Выбрать главу

Не было іншага месца, дзе б Флярэнтына Арысу жылося лепш з дня знаёмства з Фэрмінай Дасай, таму што адно там ён не звяртаў увагі на самоту. Толькі там ён адчуваў сябе так, нібыта быў з ёю. Мажліва, з той самай прычыны жыла ў гатэлі элегантная немаладая жанчына з гожымі срэбнымі валасамі, якая не ўдзельнічала ў будзённым жыцці голых птушак, што свята яе шанавалі. Заўчасны жаніх прывёў яе маладзенькай у гатэль, салодка жыў з ёю пэўны час, а потым кінуў на волю лёсу. Аднак, нягледзячы на кляймо, яна здолела ўдала выйсці замуж. Калі ж яна засталася адна, два сыны і тры дачкі аспрэчвалі шчасце забраць яе жыць да сябе, але яна не знайшла больш годнага месца, чым гэтае жытло пяшчотных грэшніц. Асобны пакой тамака быў яе адзіным домам, і гэта раптам неяк зблізіла яе з Флярэнтына, пра якога яна паўтарала, што ён будзе вядомым на ўвесь свет навукоўцам, бо ведае, як узбагачаць душу чытаннем нават у раі пожадзі. Флярэнтына Арыса, са свайго боку, настолькі прывязаўся да яе, што хадзіў з ёй на рынак, і ўвечары часам гаманіў з ёю. Ён думаў, што яна была жанчынай мудрай у пытаннях кахання, — яна дала яму шмат выдатных парад, хоць ён і не раскрыў ёй сваёй таямніцы.

I да знаёмства з Фэрмінай Дасай ён не спакушаўся на блуд, а цяпер пагатоў не адступіў бы ад уласных прынцыпаў, бо быў заручаны з ёю. Флярэнтына Арыса жыў пад адным дахам з птушкамі, перажываў іхныя радасці і злыбеды, але ні ён, ні яны і не думалі пайсці далей. Нечаканая акалічнасць умацавала ягоную пазіцыю. Аднойчы а шостай увечары, калі птушкі апраналіся, каб прыняць першых вечаровых кліентаў, да яго ў пакой увайшла прыбіральшчыца паверха — маладая, аднак дачасна састарэлая і бледная жанчына, бы апранутая грэшніца на пакаянні сярод голых птушак. Ён бачыў яе штодня, хоць жанчына нікога не заўважала, абыходзячы пакойчыкі з венікам, вядром для смецця і анучай для збірання ўжываных кандомаў. Яна ўвайшла ў закуток, дзе Флярэнтына Арыса чытаў, і, як заўсёды, асцярожна, каб не замінаць яму, падмяла падлогу. Раптам яна падышла да ложка, і ён адчуў ейную цёплую і пяшчотную руку ў сябе на жываце, унізе, яна знайшла, што шукала, і стала расшпільваць гузікі. Ейны подых нібы запаўняў увесь пакойчык. Ён доўга ўдаваў, што чытае, але ў пэўны момант не здолеў трываць болей і рэзка адхіліўся ў бок.

Яна спужалася, бо, прымаючы яе на працу прыбіральшчыцай, яе сур’ёзна папярэдзілі, каб і не спрабавала заляцацца да кліентаў. Гэта было залішняе папярэджанне, бо яна была з тых, хто думаў, што прастытуцыя — гэта калі кладуцца ў ложак не за грошы, а з незнаёмцамі. У яе было двое дзетак ад розных мужоў, і прычынаю былі не выпадковыя прыгоды, проста жанчына не здолела знайсці чалавека, які вяртаўся б да яе пасля трэцяй ночы. І да таго дня яна нібыта не адчувала неадольных жаданняў, быццам бы прырода навучыла яе чакаць без адчаю. Аднак жыццё ў гэтым доме падточвала ейны нораў і цярплівасць. Яна пачынала працу а шостай увечары і ўсю ноч хадзіла з пакоя ў пакой, падмятаючы падлогу чатыр­ма ўзмахамі веніка, збіраючы кандомы, мяняючы прасціны. Цяжка было ўявіць тое, што пакідалі мужчыны пасля кахання. Гэта былі зразумелыя ёй ваніты і слёзы, але яны пакідалі і досыць загадкавыя рэчы: лужыны крыві, кучкі экскрэментаў, шкляныя вочы, залатыя гадзіннікі, зубныя пратэзы, медальёны з залацістымі пасмамі, лісты кахання і спачування, камерцыйныя дакументы. Некаторыя вярталіся па забытае, але бальшыня рэчаў заставалася незапатрабаванай, і Лятары Тугут трымаў іх пад замком, разлічваючы, што рана ці позна пакінуты Богам палац з тысячамі забытых рэчаў станецца музеем кахання.