Выбрать главу

Пазней доктар Хувэналь Урбіна часта казаў, што калі па­знаёміўся з жанчынай, з якой потым пражыве жыццё ажно да скону, ён не адчуў ніякіх эмоцый. Доктар згадваў блакітную начную кашулю з карункамі, ліхаманкавыя вочы, даўгія валасы, якія збягалі з плячэй, але ён быў так узрушаны тым, што халера ўварвалася ў каланіяльны раён, што не звяртаў ніякай увагі на прыгажосць дзяўчыны, а толькі шукаў хоць найменшую адзнаку, якая магла б пацвердзіць меркаванне калегі. Яе ж думкі былі больш акрэсленымі: малады доктар, пра якога яна столькі чула ў сувязі з халерай, падаўся ёй педантам, няздольным любіць нікога, акрамя сябе самога. Ён паставіў дыягназ: кішэчная інфекцыя стрававага паходжання, якую адолелі пасля трох дзён лекавання ў хатніх умовах. Супакоены тым, што дачка ўсё ж не захварэла на халеру, Лярэнса Даса праводзіў доктара Хувэналя Урбіна да пралёткі і заплаціў яму адзін песа золатам за візіт. Трэба сказаць, што цана здалася яму завысокай, няхай перад ім стаяў лекар для багацеяў, але развітваўся шчаслівы бацька, не стрымліваючы слоў удзячнасці. Ён быў аслеплены бляскам прозвішча доктара і не толькі не хаваў свайго стаўлення да яго, а гатовы быў зрабіць што заўгодна, каб сустрэцца зноў і пры менш фармальных абставінах.

Справу можна было лічыць завершанай. Аднак у аўторак на наступным тыдні без выкліку альбо якога-кольвек папярэджання доктар Хувэналь Урбіна вярнуўся ў той самы дом пад даволі нязручны час — у абед а трэцяй гадзіне. Фэрміна Даса з дзвюма сяброўкамі знаходзілася ў пакоі для шытва, дзе ішоў урок алейнага жывапісу, калі ён з’явіўся каля акна ў бездакорным белым сурдуце, у белым цыліндры і зрабіў знак, каб яна наблізілася да яго. Яна пакінула палітру на крэсле і на дыбачках падышла да акна, прыўздымаючы сукенку з фальбонкамі, каб яна не цягнулася па падлозе. На дзяўчыне была дыядэма, галоўны камень упрыгожваў лоб, і адтуль ішло святло такога нявызначанага адцення, як ад ейных вачэй, а ўкола лунаў водар свежасці. Доктар звярнуў увагу на тое, што яна была апранутая святочна, хоць проста займалася жывапісам. Ён праверыў праз акно пульс, папрасіў паказаць язык, агле­дзеў горла з дапамогаю алюмініевай лапатачкі, апусціў ніжняе павека і кожны раз рабіў ухвальны жэст. Ён быў не такім сарамлівым, як падчас мінулага візіту, затое яна — так, бо не разумела прычыны нечаканага агляду, ён жа сам сказаў, што не вернецца, хіба што яго выклічуць. Да таго ж, яна казала сабе, што наперад не жадае яго бачыць. Завяршыўшы агляд, ён паклаў лапатачку ў партфель з мноствам інструментаў і нейкіх флакончыкаў ды зачыніў яго.

— Вы — як нованароджаная ружа, — сказаў ён.

— Дзякуй.

— Богу аддзячце, — паправіў ён і тут жа, адступаючы ад тэк­сту, працытаваў Святога Тамаша. — Прыгадайма: «Дабро, скуль бы яно ні з’явілася, ідзе ад Святога Духа». Ці вы любіце музыку?

Ён спытаў пра гэта з чароўнай усмешкай, нібыта выпадкова, тым не менш, яна не прыняла ягонага тону.

— Дзеля чаго вы пытаецеся? — пазбегла яна прамога адказу.

— Музыка спрыяе здароўю, — патлумачыў ён.

Доктар насамрэч верыў у гэта, а крыху пазней яна даведаецца і запомніць на ўсё жыццё, што тэма музыкі была для яго чарадзейнай формулай прапановы сяброўства, але тады яна ўспрыняла яго словы як жарт. Акрамя таго, яе сяброўкі, якія да пары ўдавалі, нібы працягваюць пісаць свае эцюды, раптам у адзін голас хіхікнулі, а дакладней, піскнулі, як мышы, і тут жа схавалі твары за эцюднікамі, што засмуціла Фэрміну Дасу яшчэ болей. Аслепленая гневам, яна рэзка зацягнула акно. Ашаломлены доктар убачыў перад сабою карункавыя фіранкі і паспяшаўся знайсці дарогу да выхаду, але пераблытаў кірунак і натрапіў на клетку, у якой сядзелі крумкачы. Яны глуха закрумкалі, з перапуду замахалі крыламі, і вопратка доктара набралася пахамі жаночай парфумы. Грымотны голас Лярэнса Дасы змусіў яго спыніцца на месцы:

— Доктар, пачакайце мяне.

Ларэнса Даса ўсё бачыў з другога паверха і цяпер спускаўся, зашпільваючы кашулю. У яго быў ацёчны й пачырванелы твар, а бакенбарды яшчэ тырчэлі пасля трывожнага сну сіесты. Доктар паспрабаваў суцішыць засмучанасць:

— Я сказаў вашай дачцэ, што яна — як ружа.

— Гэта так, — адказаў Лярэнса Даса, — але ў гэтае ружы зашмат шыпоў.

Ён прайшоў каля доктара, хоць і не павітаўся з ім, адкінуў фіранку і груба запатрабаваў ад дачкі:

— Зараз жа папрасі прабачэння ў доктара!

Доктар хацеў было спыніць спрэчку, але Лярэнса Даса нават не звярнуў увагі на ягоны шэпт і патрабавальна дадаў: «Паспяшайся!» Фэрміна Даса паглядзела на сябровак з прыхаванай просьбай разумення і сказала бацьку, што ёй няма за што перапрашаць, яна ж зацягнула акно толькі таму, што сонца замінала іх заняткам. Доктар Урбіна хацеў пацвердзіць яе тлумачэнні, аднак Лярэнса Даса настояў на сваім. Тады Фэрміна Даса, бледная ад шаленства, вярнулася да акна, высунула правую ножку наперад, прыўздымаючы прыпол кончыкамі пальцаў, і зрабіла доктару тэатральны рэверанс.