лістах на наступным тыдні. Фэрміна Даса паслухалася парады цёткі Эскалястыкі — пагадзілася на двухгадовы тэрмін, як і на ўмову абсалютнае таямніцы, і падказала Флярэнтына, што лепей будзе прасіць яе рукі, калі яна скончыць сярэднюю школу, падчас калядных вакацый. Прыйдзе час, і яны дамовяцца пра тое, як афіцыйна абвясціць пра заручыны, праўда, гэта будзе залежаць ад бацькі, але яна даб’ецца ягонай згоды. А пакуль яны працягвалі ліставанне з той жарсцю і частатой, што і раней, толькі без ранейшай трывогі, і лісты паступова прымалі сямейны тон, яны ўжо перапісваліся, як муж з жонкаю. Нічога не парушала іхныя мары.
Флярэнтынава жыццё змянілася. Раздзеленае каханне надало яму датуль нязведанай упэўненасці і моцы, што паўплывала і на ягоную працу. У выніку Лятары Тугут без асаблівых намаганняў прабіў яму прызначэнне — ён стаўся Тугутавым намеснікам, але ўжо без выпрабавальнага тэрміну. Тады праект стварэння Школы тэлеграфнае сувязі і магнетызму праваліўся, і немец прысвяціў вольны час тым справам, якія сапраўды любіў, — ён граў на акардэоне і піў піва з маракамі ў порце, а вечары заканчваў у матроскім гатэлі. Прайшло шмат часу, пакуль Флярэнтына Арыса здагадаўся, што ўплыў Лятарыя Тугута ў публічным доме меў вось якую прычыну: з гадамі ён стаўся ягоным гаспадаром і, апроч таго, імпрэсарыё ўсіх партовых птушак. Ён шмат гадоў запар назапашваў грошай, каб набыць гэтую ўстанову, хоць даверанай асобай быў хударлявы аднавокі чалавечак з валасамі шчоткай і такім добрым сэрцам, што ніхто не мог уцяміць, як ён спраўляецца з абавязкамі адміністратара. Але адміністратарам ён быў добрым. Прынамсі, так здавалася Флярэнтына, калі той сказаў яму без якойсьці папярэдняй просьбы, што ў гатэлі ёсць вольны пакой не толькі для вырашэння праблем з пожаддзю, калі ён захоча іх вырашыць, а таксама каб у яго было ціхае месца, дзе ён мог бы чытаць і пісаць амурныя лісты. Так што пакуль цягнуліся доўгія месяцы, якія заставаліся да абвяшчэння заручын, Флярэнтына Арыса бываў больш там, чым у паштовай канторы альбо дома, і былі перыяды, калі Трансыта Арыса бачыла яго толькі ў тыя хвіліны, калі ён з’яўляўся, каб пераапрануцца.
Ён стаў праглынаць кнігі адну за адной. З тае пары, як ён навучыўся чытаць, маці набывала яму ілюстраваныя кніжкі скандынаўскіх аўтараў, якія прадаваліся як дзіцячыя казкі, але насамрэч былі жорсткімі і юрлівымі, што больш падыходзіла для іншага ўзросту. Флярэнтына Арыса ведаў іх на памяць з пяці гадоў, чытаў іх падчас заняткаў і школьных вечарын. Але гэта не пазбаўляла яго страху перад гэтымі кнігамі. Зусім наадварот. Таму пераход да паэзіі адкрыў яму ціхую гавань. У юнацтве ён праглынаў усе тамы «Народнае бібліятэкі», як толькі тыя з’яўляліся ў продажы: маці набывала іх у прадаўцоў танных кніжак каля Натарыяльнае брамы, і там было ўсё, што заўгодна — ад Гамера да самага сціплага мясцовага паэта. Але Флярэнтына было ўсё адно: ён прачытваў чарговы том, нібыта па наканаванні лёсу, і ўсіх гадоў чытання выявілася замала, каб разабрацца ў тым, якая кніга сапраўды добрая, а якая не. Адно толькі было ясна: ён перадусім аддаваў перавагу паэзіі, а дакладней, вершам пра каханне; Флярэнтына запамінаў іх міжволі, варта было пару разоў перачытаць іх, а лягчэй гнездаваліся ў памяці найбольш дакладныя што да рыфмы і рытму, а таксама найбольш драматычныя.
Яны і былі першакрыніцай першых лістоў да Фэрміны Дасы, у якіх паўтараліся слова ў слова не ператраўленыя ім тэксты іспанскіх паслядоўнікаў рамантызму; яны і заставаліся першакрыніцай, пакуль рэальнае жыццё не прымусіла яго звярнуцца да спраў больш зямных, чымся пакуты сэрца. Ужо тады ён зрабіў крок у бок слязлівых чытанак і іншай, не менш нізкапробнай прозы таго часу. Ён навучыўся плакаць разам з маці, чытаючы мясцовых паэтаў, чые кніжкі прадаваліся на пляцах і каля гарадской брамы ў выглядзе брашур за два сентава. Але адначасна ён мог чытаць на памяць самую вытанчаную кастыльскую паэзію Залатога веку. Наагул, ён чытаў усё, што трапляла ў рукі, і гэтак дайшоў да такой скрайнасці, што пасля цяжкіх гадоў свайго першага кахання, ужо немаладым, ён прачытаў ад першай старонкі і да апошняй усе дваццаць тамоў «Скарбонкі юнацтва», поўны збор класікаў выдання братоў Гарнье ў перакладзе, а таксама самыя лёгкія рэчы, што выдаваў дон Вісэнтэ Бляска Ібаньес у серыі «Праметэй». І ўсё ж яго юнацкія гады ў матроскім гатэлі не зводзіліся да чытання і рэдагавання палкіх лістоў, ён зведаў і таямніцы кахання без кахання. Жыццё ўстановы пачыналася апоўдні, калі сяброўкі-птушкі ўставалі, у чым маці іх нарадзіла, а Флярэнтына Арыса заканчваў працу на пошце; ён трапляў у палац, населены голымі німфамі, якія голасна абмяркоўвалі гарадскія таямніцы, што давяралі ім надта балбатлівыя кліенты. На іх голых целах віднеліся сляды мінулага: шнары ад удару стылетам у жывот, шнары-зоркі ад кулі, барозны ад нажа раўнівага каханка, мясніцкія швы ад кесаравага сячэння. Удзень да некаторых прыводзілі дзяцей — горкі плён падману альбо маладой бесклапотнасці, і птушкі распраналі іх, толькі тыя пераступалі парог, каб не адчувалася розніцы з жыхаркамі раю ў стылі ню. Кожная птушка гатавала сабе ежу асобна, і ніхто не еў лепей за Флярэнтына Арысу, бо ён выбіраў самае смачнае ад кожнай стравы. Гэта было штодзённае свята, якое цягнулася да вечара, калі ўсё мянялася: голыя птушкі чародкай цягнуліся да прыбіральні, пазычалі ў сябровак мыла, зубную шчотку, нажніцы, рабілі адна адной прычоскі, апраналіся ў пазычаныя адна ад адной рэчы, размалёўваліся, нібыта змрочныя паяцы, і выходзілі на начное паляванне. Тады гатэль станавіўся безасабовым, пазбаўленым чалавечнасці, якую цяпер можна было набыць толькі за грошы.