Пасля шасці месяцаў неўтаймоўнай любові да Назарэцкай удавы сам Флярэнтына Арыса прыйшоў да высновы, што ён дасягнуў мэты — пазбыўся разбуральнае тугі па Фэрміне Дасе. Флярэнтына Арыса нават неаднойчы казаў пра гэта маці за тыя амаль два гады, што доўжылася вясельная вандроўка. Ён працягваў верыць у гэта з пачуццём бязмежнай свабоды, пакуль раптоўна не заўважыў каханай адной нешчаслівай нядзеляй без якога-кольвек прадчування ў сэрцы. Яна выходзіла з кафедральнага сабора пасля імшы пад руку з мужам сярод ухвальных водгукаў новага асяроддзя і пад цікаўнымі позіркамі натоўпу. Тыя самыя высакародныя дамы, што напачатку зневажалі і кпілі з яе, як з бязроднае выскачкі, цяпер са скуры вылузваліся, каб яна адчувала сябе сваім чалавекам сярод іх, і проста п’янелі ад яе чараў. Яна прыняла становішча велікасвецкае жонкі з такой годнасцю, што Флярэнтына Арысу давялося на імгненне засяродзіцца, бо з першага погляду ён не пазнаў яе. Яна была іншай: манеры дарослай жанчыны, высокія абцасы, капялюш з вэлюмам і каляровым пяром якойсьці ўсходняй птушкі, — усё ў ёй было іншым і адначасна натуральным, нібыта такой яна нарадзілася. Ён знайшоў яе прыгожай і маладой, але далёкай ад яго, як ніколі, і не ўцяміў прычыны, пакуль не прасачыў лінію жывата пад шаўковай тунікай: яна была на шостым месяцы цяжарнасці. Аднак галоўнае ўражанне прынесла тое, што яны з мужам складалі цудоўную пару, абое трымаліся на людзях з лёгкасцю, нібыта плылі па-над рыфамі рэальнасці. Флярэнтына Арыса не адчуў рэўнасці ці злосці, а толькі глыбокую пагарду да сябе самога. Ён адчуў, што сам — бедны, брыдкі, нізкі і нягодны ні для яе, ні для любой іншай жанчыны на свеце.
Такім чынам, яна вярнулася. І вярнулася без аніводнай прычыны, каб скардзіцца на паварот лёсу, асабліва пасля таго, як быў адолены цяжкі шлях першых гадоў сужыцця. І гэта было тым больш ухвальна таму, што яна дажыла да вясельнае ночы ў тумане цнатлівасці. Фэрміна Даса пачала губляць яе падчас вандроўкі па роднай правінцыі з кузінай Ільдэбрандай. У Вальедупары яна, нарэшце, уцяміла, чаму пеўні ганяюцца за курамі, прысутнічала пры жорсткай злучцы аслоў, бачыла, як нараджаюцца цяляты, а яшчэ чула, як кузіны без сарамлівасці размаўлялі пра тое, якія пары ў вялізным сямействе яшчэ займаюцца любоўю, а якія калі і чаму перасталі, хоць працягвалі жыць разам. Вось тады яна зведала задавальненне ад любові ў самоце з дзіўным адчуваннем, што нібыта адкрывае тое, што інстынктыўна ведала заўжды. Напачатку ў пасцелі, стаіўшы подых, каб пра гэта не здагадваліся ў спальні, дзе начавалі з паўтузіна кузінаў, а затым — у дзве рукі, раскінуўшыся з распушчанымі валасамі на падлозе ваннага пакоя і выпальваючы пасля першыя тонкія цыгаркі. Яна заўжды займалася гэтым са згрызотамі сумлення, якія пакінулі яе толькі пасля шлюбу, і заўжды ўпотайкі, а ейныя кузіны выхваляліся не толькі тым, колькі разоў за дзень яны займаліся гэтым, а й дзяліліся, якою была форма і працягласць аргазмаў. Аднак, нягледзячы на чароўнасць тых пачатковых рытуалаў, яна працягвала ўпарта верыць, што страта цнатлівасці — гэта жудасная крывавая ахвяра.
