— Д’ябал, — шапнуў ён скрозь сон, — памерлі ўсе нябожчыкі.
Маці і сёстры вячэралі за сталом для ўрачыстасцяў у вялікай гасцёўні. Ім падалі, як заўсёды, каву з малаком і мядовыя пернікі, калі ён узнік на парозе з вартым жалю тварам, і з ім увайшоў у гасцёўню блядскі пах крумкачоў. Звон з кафедральнага сабора аддаваўся рэхам у вялікім фантане двара. Маці ўстрывожана запыталася, дзе ён цягаўся, бо шукалі яго паўсюль — быў тэрміновы выклік да генерала Ігнасіё Марыі, апошняга ўнука маркіза Хараіса дэ ля Вэры, па кім ужо званілі званы: удзень у яго адбылося кровазліццё ў мозг. Доктар Хувэналь Урбіна слухаў маці, не чуючы, трымаючыся за вушак, потым павярнуўся, робячы спробу дайсці да спальні, але ўпаў ніцма, ванітуючы анісаўкай.
— Святая Марыя! — ускрыкнула маці. — Штосьці сапраўды незвычайнае здарылася, калі ты дазволіў сабе вярнуцца дамоў у такім стане.
Самае незвычайнае, аднак, было наперадзе. Ён выкарыстаў прыезд слыннага піяніста Рамэа Лусічы, які сыграў цыкл санатаў Моцарта, як толькі горад спыніў жалобу па генералу Ігнасіё Марыі, і загадаў пагрузіць раяль Музычнае школы на калёсы, мулы даставілі інструмент на адрас. Такім чынам, доктар Хувэналь Урбіна арганізаваў для Фэрміны Дасы незабыўную серэнаду. Яна прачнулася з першымі тактамі, ёй не трэба было выглядаць праз карункавыя фіранкі балконнага акна, каб зразумець, хто зладзіў нечуваную імпрэзу. Яна толькі шкадавала, што не пасмела, як іншыя ўгневаныя дзяўчаты, выліць на голаў непажаданага кавалера змесціва начнога гаршчка. Лярэнса Даса, наадварот, хутка апрануўся, пакуль гучала серэнада, пасля чаго запрасіў доктара Хувэналя Урбіна і піяніста, яшчэ ў канцэртным фраку, у гасцёўню, дзе аддзячыў за серэнаду кілішкам выдатнага брэндзі.
Неўзабаве Фэрміна Даса здагадалася, што бацька спрабуе ўлагодзіць ейнае сэрца. На наступны дзень пасля серэнады ён сказаў ёй, быццам бы незнарок: «Уяві, што б адчула маці, калі б дазналася, што да цябе заляцаецца нашчадак Урбіна дэ ля Калле». Яна суха адказала: «Перавярнулася б у труне». Сяброўкі, з якімі яна займалася жывапісам, распавялі ёй, што Лярэнса Даса быў запрошаны на абед у Грамадскі клуб, і запрасіў яго доктар Хувэналь Урбіна, за што атрымаў суворае папярэджанне, бо парушыў правілы клубнага рэгламенту. Потым яна даведалася, што бацька ўжо некалькі разоў падаваў заяву на прыём у клуб, і яны былі адхіленыя з такой колькасцю чорных шароў, якая рабіла немажлівай новую спробу. Аднак Лярэнса Даса прапускаў знявагі праз сваю загартаваную алкаголем печань, і зноўку ішоў на ўсялякія хітрыкі, каб зноў пабачыцца з Хувэналем Урбіна, не здагадваючыся, што і сам Хувэналь Урбіна імкнуўся, каб новая сустрэча адбылася. Часам яны гаманілі ў канторы, і ў доме нібыта спыняўся час: гэтак Фэрміна Даса паскарала сыход нежаданага госця. Добрым прытулкам для будучых цесця й зяця сталася прыходская кавярня. Менавіта там Лярэнса Даса даў Хувэналю Урбіна пачатковыя ўрокі гульні ў шахматы. Вучань так стараўся, што шахматы сталіся яго невылечнай хваробай, на якую ён хварэў да апошняга дня жыцця.
Адным з вечароў пасля імпрэзы з серэнадай Лярэнса Даса знайшоў пад дзвярыма свайго дома ліст, запячатаны сургучом. Ліст быў адрасаваны дачцэ, і на сургучнай пячатцы лёгка прачытвалася доктарава манаграма. Праходзячы каля спальні Фэрміны, ён падсунуў ліст пад дзверы, і яна не здолела зразумець, як ліст з’явіўся ў яе: нельга ж было ўявіць, што бацька змяніўся так, што ўжо прыносіць ёй лісты кавалераў. Яна пакінула ліст на начным століку, насамрэч не ведаючы, што з ім рабіць, і ліст заставаўся запячатаны колькі дзён, да таго дажджлівага вечара, калі Фэрміне Дасе прыснілася, што Хувэналь Урбіна прыйшоў да іх і падараваў ёй лапатачку, з дапамогаю якой аглядаў ейныя гланды. Лапатачка ў сне была не алюмініевая, а з нейкага апетытнага металу, смак якога захапляў яе падчас наступных сноў, і яна ў сне паламала лапатачку і вярнула яму меншы кавалак. Прачнуўшыся, яна распячатала ліст. Ён быў кароткім і стрыманым, пра адно толькі прасіў Хувэналь Урбіна: каб яна дазволіла прасіць згоды ейнага бацькі на прыватныя візіты. Яе ўразілі сціпласць і сур’ёзнасць, і тады раздражнёнасць, якую яна песціла ў душы на працягу многіх дзён, раптам знікла. Яна паклала ліст у пустую скрынку на дне куфра, але прыгадала, што менавіта туды яна складвала духмяныя пасланні Флярэнтына Арысы, таму, раптам адчуўшы сорам, зноў дастала ліст, каб перакласці яго ў іншае месца. Потым падумала, што лепш будзе, калі яна зробіць выгляд, што нічога не атрымала, і спаліла ліст над лямпай, назіраючы, як кроплі сургуча выбухаюць сінімі пырскамі над агнём. Яна ўздыхнула: «Гаротны чалавеча!» І раптоўна ёй прыйшло да галавы, што яна вымавіла ў думках тыя словы год з лішкам таму, на імгненне падумала пра Флярэнтына Арысу і сама здзівілася, як і ён далёкі ад яе жыцця: гаротны чалавеча.