Крыху пазней ён зноў узяў яе за руку і адчуў яе цеплыню і разняволенасць, але яшчэ вільготную, нібы ад пяшчотнае расы. Вось так праляжалі трошкі, моўчкі, у спакоі, ён — чакаючы моманту для наступнага кроку, і яна таксама, не ведаючы, скуль чакаць, пакуль цемра не напоўнілася яго ўсё больш напружаным подыхам. Ён раптам выслабаніў ейную руку і рэзка адхінуўся: паслініў сярэдні палец і нечакана ледзь-ледзь прылашчыў смочкі. Яна адчула смяротны разрад, быццам бы ён зачапіў аголены нерв. Яна ўзрадавалася цемры, праз якую ён не ўгледзеў, што яна ўспыхнула гарачым сорамам, які ўзрушыў яе да карэньчыкаў валасоў. «Супакойся, — шапнуў ён вельмі ўпэўнена. — Не забывай, што я іх ведаю». І адчуў, што яна ўсміхнулася, голас стаў зноў пяшчотным у змроку каюты.
— Дзе ж тут забудзешся, — адказала яна, — я дасюль злую на цябе.
Тады доктар Хувэналь Урбіна зразумеў, што яны разам нібыта абмінулі мыс Добрай Надзеі, ён зноўку ўзяў яе мяккую руку і стаў пакрываць лёгкімі пацалункамі: напачатку тугое запясце, доўгія пальцы прадракальніцы, празрыстыя пазногці, а потым — іерогліфы яе лёсу на потнай далоні. Яна сама не ведала, як яе рука апынулася на ягоных грудзях і натрапіла на штосьці, але не магла ўцяміць, што. Ён сказаў ёй: «Гэта ладанка». Яна пачала лашчыць ягоныя валасатыя грудзі, потым схапіла зарасці рукой, нібыта хацела вырваць іх. «Мацней», — прапанаваў ён. Яна спрабавала, хоць усведамляла, што не здолее раніць яго, а затым ейная рука ўжо шукала ягоную, нябачную ў цемры. Але ён не даў ёй сплесці пальцы, а ўзяў яе за запясце і павёў яе руку ўздоўж свайго цела з няўважнай, але кіруючай сілай, пакуль яна не адчула гарачы подых драпежніка, невядомага, але жарснага ў сваёй напрузе. Насуперак таму, што ён меркаваў і што Фэрміна сама магла прадбачыць, яна не адвяла руку і не пакінула яе інертна там, дзе ён яе паклаў. Імгненна яна даверыла сябе душой і целам Святой Дзеве, сціснула зубы, баючыся смеху ад уласнага шаленства, і пачала абмацваць ворага, што стаяў дыбам, спазнаючы яго памеры, моц камля, размах крылаў, лякаючыся яго рашучасці, але спачуваючы яго самоце. Яна пранікала ў падрабязнасці з прагнай цікаўнасцю, якую чалавек з меншым досведам, чым яе муж, мог бы ўспрыняць як ласку. Ён сабраў апошнія сілы, каб вытрываць нясцерпнае выпрабаванне, але раптам яна кінула яго, як дзіця — нялюбую цацку, нібыта штосьці непатрэбнае — у смецце.
— Ніяк не магу ўцяміць, як дзейнічае гэтая штука, — сказала яна.
Тады ён растлумачыў ёй, метадычна і сур’ёзна, як настаўнік, і вёў ейную руку па месцах, якія называў, а яна дазваляла яму рабіць гэта з пакораю ўзорнай школьніцы. У дарэчны момант ён падказаў, што ўсё гэта лягчэй засвойваецца пры святле. Ён ужо хацеў запаліць яго, але яна спыніла: «Я лепш бачу рукамі». Насамрэч яна хацела запаліць святло, але прагнула зрабіць гэта сама. Так яна і зрабіла. Ён убачыў, што яна ляжыць у позе эмбрыёна, ахінутая прасцінай. Але яна зноў без сораму, з цікаўнасцю ўзяла драпежніка, павярнула яго так і гэтак, як даследчык, і зрабіла выснову: «Які ён брыдкі, больш брыдкі, чым у жанчын». Ён пагадзіўся з ёю і ўказаў на іншыя непрыемныя абставіны, больш важкія, чым брыдкі выгляд. Ён сказаў ёй: «Гэта — нібы старэйшы сын: усё жыццё працуеш на яго, усім ахвяруеш дзеля яго, а ў вырашальны момант ён паступае так, як яму заманецца». Яна яшчэ разглядвала яго, пытаючыся, навошта гэта ды тое, а потым, калі вырашыла, што ўжо ўсё ведае, прыкінула рукамі вагу, быццам бы даводзячы сама сабе, што і вагою гэта нішчымная штука, і кінула яго са зневажальным жэстам.
— Да таго ж, мне здаецца, што тут шмат лішняга, — дадала яна.
Ён зірнуў на яе разгублена. Менавіта такой была тэма яго дысертацыі — мэтазгоднасць спрашчэння чалавечага арганізма. Ён, арганізм, здаваўся яму архаічным, меў шмат бяздумных альбо дубляжных функцый, якія былі патрэбныя ў былыя эпохі жыцця людскога роду, але не цяпер. Так, цела магло быць больш простым і менавіта таму — менш даступным. Ён зрабіў выснову: «На гэта, зразумела, здольны толькі Бог, аднак, так ці інакш, было б карысна абгрунтаваць гэта тэарэтычна». Яна весела засмяялася, ды так натуральна, што ён скарыстаўся выпадкам, — абняў яе і ўпершыню пацалаваў у вусны. Яна адказала яму, і ён не спыніўся, пяшчотна цалаваў ейныя шчокі, нос, павекі, рука, тым часам, слізганула пад прасцінаю і знайшла круглы і гладкі, нібыта ў японкі, узгорак. Яна не адвяла руку, але трымала сваю напагатове, каб адбіць, на ўсялякі выпадак, іншы, наступны крок.