Такім чынам, яе вяселле, адно з самых шумных пры канцы мінулага стагоддзя, мінулася для яе як пярэдадзень жаху. Адчай перад шлюбнай вандроўкай яна перажыла вастрэй за скандал у грамадстве праз шлюб з першым па рангу жаніхом тых гадоў. З тае пары, як падчас імшы ў кафедральным саборы было абвешчана пра іх шлюб, Фэрміна Даса зноў пачала атрымліваць ананімныя допісы, у якіх пагражалі смерцю, але амаль не заўважала іх, бо ўвесь жах, на які яна была здольная, засяродзіўся на немінучай перспектыве быць згвалчанай. Гэта была слушная, хоць і міжвольная рэакцыя на ананімкі ў асяродку, звыклым схіляць галаву перад здзейсненымі фактамі. Так што ўсё, што было супраць яе, пераходзіла на ейны бок, калі стала вядомым, што вяселле адбудзецца і што гэта непазбежна. Яна прыкмеціла паступовыя змены ў стаўленні бледных жанчын, што пакутавалі ад артрытаў і крыўдаў, яны раптам пераконваліся ў марнасці ўласных фанабэрлівых інтрыг і з’яўляліся без папярэджання ў доме каля Евангельскага скверыка з перадвясельнымі падарункамі і кучай кулінарных рэцэптаў. Трансыта Арыса добра ведала той свет, хоць упершыню пакутавала з-за яго асабіста. Яна ведала, што яе кліенткі пачыналі прыходзіць да яе напярэдадні вялікіх святаў, і ласкава прасілі, каб яна адкапала свае збаны і выдала ім закладзеныя каштоўнасці ўсяго на дваццаць чатыры гадзіны за дадатковыя працэнты. Аднак даўно такога не здаралася. Збаны пусцелі адзін за адным, і дамы з доўгімі арыстакратычнымі прозвішчамі пакідалі свае змрочныя церамы, каб вярнуцца ў бляску ўласных, але закладзеных каштоўнасцяў, бо былі запрошаныя на самае слыннае вяселле канца стагоддзя. Самай галоўнай навіной было тое, што пасаджаным бацькам меўся стаць доктар Рафаэль Нуньес, тройчы абраны прэзідэнт рэспублікі, філосаф, паэт і аўтар тэксту нацыянальнага гімна, як пра яго можна было прачытаць на старонках новых энцыклапедый. Фэрміна Даса падышла да алтара пад руку з бацькам, якому ўрачысты гарнітур надаў на адзін дзень зманліва рэспектабельны выгляд. Яна пайшла пад вянец навечна перад галоўным алтаром кафедральнага сабора на імшы, якую правілі тры біскупы аб адзінаццатай раніцы ў пятніцу перад Сёмухай, пайшла без адзінае думкі пра Флярэнтына Арысу, які ў той час пакутаваў ад жару, паміраючы праз яе, бо так і не здолеў дасягнуць забыцця. Падчас цырымоніі і потым, на вяселлі, яна захоўвала ўсмешку, нібыта намаляваную свінцовымі бяліламі, у якой не было і ценю душэўнай радасці, што некаторыя госці зразумелі як кплівы выраз перамогі. Насамрэч гэта быў бездапаможны спосаб, як схаваць жах перад тым, што чакае толькі што пашлюбаваную дзяўчыну. На шчасце, нечаканыя абставіны ды разуменне з боку мужа дазволілі ёй правесці першыя тры ночы без болю. Лёс быў літасцівы да яе. Камандзір карабля Генеральнай Трансатлантычнай кампаніі, выбітага з графіку дрэнным надвор’ем у Карыбскім моры, толькі за тры дні абвясціў, што паскарае адплыццё на дваццаць чатыры гадзіны. Так што яны адплывалі ў Ля-Рашэль не на наступны дзень пасля вяселля, як было прадугледжана за шэсць месяцаў, а ў святочную ноч. Усе госці паверылі, што паскоранае адплыццё — усяго толькі адна з мноства экстравагантных неспадзяванак слыннага вяселля, бо свята завершылася апоўначы на борце трансатлантычнага карабля пры поўнай ілюмінацыі, з венскім аркестрам, які выконваў у часе вандроўкі найноўшыя вальсы Ёгана Штрауса. Вось і некаторых гасцей, што перабралі шампанскага, пацягнулі да пірса раззлаваныя жонкі, калі яны пачалі распытваць афіцыянтаў, ці няма вольных кают, каб гульнуць да самага Парыжа. Апошнім высадзіўся Лярэнса Даса ў разадраным фраку. Ён плакаў на ўвесь голас, як арабы аплакваюць сваіх нябожчыкаў, седзячы каля партовых тавернаў проста пасярод вуліцы ў вялізнай смуроднай лужыне, якая магла б быць лужынай ягоных слёз.