Напярэдадні прыбыцця ў порт Караколі, канцавы пункт вандроўкі, капітан зладзіў традыцыйнае развітальнае свята з духавым аркестрам з чальцоў экіпажа і рознакаляровым феерверкам з капітанскага мосціка. Амбасадар Вялікабрытаніі перажыў адысею з узорнай вытрымкай, палюючы на жывёлу фотакамерай замест стрэльбы, і не было вячэры, калі б ён не з’яўляўся апрануты не па пратаколе. Але на развітальнае свята ён прыйшоў у шатландскай вопратцы клана Мактэйвіш, граў з асалодаю на валынцы і вучыў усіх, хто пажадаў, нацыянальным скокам, і недзе на золку яго давялося амаль што несці ў каюту. Флярэнтына Арыса, знясілены пакутамі, адышоў у самы аддалены кут палубы, куды не даходзіў шум гульбы, накінуўшы паліто Лятарыя Тугута, бо дрыжыкі прабіралі яго да касцей. Ён прачнуўся а пятай раніцы, як прачынаецца вырачаны на смерць на золку ў дзень пакарання, і ўсю суботу толькі й рабіў, што ўяўляў сабе кожную драбніцу вяселля Фэрміны Дасы. Пазней, вярнуўшыся дамоў, ён зразумеў, што пераблытаў час і ўсё было не так, як яму ўяўлялася, і яму нават хапіла пачуцця гумару, каб пасмяяцца са сваёй няўрымслівай фантазіі.
Аднак тая жарсная субота скончылася прыступам жару, калі яму падалося, нібыта маладыя ўпотайкі збеглі праз патаемныя дзверы, каб паскорыць асалоду першае ночы. Хтосьці заўважыў, што ён увесь дрыжыць, і паведаміў капітану, а той тэрмінова з бартавым лекарам пакінуў гулянне, баючыся, што гэта халера, і лекар накіраваў Флярэнтына Арысу ў карантынную каюту, накачаўшы яго брамідамі. На наступны дзень, аднак, калі паказаўся стромкі бераг Караколі, жар спаў, да Арысы вярнуўся бадзёры настрой, бо ў зацьменні свядомасці, выкліканым заспакаяльнымі, ён вырашыў раз і назаўсёды, што пашле да д’ябла светлую будучыню тэлеграфа і вернецца гэтым самым караблём на сваю старую вуліцу Вэнтанас.
Было няцяжка дамовіцца, каб яго завезлі назад у знак падзякі за каюту, якую ён саступіў прадстаўніку каралевы Вікторыі. Хаця капітан таксама паспрабаваў разупэўніць яго, даводзячы, што телеграф — тэхніка будучыні. Да такой ступені, сказаў ён, што ўжо ствараюць адмысловую сістэму для караблёў. Аднак Флярэнтына Арыса не даў сябе ўгаварыць, і, нарэшце, капітан павёз яго, ды не так дзеля кампенсацыі за нескарыстаную каюту, як дзеля таго, што ведаў праўду пра Флярэнтынава дачыненне да Карыбскай параходнай кампаніі.
Зваротны шлях па рацэ ўніз заняў менш за шэсць дзён, і Флярэнтына Арыса адчуў сябе зноў дома, як толькі параход увайшоў на золку ў лагуну Міласэрнасці і ён угледзеў ланцужок агнёў з рыбацкіх каноэ, што калыхаліся на хвалях ад іхнага карабля. Яшчэ ў цемры яны кінулі якар за дзевяць марскіх ліг ад бухты ў лагуне Заблукалага Дзіцяці, якая была апошнім прыпынкам рачных параходаў, пакуль не прачысцілі драгамі дно былога іспанскага фарватэру. Пасажыры мусілі да шостай чакаць флатылію шлюпак, якія за грошы перапраўлялі на прычал. Але Флярэнтына Арыса быў так усхваляваны, што паплыў раней у паштовай лодцы, бо паштары прызналі ў ім свайго чалавека. Да таго, як пакінуць карабель, ён не ўстрымаўся ад сімвалічнага ўчынку — кінуў у ваду сваю ношку з пасцеллю і доўга сачыў за ёю: напачатку яна асвятлялася паходнямі рыбацкіх лодак, затым выплыла з лагуны і знікла ў акіяне. Флярэнтына Арыса верыў, што ношка тая не спатрэбіцца яму да скону, бо ён ніколі не з’едзе з горада Фэрміны Дасы.
Бухта на золку была ўвасабленнем спакою. Па-над туманам Флярэнтына Арыса ўбачыў купал кафедральнага сабора, пазалачоны першымі прамянямі сонца, галубятні на тэрасах, і, узяўшы іх за арыенцір, знайшоў балкон палаца маркіза Касальдуэры, дзе, як ён меркаваў, жанчына яго няшчасця яшчэ драмала, паклаўшы голаў на плячо спатоленага мужа. Гэтыя думкі ранілі душу, але ён не адганяў іх, а наадварот, атрымліваў асалоду ад болю. Сонца ўжо прыгравала, калі паштовая лодка праклала сабе шлях у лабірынце ветразнікаў, што стаялі на якары, дзе смурод ад гарадскога рынку змяшаўся ў адно з доннай цвіллю. Толькі што прыбыла шхуна з Рыёачы, і каманды грузчыкаў, стоячы па пояс у вадзе, прымалі пасажыраў з борта і неслі на руках да самага берага. Флярэнтына Арыса першым скочыў на зямлю з паштовай лодкі, і з тае пары больш не адчуваў смуроду бухты, а толькі непаўторны водар Фэрміны Дасы, дзе б ён ні быў у горадзе. Усё мела яе водар.
Ён не вярнуўся ў тэлеграфую кантору. Адзіным яго заняткам стала чытанне раманаў пра каханне і тамоў «Народнае бібліятэкі», якія маці працягвала набываць. Флярэнтына Арыса чытаў іх і перачытваў, лежачы ў гамаку, пакуль не вывучыў на памяць. Ён нават не спытаў, дзе скрыпка. Ён узнавіў кантакты з былымі прыяцелямі, часам гуляў у більярд альбо гутарыў з імі ў адкрытых кавярнях пад аркамі Кафедральнага пляца, але на суботнія танцы больш не хадзіў: не мог уявіць іх без яе.