Выбрать главу

Удзень, асабліва ў нядзелі, ён знаходзіў задавальненне ў ін­шым. У нетрах квартала Віцэ-каралёў, дзе жылі багатыры старога горада, жаночы пляж аддзяляўся ад мужчынскага тынкаванай агароджай: адзін пляж знаходзіўся справа ад маяка, а другі — злева. Так што даглядчык прыладзіў падзорную трубу, з дапамогаю якой можна было паназіраць за жаночым пляжам за плату ў адзін сентава. Дзяўчаты з вышэйшага свету не ведалі пра гэта, але ўсё роўна хадзілі па пляжы ў сваіх купальніках з вялікімі фальбонкамі, у пляжным абутку і шыракаполых капелюшах, якія хавалі цела не горш за звычайную вопратку, і да таго ж адбаўлялі прыгажосці. Маці пільнавалі іх, седзячы на беразе ў лазовых крэслах-гушкалках пад страшэнным сонцам і ў такой самай вопратцы, у такіх самых капелюшах з пёрамі, з такімі самымі муслінавымі парасонамі, з якімі хадзілі на імшу. Яны пабойваліся, што мужчыны з суседняга пляжа маглі спакусіць іхных дачок пад вадою. Карацей кажучы, праз марскі бінокль нельга было ўбачыць нічога больш пікантнага, чым на вуліцы, але нядзельных кліентаў, якія аспрэчвалі адзін у аднаго права на бінокль дзеля таго, каб адведаць горкіх яблыкаў з чужога саду, было шмат.

Флярэнтына Арыса заставаўся сярод іх, хутчэй ад нудоты, і не бінокль стаўся чыннікам ягонага сяброўства з даглядчыкам маяка. Сапраўдная прычына тоілася ў тым, што пасля разлукі з Фэрмінай Дасай, калі ім авалодала ліхаманка бязладных любоўных сувязяў у спробе забыць яе, менавіта на маяку, а не дзе яшчэ, ён пражыў найшчаслівейшыя са сваіх гадзін і знайшоў суцяшэнне. Гэта было яго ўлюбёнае месца, прычым настолькі, што шмат гадоў ён рабіў спробы ўпэўніць маці, а затым і дзядзьку Леона XII, каб тыя дапамаглі выкупіць яго. Маякі Карыбскага мора былі ў тыя часы прыватнай маёмасцю, іх гаспадары атрымлівалі плату за права праходу да порта адпаведна памерам судна. Флярэнтына Арыса думаў, што гэта адзіная высакародная мажлівасць спалучэння выгоднае справы з паэзіяй, але ні маці, ні дзядзька гэтак не думалі, а калі ён займеў патрэбныя сродкі, маякі ўжо перайшлі ва ўласнасць дзяржавы.

Мары, аднак, не былі дарэмнымі. Гісторыя з галеонам, а пазней і новая зацікаўленасць маяком прынеслі палёгку пакутам ад расстання з Фэрмінай Дасай, і тут у самы нечаканы момант прыйшла вестка пра яе вяртанне. Пасля доўгай пабыўкі ў Рыёачы Лярэнса Даса вырашыў вярнуцца. Гэта быў не найлепшы час для вандроўкі морам, бо дзьмулі снежаньскія пасаты, і шхуна, якая адважылася на падобны пераход, магла апынуцца на золку ў порце адпраўкі з-за сустрэчнага ветру. Дарэчы, так і здарылася. Фэрміна Даса правяла ноч, нібыта ў агоніі, яна ванітавала жоўцю, прывязаная да ложка ў каюце, якая была падобная да тавернавай прыбіральні не толькі праз сваю невыносную цеснату, але таксама праз тое, што там жудасна смярдзела і парыла. Мора ўсхадзілася так, што часцяком здавалася, нібыта ірваліся пасы бяспекі ейнага ложка, з палубы чуўся лямант, быццам бы пры крушэнні, і тыгровы храп бацькі побач даводзіў яе да жаху. Упершыню за тры гады яна правяла ноч у бяссонні, не думаючы ніводнае хвілі пра Флярэнтына Арысу. Ён жа, насупраць, ляжаў таксама ў бессані ў сваім гамаку за перагародкай і лічыў бясконцыя хвілі да яе вяртання. На золку вецер раптам суняўся, мора супакоілася, і Фэрміна Даса зразумела, што заснула насуперак жахліваму гойданню, і толькі металічнае скрыпенне якарнага ланцуга абудзіла яе. Тады яна расперазала пасы, пагля­дзела ў ілюмінатар са спадзевам убачыць Флярэнтына Арысу ў натоўпе тых, хто сустракаў карабель, але ўгледзела адно мытныя склады сярод пазалочаных першымі промнямі сонца пальмаў і падгнілы пірс Рыёачы, скуль шхуна адплыла мінулай ноччу.

Дзень прайшоў, рыхтык як галюцынацыя, у тым жа доме, дзе яна была напярэдадні адплыцця, і зноўку яна прымала людзей, якія развіталіся з ёю ўчора, і гаманілі яны пра тое самае, і яе аглушыла адчуванне, што яна нанава перажывала пражыты фрагмент жыцця. Паўтор быў такім яўным, што яе трэсла ад аднае думкі — а раптам паўторыцца і ноч на шхуне, успамін пра якую выклікаў адно жах. Аднак альтэрнатыўны спосаб вяртання дамоў патрабаваў бы двух тыдняў вярхом на муле па горных карнізах і ва ўмовах больш небяспечных, чымся першы раз, бо новая грамадзянская вайна, што ўспыхнула ў андыйскім штаце Каўка, ужо ахапіла й карыбскія правінцыі. Так што а восьмай увечары яе зноўку праводзіў да порта той самы картэж шумных сваякоў, які праліваў тыя ж развітальныя слёзы і ўручаў тыя ж пакункі з правізіяй на дарогу, якія не пралазілі праз дзверы каюты. У момант адплыцця мужчыны клану развіталіся са шхунай залпам з асабістае зброі, і Лярэнса Даса адказаў з борта пяццю рэвальвэрнымі стрэламі. Трывога Фэрміны Дасы хутка развеялася, бо ўначы яны плылі са спадарожным ветрам, і мора пахла кветкамі, так што яна выдатна заснула і спала без пасаў бяспекі. Ёй снілася, што яна зноўку бачыць Флярэнтына Арысу, і ён зняў з сябе твар, які насамрэч быў маскаю, але сапраўдны твар пад маскай быў такім самым. Яна прачнулася на золку, заінтрыгаваная таямніцай сну, і знайшла бацьку ў капітанскім бары — ён піў моцную горкую каву з брэндзі і трохі ўжо касавурыў вокам ад выпітага, а шхуна між тым упэўнена набліжалася да дому.