Hi ў першую, штармавую, ноч, ні ў наступныя, ужо пры ціхім моры, ні калі-небудзь пазней за вельмі доўгае шлюбнае жыццё Фэрміны Дасы, не здарылася тых брыдкіх рэчаў, якіх яна баялася. Першая ноч, нягледзячы на памеры карабля і раскошу каюты, сталася жахлівым паўторам ночы на шхуне з Рыёачы, і муж выявіўся паслужлівым доктарам — ён не спаў ні хвіліны, суцяшаючы яе, бо толькі гэта мог зрабіць знакаміты лекар супраць марской гойданкі. Але шторм сціх на трэці дзень, калі прайшлі порт Гуайра, і ўжо тады яны правялі столькі часу разам у бясконцых размовах, што адчулі сябе старымі сябрамі. На чацвёртую ноч, калі яны рыхтаваліся да сну, доктар Хувэналь Урбіна быў здзіўлены, заўважыўшы, што маладая жонка не памалілася. Яна адказала шчыра: крывадушнасць мнішак адвярнула яе ад царкоўных абрадаў, але вера яе непераможная і яна навучылася верыць моўчкі. І дадала: «Лепш разумецца з Богам непасрэдна». Ён прыняў ейныя аргументы, і з тае пары абое верылі кожны па-свойму. Жаніханне было нядоўгім, але даволі нефармальным для таго часу, бо доктар Урбіна наведваў яе дома, без трэціх асоб і ўсялякі раз увечары. Яна б не дазволіла яму дакрануцца да яе нават пальцам да блаславення біскупа, але ён і не спрабаваў. Менавіта ў першую ноч пры спакойным моры, ужо ў ложку, ён упершыню пачаў лашчыць яе, і так далікатна, што ёй здалося натуральным ягонае жаданне, каб яна апранула начную кашулю. Яна накіравалася ў прыбіральню, але папярэдне згасіла святло ў каюце, а калі выйшла ў начной кашулі, дык спярша заткнула шчыліну ў дзвярах анучамі й пайшла да ложка ў суцэльнай цемры. І пакуль ішла, сказала жартам:
— Чаго ж ты хочаш, доктар. Я ж упершыню кладуся з незнаёмым мужчынам.
Доктар Хувэналь Урбіна адчуў, як яна асцярожна слізганула каля яго, спрабуючы легчы як мага далей на вузкі каютны ложак, дзе дваім цяжка было абысціся без дотыкаў. Ён узяў яе за руку, халодную і напружаную ад жаху, сплёў з ёю пальцы і амаль шэптам распавёў успаміны пра іншыя марскія вандроўкі. Яна зноўку сціснулася, бо ўцяміла, кладучыся, што ён распрануўся нагола, пакуль яна пераапраналася ў прыбіральні. І гэта адрадзіла ейны страх перад наступным крокам. Аднак наступны крок затрымаўся на некалькі гадзін — доктар Урбіна працягваў ціхую гамонку, дабіваючыся даверу яе цела міліметр за міліметрам. Ён апавядаў пра Парыж, пра парыжскіх закаханых, што цалаваліся проста на вуліцы, у амнібусах, на тэрасах кавярняў пад адкрытым небам, і пра сентыментальныя акардэоны парыжскага лета, і пра тых, хто любіўся, стоячы на набярэжных Сены, — і ніхто ім не замінаў. Ён гаманіў у цемры і лашчыў кончыкамі пальцаў выгін шыі, шаўковы пушок рук, ухілісты жывот, і калі адчуў, што яе напруга спала, упершыню паспрабаваў узняць начную кашулю, але яна заўпарцілася і не дазволіла. Сказала: «Я ўмею распранацца сама». Яна сапраўды скінула з сябе кашулю і потым засталася ляжаць нерухома. Доктар Урбіна нават паверыў бы, што яе няма побач, калі б не жар дзявочага цела ў цемры.