У кастрычніку, з апошнімі дажджамі сезона, яна атрымала яшчэ тры лісты, першы — разам са скрыначкай фіялкавых цукерак, якія вырабляла абацтва Флавінні. Два лісты перадаў каля ўвахода фурман доктара Хувэналя Урбіна, і сам ён пры гэтым павітаўся з Галай Плясыдыяй праз акенца пралёткі, па-першае, каб не было сумневу ў тым, што гэта лісты ад яго, а па-другое, каб ніхто не здолеў сцвердзіць, што лісты не былі ўручаныя. Апрача таго, тыя лісты мелі сургучную манаграму і былі напісаныя неразборлівымі каракулямі, Фэрміна Даса іх пазнала — гэта быў доктарскі почырк. Яны, па сутнасці, паўтаралі першае пасланне і былі складзеныя ў тым самым пакорлівым духу, але скрозь іх прыстойнасць ўжо праглядала пакутлівае хваляванне, якога ніколі не мелі асцярожныя пасланні Флярэнтына Арысы. Фэрміна Даса прачытала іх адразу ж, як толькі яны, з двухтыднёвай паўзай, былі дастаўленыя, і без тлумачэння для сябе захавала абодва лісты, хоць у першую хвіліну збіралася кінуць іх у полымя. Аднак і не падумала адказваць.
Трэці кастрычніцкі ліст быў падсунуты пад уваходныя дзверы і ўва ўсім адрозніваўся ад папярэдніх. Почырк аказаўся дзіцячым, бо пісалі яго, верагодна, левай рукою, але Фэрміна Даса нічога не зразумела, пакуль сам тэкст не праявіў, што прыслалі ёй гнюсную ананімку. Аўтар сцвярджаў, што Фэрміна Даса свядома спакусіла сваімі чарамі доктара Хувэналя Урбіна, і, зыходзячы з гэтага меркавання, ананімшчык рабіў жудасныя высновы. Ліст завяршаўся пагрозай: калі Фэрміна Даса не адмовіцца ад прэтэнзій у адносінах да самага вяльможнага ў горадзе чалавека, будзе пакараная праз публічную ганьбу.
Яна адчула сябе ахвярай жорсткай несправядлівасці, але й не падумала помсціць за няпраўду, наадварот, яна жадала б даведацца, хто аўтар ананімкі, каб давесці яму пра памылку вычарпальнымі тлумачэннямі, бо яна была ўпэўненая ў тым, што ніколі і ні пры якіх абставінах не адкажа на заляцанні Хувэналя Урбіна. Наступнымі днямі яна атрымала яшчэ два лісты без подпісу, гэтак жа беспардонныя, як і першы, але ў іх не паўтараўся почырк першага ліста. Альбо яна ахвяра змовы, альбо прыдуманы сакрэт уяўнага таямнічага кахання распаўсюдзіўся ўжо надта далёка, ва ўсякім разе, далей за найсмялейшыя меркаванні. Яе непакоіла думка пра тое, што гэта вынік звычайнай бездыхтоўнасці Хувэналя Урбіна. Яна нават падумала, што, мажліва, ён не такі высакародны, як выглядае, і, мусібыць, даваў волю языку падчас візітаў, хваліўся ўяўнымі перамогамі, як шмат якія мужчыны яго класа. Яна збіралася напісаць яму, як след вылаяць за грубую абразу яе годнасці, але потым адмовілася ад свайго намеру, падумаўшы, што, верагодна, гэтага ён і чакаў. Яна спрабавала дазнацца пра тое, што адбывалася, цераз сябровак, якія прыходзілі да яе займацца жывапісам у пакоі для шытва, але тыя толькі чулі добрыя водгукі пра сольную серэнаду на раялі. Яна адчула прыліў злосці, бездапаможнасці і знявагі. У адрозненне ад першай рэакцыі, калі яна гатовая была сустрэцца з невядомым ворагам, давесці, што ён памыляецца, цяперака яна мела іншы намер — пусціць яго на шматкі з дапамогай садовых нажніцаў. Яна праводзіла ночы без сну, аналізавала асобныя выразы ў ананімных лістах са спадзевам на тое, што знойдзе хоць нейкі след. Але ілюзіі былі марнымі: Фэрміне Дасе ад прыроды быў чужы ўнутраны свет такіх сямействаў, як Урбіна дэ ля Калле, яна была ўзброеная для абароны ад іх добрых, але не ад злых намераў.
Яшчэ больш засмуціла яе, нагнала на яе жах чорная лялька, дасланая ёй пад тыя дні без суправаджальнага ліста, хоць няцяжка было зразумець, хто яе падараваў: гэта мог быць толькі доктар Хувэналь Урбіна. Лялька была набытая на Мартыніцы, як абвяшчала арыгінальная бірка, яе вопратка выглядала цудоўна, пасмы валасоў паблісквалі золатам, яна нават умела заплюшчваць вочы. Фэрміне Дасе лялька здалася такой пацешнай, што яна перамагла сябе і ўдзень клала на сваю падушку, а ўначы спала з ёю. Праз некаторы час, аднак, адыходзячы ад цяжкога, стамляльнага сну, яна прыкмеціла, што лялька расце: гожая сукенка ўжо не хавала сцёгнаў, а чаравічкі трэснулі пад ціскам ножак. Раней Фэрміне Дасе даводзілася чуць пра розныя віды афрыканскага вядзьмарства, але страшнейшага за гэта яна не прыгадвала. З іншага боку, яна не магла ўявіць сабе, каб такі чалавек, як Хувэналь Урбіна, быў здольны на такую нялюдскасць. Яна мела рацыю: ляльку прынёс не доктараў фурман, а вулічны гандляр крэветкамі, пра якога ніхто не змог сказаць нічога ўцямнага. Спрабуючы разгадаць таямніцу, Фэрміна Даса нейкі час думала на Флярэнтына Арысу, бо ягоная змрочнасць заўсёды наводзіла страх, але жыццё само адкінула яе міжвольную памылку. Таямніца так і засталася таямніцай, раптоўны ўспамін пра якую ўзрушаў яе нават шмат пазней, калі яна жыла ў шлюбе, нарадзіла дзяцей і лічыла сябе выбранніцай лёсу, найшчаслівейшай з жанчын у свеце.