У свае дваццаць восем гадоў Хувэналь Урбіна ўважаўся за самага віднага халасцяка. Ён вярнуўся дамоў пасля доўгага перабывання ў Парыжы, дзе атрымаў вышэйшую медыцынскую, у тым ліку й хірургічную адукацыю, і, ледзь ступіўшы на родную зямлю, выдатна даказаў, што не страціў у Еўропе ніводнае хвілі часу. Ён вярнуўся беззаганна адукаваным, з вялікім самавалоданнем і годнасцю, і ні адзін аднагодак не быў такім скрупулёзным і дыхтоўным у навуцы, як ён, але таксама ніхто не ўмеў танчыць модныя танцы альбо імправізаваць за раялем лепш за яго. Зачараваныя яго асобай, а таксама ўсведамляючы яго сямейную заможнасць, дзяўчаты ягонага кола патаемна разыгрывалі права сустракацца з ім; і ён таксама гуляў з агнём, калі ішоў на такія сустрэчы, здолеўшы, аднак, захаваць незалежнасць вольнага, спакуслівага халасцяка, пакуль без якога-кольвечы супраціву не скарыўся перад плебейскімі чарамі Фэрміны Дасы.
Яму падабалася паўтараць, што гэтае каханне было вынікам клінічнай памылкі. Ён сам не мог паверыць у тое, што здарылася, тым болей у той час, калі ўсе эмацыйныя рэзервы былі падначаленыя толькі справе ўратавання горада, пра які ён размаўляў, мажліва, занадта часта, але толькі таму, што не сумняваўся: падобнага горада няма ва ўсім свеце. У Парыжы, калі ён позняй восенню шпацыраваў пад руку з чарговаю спадарожніцай, яму здавалася, што не было большага шчасця, чым гэтыя залатыя вечары з рэзкім водарам смажаных на вуліцы каштанаў, з млявымі гукамі акардэонаў, з ненажэрнымі парамі каханкаў, якія паўсюдна цалаваліся на адкрытых тэрасах, і ўсё-ткі, паклаўшы руку на сэрца, ён сказаў сабе, што ні за што не прамяняў бы адно-адзінае імгненне карыбскага красавіка на ўсе гэныя парыжскія радасці. Ён быў яшчэ надта малады, каб ведаць, што памяць сэрца вынішчае кепскія ўспаміны і высоўвае на першы план прыемныя, дзякуючы чаму нам лягчэй даць рады мінуламу. Але калі з палубы карабля ён зноў убачыў белы прыгорак каланіяльнага квартала, нерухомых аўраў на дахах, бялізну бедных, якая сушыцца на балконах, тады толькі зразумеў, што стаўся лёгкай ахвярай міласэрнага самападману, імя якому — настальгія.
Карабель пракладаў сабе шлях у бухце праз суцэльнае покрыва з тушак патанулых жывёлінаў, і ад смуроду амаль усе пасажыры збеглі ў свае каюты да прыбыцця ў порт. Малады лекар Хувэналь Урбіна спусціўся па сходнях карабля ў бездакорным альпакавым строі з камізэлькай і ў плашчы, з бародкаю, як у маладога Пастэра, і прычоскай на просты прабор, якая адкрывала бледную і дакладную лінію раздзелу валасоў. Вытрымка ледзь дазваляла яму прыхаваць узрушанне не так ад суму, як ад жаху. На амаль бязлюдным прычале, які вартавалі босыя ўзброеныя салдаты без формы, чакалі ягоныя сёстры з маці і блізкія сябры. Яны падаліся яму бляклымі ад яўнай адсутнасці перспектывы на будучыню, нягледзячы на свецкі выгляд, і размаўлялі пра крызіс і грамадзянскую вайну, як пра штосьці далёкае і чужое, але ўсё ж не маглі схаваць дрыжыкаў у голасе і разгубленасці ў вачах, якія супярэчылі словам. Больш за ўсіх збянтэжыла маці, яшчэ не старая жанчына, якая дасягнула шмат чаго ў жыцці прыроднай элегантнасцю і мэтанакіраванасцю, а цяперака звядала на марудным агні старасці ў камфарным водары крэпавай удовінай вопраткі. Яна, верагодна, зразумела трывогу сына, бо паспяшалася абараніцца пытаннем, чаму ён бледны, як воск.
— Жыццё такое, маці, — адказаў ён. — У Парыжы ўсе зелянеюць.
Трохі пазней, задыхаючыся ад спякоты ў закрытым экіпажы каля маці, ён ужо не мог трываць сутыкнення з бязлітаснай рэчаіснасцю, якую бачыў праз акенца і якая захлынала яго. Мора выглядала так, нібыта было пасыпанае попелам. Старажытныя палацы маркізаў ледзь трывалі, аблепленыя жабракамі, і праз смяротны смурод адкрытых сцёкаў немагчыма было адчуць цёплага духу язміну. Усё здавалася драбнейшым, чым да ад’езду, бяднейшым і змрачнейшым, і па гразкіх вуліцах бегала столькі галодных пацукоў, што пужаліся коні. За доўгі шлях ад порта да роднага дома ў самым сэрцы квартала Віцэ-каралёў ён не знайшоў нічога, што б перагукалася з ягонай настальгіяй. Узрушаны, ён адвярнуўся, каб маці не заўважыла, і бязгучна заплакаў.