Гэта і насамрэч сталася вынікам клінічнай памылкі. Яго сябру-лекару прымроіліся папярэднія сімптомы халеры ў васямнаццацігадовай пацыенткі, і ён папрасіў доктара Хувэналя Урбіна агледзець яе. Доктар не стаў марудзіць, спалоханы тым, што выпадак паказваў на мажлівасць пранікнення халеры ў заможны раён старога горада, бо ўсе папярэднія факты захворвання былі зарэгістраваныя ў маргінальных раёнах і амаль усе — сярод мурыкаў, але падчас візіту ён сутыкнуўся з іншымі, менш сумнымі неспадзяванкамі. Дом пад ценем мігдалавых дрэў Евангельскага скверыка звонку здаваўся напаўразбураным, як астатнія пабудовы каланіяльнага квартала, але ўнутры ён знайшоў незвычайны парадак, чысціню і дзівоснае святло, якое выпраменьвалася нібы з іншай эпохі. Вітальня выходзіла наўпрост на дворык севільскага тылу, квадратны, з пабеленымі апельсінавымі дрэвамі ў квецені; падлога і сцены былі аздобленыя кафляй. Цурчала нябачная крыніца, на карнізах стаялі вазоны з гваздзікамі, у кожнай арцы вісела клетка з рэдкімі птушкамі. Самымі дзіўнымі былі тры крумкачы ў вялізнай клетцы, якія часам шумна ўзмахвалі крыллем, напаўняючы паветра падманлівым пахам. Раптам дзесьці забрахалі прывязаныя сабакі, ашалелыя ад паху чужога чалавека, але жаночы вокліч змусіў іх змоўкнуць. Аднекуль павыскоквалі каты і пабеглі хавацца сярод кветак, спужаўшыся ўладнасці голасу. I тады настала такая празрыстая ціша, што скрозь птушыныя спевы і шэпт вады на камянях адчуваўся адчайны подых мора.
Усхваляваны ўпэўненасцю ў фізічнай прысутнасці Бога, доктар Хувэналь Урбіна падумаў, што такі дом не падуладны халеры. Ён пайшоў услед за Галай Плясыдыяй па галерэі, мінуў пакой для шытва, дзе Флярэнтына Арыса ўпершыню ўгледзеў Фэрміну Дасу, калі дом яшчэ рамантаваўся, узняўся па новай мармуровай лесвіцы на другі паверх і пачакаў перад дзвярыма спальні, пакуль прыслужніца паведаміла хворай пра ягоны прыход. Гала Плясыдыя выйшла са словамі:
— Сеньярыта сказала, што зараз прыняць вас не можа, бо бацькі няма дома.
Ён зноў прыйшоў а пятай увечары, як казала прыслужніца, і Лярэнса Даса асабіста адчыніў яму дзверы і правёў у спальню дачкі. Бацька застаўся сядзець у зацемненым кутку, скрыжаваўшы рукі і робячы спробы суцішыць сваё цяжкое дыханне да канца агляду. Нялёгка было б вызначыць, хто больш саромеўся, — лекар са сваімі нясмелымі дотыкамі альбо хворая дзяўчына — сама цнота — у шаўковай начной кашулі, але яны не глядзелі адзін аднаму ў вочы, доктар толькі задаваў пытанні адчужаным голасам, а яна адказвала яму голасам трапяткім: абое адчувалі прысутнасць бацькі ў паўцемры. Потым доктар Хувэналь Урбіна папрасіў хворую сесці і далікатным рухам апусціў на ёй начную кашулю да таліі: ганарлівыя нечапаныя грудзі з дзіцячымі яшчэ смочкамі раптам успыхнулі ў сутонні спальні, нібыта сполахі стрэлаў, і яна тут жа паспешліва схавала іх за скрыжаванымі рукамі. Лекар, нягледзячы на яе, развёў яе рукі і быццам бы абыякава распачаў простае праслухванне: прыклаў вуха спачатку да грудзей, а потым да спіны.