У раніцу вяртання з няўдалай вандроўкі ён даведаўся, што Фэрміна Даса бавіць мядовы месяц у Еўропе, і яго агаломшанае сэрца нашэптвала яму, што яна застанецца жыць там, калі не назаўжды, дык на шмат гадоў. Гэтая ўпэўненасць выклікала першыя водбліскі спадзеву на забыццё. Ён думаў пра Расальбу, і гэты ўспамін гарэў у душы ўсё мацней, сцішаючы ўсе астатнія. Якраз пад той час ён адпусціў даўгія вусы з напамаджанымі закручанымі кончыкамі, і не расстаўся з імі да скону, вусы нібыта змянілі не толькі яго знешнасць, але і манеры, а думка пра замену кахання штурхнула яго ў нечаканым кірунку. Паступова водар Фэрміны Дасы развейваўся і, нарэшце, застаўся адно што ў белых гардэніях.
Ён жыў без мэты, не ведаючы, якім чынам працягваць жыццё, як аднойчы ўначы падчас вайны знакамітая Назарэцкая ўдава прыбегла, зляканая, і схавалася ў матчыным доме, бо ейны дом быў зруйнаваны гарматным стрэлам, калі генерал паўстанцаў Рыкарда Гайтан Абэса распачаў аблогу горада. Трансыта Арыса адразу скарысталася з сітуацыі і накіравала ўдаву ў спальню да сына, маўляў, у ейным пакоі няма месца, а насамрэч са спадзевам на тое, што каханне іншага кшталту вылечыць сына. Флярэнтына Арыса ні з кім не спаў пасля таго, як страціў цнатлівасць з Расальбай у каюце карабля, і яму здалося натуральным, каб у такую страшэнную ноч удава спала на ложку, а ён — у гамаку. Аднак яна вырашыла за яго. Прысеўшы на край ложка, дзе Флярэнтына Арыса ляжаў і ламаў голаў, куды б яму падзецца, яна распавяла пра несуцешнае гора па мужы, які памёр тры гады таму, і адначасова здымала з сябе і раскідвала ўкола сваю ўдовіну вопратку, пакуль не засталася нават без вясельнага пярсцёнка. Яна зняла блузку з тафты, вышытую бісерам, і кінула яе праз пакой на крэсла ў кутку. Яна адным рухам зняла доўгую сукенку з фальбонкамі, атласны пас з падвязкамі і шаўковыя панчохі жалобнага колеру, раскідаўшы ўсё па падлозе так, што пакой ператварыўся ў сапраўдны музей жалобнай вопраткі. Яна рабіла гэта з такім размахам, з такімі добра адмеранымі перапынкамі, што кожны яе рух супадаў з гарматнымі залпамі войска паўстанцаў, ад якіх трэсся ўвесь горад. Флярэнтына Арыса паспрабаваў дапамагчы з зачэпкай станіка, але яна апярэдзіла яго, бо за пяць гадоў шлюбнай вернасці навучылася абыходзіцца сама ў любоўных справах, нават падчас прэлюдыі. Нарэшце яна сцягнула з сябе карункавыя панталоны, і ад спрытнага апошняга руху, як у плаўчыхі, яны леглі каля ейных ног.
Ёй было дваццаць восем, нараджала яна тройчы, але яе цела заставалася бы некранутым, як у дзяўчыны. Флярэнтына так ніколі й не зразумеў, як гэтая пакаянная вопратка магла схаваць няўрымслівую сілу незацуглянай маладой кабылкі, якая распранула яго, задыхаючыся ад уласнага запалу, чаго ніколі не дазваляла сабе з мужам, каб ён не ўважаў яе за крутлю. Тут жа яна паспрабавала адзіным прыступам спатоліць прагу ад жалобнага ўстрымання і доўгіх пяці гадоў бездакорнае шлюбнае вернасці. З таго моманту, як маці яе нарадзіла, і да гэтае ночы яна ніколі не ляжала побач ні з адным мужчынам, за выняткам нябожчыка мужа.
Яна не дазволіла сабе крывадушнага каяння. Наадварот. Вогненныя снарады бзычэлі над дахамі і не давалі спаць, таму яна да самага золку ўзгадвала добрым словам незабыўнага мужа, і толькі за адну здраду яна наракала на яго — за тое, што памёр адзін, не з ёю, — і яна даравала яму гэта, бо ніколі муж так не належаў ёй, як з тае пары, калі апынуўся ў забітай дванаццацю трохцалевымі цвікамі труне на глыбіні двух метраў пад зямлёю.
— Я шчаслівая, — сказала яна, — бо толькі цяпер я дакладна ведаю, дзе ён, калі яго няма дома.
Той ноччу яна скінула з сябе жалобу адным махам, без нудных пераходных перыядаў з блузкамі ў шэрую кветку, і жыццё падхапіла яе спевамі пра каханне ды пярэстай вопраткай з папугаямі ды матылькамі, і яна аддавалася ўсім, хто не ленаваўся папрасіць. Пасля шасцідзесяці трох дзён аблогі войска генерала Гайтана Абэса было разбітае, тады яна аднавіла зруйнаваны гарматным стрэлам дом і збудавала гожую тэрасу над берагавымі стромамі, каля якіх падчас шторму асабліва шалелі марскія хвалі. Гэта было яе любоўнае гняздо, так яна без дробкі іроніі называла тэрасу, дзе прымала толькі тых, хто быў ёй даспадобы, калі хацела і як хацела, ні ад каго не брала ані шэлегу, бо лічыла, што гэта мужчыны рабілі ёй ласку. Адно што ў выключных выпадках яна прымала які-небудзь падарунак, абы толькі не золата, і абстаўляла ўсё так, што ніхто не змог бы абвінаваціць яе ў непрыстойных паводзінах. Толькі аднойчы яна апынулася на мяжы публічнага скандалу. Тады прайшлі чуткі пра тое, што арцыбіскуп Дантэ дэ Люна памёр не выпадкова, з’еўшы порцыю атрутных грыбоў, а з’еў іх наўмысна, бо яна, маўляў, прыгразіла, што перарэжа сабе горла, калі ён не спыніць свае святатацкія заляцанні. Ніхто не спытаў яе, ці праўда гэта, ніколі больш яна не ўздымала гэтае тэмы, нічога яна не змяніла ў сваім жыцці. Коцячыся ад смеху, яна казала, што з’яўляецца адзінай вольнай жанчынай ва ўсёй правінцыі.