— Нешта зацягнулася твая лекцыя па медыцыне, — сказала яна.
— Слушна, — адказаў ён. — Зараз будзе лекцыя любові.
Ён сцягнуў з яе прасціну, і яна не толькі не супрацівілася, але і адкінула яе далей ад ложка шпаркім зрухам нагі, бо спякота была нясцерпнай. Яе цела, акруглае і пругкае, было нашмат прыгажэйшым, чым гэта здавалася ў вопратцы, яно мела спецыфічны водар горнага звера, што дазваляў пазнаць яе сярод усіх жанчын свету. Безабаронная пад моцным святлом, яна адчула хвалю гарачай крыві, што ўдарыла ў твар, і адзінае, што ёй прыйшло да галавы і дазваляла схаваць гэта ад мужа, было павіснуць у яго на шыі ды цалаваць яго аддана і моцна, пакуль хапала паветра.
Ён ведаў, што не кахае яе. Ажаніўся, бо яму былі даспадобы яе ганарлівасць, сур’ёзнасць, моц, і яшчэ з-за долі фанабэрыі ў ім самім. Але калі яна ўпершыню пацалавала яго, ён быў пэўны, што наперадзе не будзе ніякіх перашкодаў, і можна будзе будаваць моцнае каханне. Яны не гаварылі пра гэта ў тую першую ноч, хоць пра шмат чаго гаманілі ажно да золку. Уласна кажучы, ніколі пра гэта не гаварылі. Але час паказаў, што яны не памыліліся.
Калі яны на світанні заснулі, яна яшчэ была цнатлівай, але цяпер ненадоўга. Насамрэч, наступнай ноччу, пасля таго, як ён навучыў яе танчыць венскія вальсы пад зорным небам Карыбскага мора, ён пайшоў у прыбіральню пасля яе, а калі вярнуўся ў каюту, убачыў, што яна чакае яго ў ложку аголеная. Тады яна ўзяла ініцыятыву на сябе і аддалася яму без жаху і болю, з радасцю ад прыгоды ў адкрытым моры і не большымі адзнакамі крывавага абраду, чым ружа гонару на прасціне. Яны любіліся цудоўна, так было і ўначы, і ўдзень, усё лепш ды лепш, так што да прыбыцця ў Ля-Рашэль паміж імі ўсталявалася разуменне, нібыта яны былі даўнімі каханкамі. Прабылі яны ў Еўропе шаснаццаць месяцаў, жылі ў Парыжы і рабілі кароткія вандроўкі ў суседнія краіны. Увесь гэты час яны аддаваліся любоўным асалодам штодня, а часцей — зімовымі нядзельнымі днямі, калі заставаліся ў ложку да абеду. Ён быў мужчынам моцнага тэмпераменту, да таго ж, фізічна натрэніраваным, а яна не была створана для таго, каб хто-кольвек апярэдзіў яе, так што ім давялося раздзяліць лідарства і ў ложку. Пасля трох месяцаў гарачай любові ён западозрыў, што хтосьці з іх няплодны, і яны абое прайшлі дэталёвае абследаванне ў клініцы Сальпэтрыэр, дзе ён колісь праходзіў інтэрнатуру. Абследаванне было надзвычай пільным, але цалкам бясплённым. Аднак, калі яны менш за ўсё таго чакалі, і без усялякага пасярэдніцтва навукі, адбыўся цуд. Напрыканцы наступнага года, калі яны вярталіся дамоў, Фэрміна Даса была на шостым месяцы цяжарнасці і ўважала сябе самай шчаслівай жанчынай на свеце. Сын, якога яны так жадалі, нарадзіўся без ускладненняў пад знакам Вадаліва, і яго назвалі імем дзядулі, які памёр ад халеры.
Немажліва было дакладна вызначыць, ці то Еўропа, ці то каханне змянілі іх, бо абедзве рэчы супалі па часе. Адбыліся глыбокія змены не толькі ў дачыненні адно да аднаго, але і ў дачыненні да ўсяго, і гэта адчуў Флярэнтына Арыса, калі ўбачыў іх каля выхаду з сабора праз два тыдні пасля вяртання, у тую нядзелю ягонага няшчасця. Яны прыехалі з новай канцэпцыяй жыцця, перапоўненыя заморскімі ведамі і гатовыя камандаваць парадам у грамадстве. Ён — з навінкамі літаратуры, музыкі і, галоўнае, навукі. Прывёз падпіску на Le Figaro, каб не губляць сувязі з рэчаіснасцю, а таксама на Revue des Mondes, каб не губляць сувязі з паэзіяй. Апрача таго, ён дамовіўся са сваім парыжскім бібліятэкарам, што будзе атрымліваць кніжкі самых чытаных пісьменнікаў. Сярод іх былі Анатоль Франс і П’ер Ляці і найбольш любыя яму Рэмі дэ Гурмон і Поль Буржэ, але ні ў якім разе не Эміль Заля. Ён цярпець не мог Заля, нягледзячы на яго адважны выступ на працэсе Дрэйфуса. Сам кнігар узяўся дасылаць яму па пошце найбольш грунтоўныя партытуры, якія з’явяцца ў каталогу фірмы Рыкордзі, галоўным чынам — камернай музыкі, каб ён пераняў заваяваную бацькам славу быць першым у горадзе арганізатарам канцэртаў.