Да яго звярнуўся тэлеграфіст з Фансэкі, які злучыў ланцуг з сямі мясцовых станцый, каб Фэрміна Даса здолела спытаць пра згоду на першы баль. Але, атрымаўшы згоду, яна не задаволілася проста станоўчым адказам і папрасіла доказу, што менавіта Флярэнтына Арыса стукаў ключом тэлеграфа на другім канцы лініі. Хутчэй здзіўлены, чым улагоджаны, ён прыдумаў і перадаў фразу для пасведчання ягонай асобы: «Скажэце ёй, што клянуся каранаванай багіняй». Фэрміна Даса пазнала пароль і прабалявала ўпершыню ў жыцці ажно да сёмай раніцы — ёй давялося наспех пераапранацца, каб не спазніцца на імшу. Да таго часу ў глыбінях ейнага куфра назбіралася больш лістоў і тэлеграм, чым бацька калісьці знайшоў, і яна навучылася паводзіць сябе, як замужняя жанчына. Лярэнса Даса ўспрыняў перамену ў паводзінах дачкі як знак таго, што адлегласць і час вылечылі яе ад дзявочага фантазёрства, але не падзяліўся з ёю праектам шлюбнай дамовы. Іх адносіны крыху палепшыліся, не выходзячы за фармальныя рамкі, вызначаныя ёю, калі ён выгнаў цётку Эскалястыку, і гэта давала месца зручнаму суіснаванню, ва ўсялякім разе, ніхто з блізкага асяродку не сумняваўся ў тым, што іхныя адносіны заснаваныя на пяшчоце.
Тым часам Флярэнтына Арыса вырашыў распавесці ёй у лістах, што ён робіць спробы адшукаць скарб затопленага галеона дзеля яе. Гэта была чыстая праўда, ідэя ўзнікла ў імгненні натхнення светлым вечарам, калі мора было быццам бы выбрукаванае алюмінем з-за безлічы рыб, прыспаных травою дзіванны. З усяго неба зляцеліся птушкі і біліся за спажыву, і рыбакі адганялі іх вёсламі, каб не аспрэчвалі права на забаронены цуд. Выкарыстанне дзіванны, якая толькі прысыпляе рыбу, было забаронена законам яшчэ за часамі калоніі, але карыбскія рыбакі пускалі расліну ў ход сярод белага дня ажно да з’яўлення дынаміту. Доўга цягнулася вандроўка Фэрміны Дасы, і ў ейную адсутнасць Флярэнтына Арыса бавіў час, гледзячы з высокіх стромаў, як рыбакі грузілі ў свае індзейскія лодкі вялікія нераты з соннаю рыбай. Там жа чародкі хлопчыкаў, што плавалі не горш за акул, прапаноўвалі разявакам кінуць манеты на дно і хутка іх даставалі. Гэта былі тыя ж хлопчыкі, якія з той самай мэтаю плылі насустрач трансатлантычным караблям і таксама вярталіся са здабычай, пра іхны спрыт нямала напісана ў падарожных нататках, якія выходзілі ў Злучаных Штатах і Еўропе. Флярэнтына Арыса ведаў хлопчыкаў здаўна, яшчэ да таго, як закахаўся, але ніколі не думаў пра тое, што яны здольныя падняць скарб, затоплены разам з галеонам. Гэта прыйшло яму да галавы тым светлым вечарам, і з наступнай нядзелі, калі да вяртання Фэрміны Дасы заставаўся цэлы год, у яго з’явілася яшчэ адна мара.
Эўклідэс, адзін з тых хлопчыкаў, загарэўся, як і ён, ідэяй падводнай выведкі. Флярэнтына Арыса не адкрыў яму праўды пра мэты вышуку, затое падрабязна распытаў пра ягоныя здольнасці як мараплаўца і нырца. Ён спытаў, ці здолеў бы той без запасу паветра нырнуць на дваццаціметровую глыбіню, і Эўклідэс адказаў, што так. Ён спытаў, ці мог бы ён сам весці рыбацкі човен па адкрытым моры падчас шторму без прыбораў, пры дапамозе адно ўласнага інстынкту, і Эўклідэс адказаў, што так. Ён спытаў, ці здолеў бы ён знайсці дакладнае месца на адлегласці шаснаццаці марскіх міляў на паўночны захад ад вялікай выспы архіпелагу Сатавэнта, і Эўклідэс адказаў, што так. Ён спытаў, ці змог бы ён грэбці ўначы, па зорках, і Эўклідэс адказаў, што так. Ён спытаў, ці згодны ён справіцца з такой працай і атрымаць за гэта грошы, якія ён атрымлівае ад рыбакоў за дапамогу, і Эўклідэс адказаў, што так, толькі з дадаткам у пяць рэалаў па нядзелях. Ён спытаў, ці ўмее хлапчук бараніцца ад акулы, і Эўклідэс адказаў, што так, бо валодае чарадзейнымі таямніцамі, якія іх адпуджваюць. Ён спытаў, ці здольны хлапец захоўваць таямніцу нават пад катавальнымі машынамі інквізіцыі, і Эўклідэс сказаў, што так, бо ніколі не адказваў «не» і ўмеў казаць «так» гэтак натуральна, што немажліва было засумнявацца. Нарэшце, яны падлічылі выдаткі: пракат чоўна, пракат вясла, пракат рыбацкіх прыладаў, каб ніхто не здагадаўся пра сапраўдныя мэты вылазкі. Да таго ж, трэба было ўзяць харч, бочачку пітной вады, алейную лямпу, пакунак свечак і, на экстранны выпадак, паляўнічы рог, каб была магчымасць падаць сігнал бедства.
Хлапчуку было недзе дванаццаць гадоў, ён гаманіў без пярэдыху, быў рухавым ды спрытным, як вугор, — менавіта такім, якім трэба быць, каб праслізнуць праз цесны ілюмінатар карабля пад вадою. Вятры так прадубілі яго, што цяжка было ўявіць колішняе, натуральнае адценне ягонае скуры, што рабіла ягоныя вялікія жоўтыя вочы яшчэ больш прамяністымі. Флярэнтына Арыса вырашыў, што гэта ідэальны саўдзельнік задуманае прыгоды, і яны ўзяліся за справу адразу, як толькі надышла нядзеля.