Праз дваццаць пяць гадоў Лярэнса Даса нават і не падумаў, што ягоная ўпартасць у дачыненні да кахання дачкі была грэшным паўторам яго ўласнай гісторыі, і скардзіўся на сваю бяду ўсім шваграм, якія калісьці не прымалі яго і гэтаксама скардзіліся на яго. Але час, які ён марнаваў на скаргі, дачка выкарыстоўвала дзеля свайго кахання. Так, пакуль бацька лягчаў бычкоў і аб’езджваў мустангаў на ўрадлівых землях сваіх шваграў, дачка вольна гуляла з чародкай сясцёр, на чале якіх стаяла Ільдэбранда Санчас, самая гожая і спрытная з іх, чыё палкае і пазбаўленае будучыні каханне да чалавека, які быў старэйшы за яе на дваццаць гадоў, жанаты і шматдзетны, задавальнялася адно што патаемнымі позіркамі.
Пасля доўгага перабывання ў Вальедупары яны працягнулі шлях прыгор’ем, па квітнеючых далінах і казачных плато, і ўва ўсіх паселішчах іх прымалі, як у першым, — з музыкай і феерверкамі, з новымі кузінамі-саўдзельніцамі і пунктуальнымі тэлеграфнымі пасланнямі. Неўзабаве Фэрміна Даса зразумела, што дзень прыезду ў Вальедупар не быў чымсьці выключным, — у гэтай багатай правінцыі жылі так, нібыта кожны дзень тыдня быў святам. Госці спалі, дзе заспявала іх ноч, і елі, калі было патрэбна, бо дамы ніколі не зачыняліся, заўсёды можна было знайсці павешаны для госця гамак і зборную, з трыма відамі мяса, поліўку на выпадак, калі хто з’яўляўся без папярэдняй тэлеграмы, як здаралася амаль заўжды. Ільдэбранда Санчас суправаджала кузіну да канца вандроўкі, весела ведучы яе скрозь гушчар крэўных сваякоў да каранёў радавога дрэва. Фэрміна Даса ўсвядоміла сябе, упершыню адчула, што яна сама сабе гаспадыня, якую паўсюль суправаджаюць сябры і якую шануюць, і напоўніцу дыхала паветрам свабоды, якое вярнула ёй супакой і волю да жыцця. Нават у старасці яна прыгадвала гэтую вандроўку, якая з гадамі ўсё больш праяснялася ў памяці ў бліскучым ззянні настальгіі.
Аднойчы ўвечары Фэрміна Даса вярнулася пасля традыцыйнага шпацыру, агаломшаная адкрыццём: усё-такі можна быць шчаслівай без кахання і нават насуперак каханню. Адкрыццё збянтэжыла яе; менавіта тады нейкая чарговая кузіна выпадкова пачула гамонку сваіх бацькоў з Лярэнса Дасам, у якой апошні выказаў ідэю аддаць дачку за адзінага спадкаемца казачнага багацця Клеафаса Маскотэ. Фэрміна Даса ведала яго. Бачыла яго на пляцы, калі той гарцаваў на гожым кані з выдатнымі гунямі, падобнымі на царкоўныя аздабленні; ён быў элегантным і спрытным, ад яго рамантычных веек млелі нават камяні, але яна параўнала яго ў памяці з Флярэнтына Арысам пад мігдалавымі дрэвамі скверыка, бледным і хударлявым, з кніжкаю вершаў на каленках, і не знайшла ў сваім сэрцы ні ценю сумневу.
Ільдэбранда Санчас была поўная спадзеваў пад уражаннем ад наведвання варажбіткі, якая здзівіла яе сілаю прадбачання. Спужаная намерамі бацькі Фэрміна Даса таксама пайшла да той жанчыны. Карты паказалі, што ў будучыні няма перашкодаў для доўгага і шчаслівага шлюбу, і гэты прагноз вярнуў ёй спакой і сілу, бо яна не магла ўявіць сабе, што такі ўдалы лёс можа скласціся з некім іншым, апроч таго, каго яна кахала. Акрыленая вераю, яна зноў набыла ўладу над сабой і волю да свабоды. Менавіта тады тэлеграфная перапіска з Флярэнтына Арысам перастала быць выказваннем намераў і ілюзорных абяцанак, набыўшы метадычны, практычны характар, пачасціўшыся, як ніколі раней. Яны вызначылі тэрміны і спосабы далейшых дзеянняў, прысягнулі жыццём у сумесным рашэнні ажаніцца, ні ў кога не пытаючыся дазволу, дзе б тое ні было, чаго б ні каштавала, як толькі яны зноўку сустрэнуцца. Фэрміна Даса так сур’ёзна паставілася да свайго слова, што аднойчы, калі бацька дазволіў ёй пайсці на першы ў жыцці дарослы баль у мястэчку Фансэка, яна палічыла несумленным ісці на баль без згоды свайго нарачонага. Флярэнтына Арыса тым вечарам знаходзіўся ў матроскім гатэлі ды граў у карты з Лятарыем Тугутам, калі паведамілі, што да яго прыйшло тэрміновае тэлеграфнае пасланне.