— Слушна кажа твой бацька: у цябе характар муліцы, — скончыла яна размову.
Арцыбіскуп не прыйшоў. Так што асада была б знятая, калі б не Ільдэбранда Санчас, якая прыехала правесці да кузіны Каляды, што паўплывала на далейшае жыццё абедзвюх. Сустрэлі яе а пятай раніцы, калі падплыла шхуна з Рыёачы, сярод натоўпу напаўмёртвых ад гойданкі пасажыраў, але яна ступіла на зямлю радасная, вельмі жаноцкая, хіба што адчуваўся пэўны тлум праз цяжкую ноч у моры. Ільдэбранда прывезла шмат кошыкаў з жывымі індыкамі і іншымі дарамі багатых родных земляў, каб хапіла ўсім на працягу ейнага перабывання. Лісымака Санчас, ейны бацька, загадаў спытаць, ці патрэбны музыкі на святкаванне Вялікадня, у яго, маўляў, ёсць на прыкмеце найлепшыя, і абяцаў неўзабаве даслаць груз з гатовымі феерверкамі. Яшчэ ён перадаў, што не зможа прыехаць па дачку да сакавіка, так што ў дзяўчат ставала часу.
Кузіны адразу сталіся неадлучнымі. Яны купаліся разам з першага дня, запырскваючы вадою адна другую. Яны намыльвалі адна адну, дапамагалі даставаць гніды, мераліся сцёгнамі, грудзямі, — адна глядзелася ў люстэрку другой, каб ацаніць жорсткасць часу з таго дня, калі яны ў апошні раз бачыліся голымі. Ільдэбранда была мажнай і моцнай, з залацістай скурай, але расліннасць на целе была мулацкай — кароткай і кучаравай, як тонкая стальная стружка. Фэрміна Даса, насупраць, была бледнацелай, з падоўжанымі лініямі рук і ног, з пяшчотнай скурай і гладкімі валасамі. Гала Плясыдыя распарадзілася, каб ім у спальні паставілі два аднолькавыя ложкі, аднак часам яны клаліся разам, гасілі святло і гаманілі да світання. Употай яны разам палілі тонкія доўгія цыгары, што прывезла Ільдэбранда, схаваўшы за абіўкай куфра, а потым спальвалі лісткі араматызаванай паперы, каб ачысціць паветра ў спальні ад моцнага паху. Фэрміна Даса запаліла ўпершыню ў Вальедупары і працягвала ў Фансэцы, у Рыёачы, дзе з тузін кузінаў збіраўся ў адным пакоі, каб пагаманіць пра мужчын і папаліць употайкі ад дарослых. Яна навучылася паліць з канца цыгаркі, як гэта рабілі мужчыны ўначы на вайне, інакш агеньчык выдаваў іх ворагам. Але ніколі Фэрміна не паліла адна. Цяперака з Ільдэбрандай зноўку пачала дыміць у спальні перад сном і з тае пары прывыкла да палення, хоць і рабіла гэта не навідавоку, хаваючыся нават ад мужа і дзяцей, не толькі таму што на жанчыну, якая дазваляла сабе паліць на людзях, глядзелі скоса, а, хутчэй, дзеля асалоды, што прыносіла таямніца.
Ільдэбрандаву вандроўку таксама зладзілі бацькі, каб аддаліць дзяўчыну ад прадмета безнадзейнага кахання, хоць і пераканалі, што яна мусіць дапамагчы Фэрміне і ўгаварыць яе на бліскучую партыю. Ільдэбранда прыняла прапанову са спадзевам, што зможа падмануць само забыццё, як ейная кузіна ў свой час, і дамовілася з тэлеграфістам з Фансэкі, каб ён накіроўваў ейныя пасланні з асаблівай засцярогай. Таму яна так расчаравалася, дазнаўшыся, што Фэрміна Даса парвала з Флярэнтына Арысам. Апрача таго, Ільдэбранда разумела каханне як феномен універсальнага характару, і нават лічыла, што любоўныя цяжкасці аднае асобы адбіваюцца на каханні кожнай істоты ўва ўсім свеце. Аднак яна не адмовілася ад ажыццяўлення сваёй задумы. З адвагаю, якая выклікала ў Фэрміны Дасы жах, яна адна пайшла ў тэлеграфную кантору з намерам схіліць Флярэнтына Арысу да саўдзелу.
Ільдэбранда не знайшла ў ім ніводнае рысы, якая б супала з вобразам, створаным аповедамі Фэрміны Дасы. З першага погляду яна вырашыла: немагчыма, каб Фэрміна аказалася на мяжы шаленства з-за гэтага нягеглага чалавека з выглядам пабітага сабакі, чыя вопратка, як у беднага рабіна, і ўрачыстыя манеры наўрад ці змаглі б усхваляваць жанчыну. Аднак неўзабаве яна выраклася першага ўражання. Флярэнтына Арыса прапанаваў ёй свае паслугі без усялякіх умоў, нават не ведаючы, хто яна. Ніхто не зразумеў яе так, як Флярэнтына Арыса, таму ад яе не патрабавалася ні імя, ні якога-кольвек адраса. Ягоны план быў самым простым: яна будзе зазіраць да яго ў тэлеграфную кантору штотыднёва ў другой палове дня, каб атрымаць у рукі адказы каханага чалавека, вось і ўсё. З іншага боку, калі Флярэнтына Арыса прачытаў першае пасланне, што прынесла Ільдэбранда, ён спытаў, ці не можа ён даць ёй параду, і яна пагадзілася. Флярэнтына Арыса спачатку ўнёс праўку паміж радкамі, выкрасліў яе, перапісаў, але яму не хапала месца, і ўрэшце ён парваў старонку ды наноў напісаў зусім іншы тэкст, які ёй падаўся ўзрушальным. Яна выйшла з тэлеграфнай канторы, ледзь стрымліваючы слёзы ўдзячнасці.