— Вазьміце і больш не прыходзьце.
Так Флярэнтына Арыса бачыў яго апошні раз. Але з часам ён дазнаўся, што дзядзька Леон XII, дзесь на дзесяць гадоў маладзейшы за бацьку, і надалей прыносіў грошы маці; ён дапамагаў яшчэ і пазней, калі Пій V памёр ад дрэнна залечаных колікаў, не пакінуўшы пісьмовых распараджэнняў і не паспеўшы пакінуць тастамента нават вусна на карысць адзінага сына, сына вуліцы.
Флярэнтынава драма падчас ягонай працы пісарам у Карыбскай параходнай кампаніі палягала ў тым, што ён не здолеў пазбегнуць лірызму ў лістах, бо бясконца думаў пра Фэрміну Дасу ды так і не навучыўся пісаць, не думаючы пра яе. Пазней, калі яго пераводзілі на іншыя пасады, каханне так поўніла душу, што ён не ведаў, куды яго падзець, і дарыў яго непісьменным каханым, — бясплатна выводзіў за іх любоўныя пасланні каля Натарыяльнае брамы. Ён ішоў туды пасля працы. Скідаў сурдут і акуратна вешаў яго на спінцы крэсла, насоўваў нарукаўнікі, каб не запэцкаць кашулю, расшпільваў камізэльку, каб лягчэй думаць, і часам да глыбокае ночы ўздымаў дух бездапаможным людзям звышкранальнымі лістамі. Часцяком падыходзілі да яго ці то бедная жанчына, у якой былі праблемы з сынам, ці то ветэран вайны, які настойліва патрабаваў выплаты пенсіі, ці то чалавек, якога абакралі і які хацеў паскардзіцца ўладам, але як ні імкнуўся Флярэнтына Арыса, ён не здолеў дапамагчы ім — ён умеў выкарыстоўваць у мэтах пераканання каго-кольвек толькі форму любоўнага ліста. Ён нават нічога не пытаўся ў новых кліентаў, яму досыць было пабачыць бялкі іхных вачэй, каб пранікнуцца іх станам і пачаць запаўняць аркуш за аркушам неўтаймаваным каханнем, прытрымліваючыся вернай формулы: пісаць, думаючы пра Фэрміну Дасу, і толькі пра яе. Дзесьці праз месяц яму давялося ўвесці папярэдні запіс, інакш ён бы патануў у замовах на лісты.
Найпрыемнейшы ўспамін тае пары застаўся ад вельмі баязлівай, зусім маладзенькай дзяўчыны — яна, дрыжучы ад страху, папрасіла напісаць адказ на толькі што атрыманы ліст, які нельга было пакінуць без адказу, і Флярэнтына Арыса пазнаў па почырку, што ён сам склаў гэты ліст напярэдадні ўвечары. Ён адказаў у іншым стылі, сугучна эмоцыям і веку дзяўчыны, а таксама патрэбным почыркам, бо навучыўся мяняць почырк адпаведна сітуацыі і характару кожнага кліента. Ён склаў ёй ліст, уяўляючы, што гэтак бы адказвала Фэрміна Даса, калі б кахала яго так, як кахае свайго кавалера гэтая безабаронная дзяўчына. Праз два дні, зразумела, ён мусіў складаць ліст жаніха з почыркам, стылем і той ступенню кахання, якія ён яму прыпісаў у першым лісце, і вось так ён аказаўся ўцягнутым у палкую перапіску з самім сабой. Не мінуў і месяц, як абое паасобку прыйшлі аддзячыць яму за прапанову ў лісце жаніха, якая была прынятая з радасцю ў адказе дзяўчыны: яны збіраліся ажаніцца.
Толькі калі ў іх нарадзілася дзіця, у выпадковай гутарцы яны выявілі, што іхныя лісты былі напісаны адным пісарам, і ўпершыню прыйшлі разам да Натарыяльнае брамы, каб прасіць яго стацца хросным бацькам немаўляці. Флярэнтына Арыса прыйшоў у такое захапленне ад практычнай рэалізацыі ягонай мары, што знайшоў неяк час і напісаў «Дапаможнік для закаханых». Вядома, ён напісаў больш паэтычна і дэталёва за тыя брашуры, якія тады прадавалі на кожным рагу за дваццаць сентава, і якія амаль увесь горад ужо ведаў на памяць. Ён прывёў да ладу ўяўныя сітуацыі, у якіх маглі аказацца Фэрміна Даса і ён, і для кожнай з іх напісаў некалькі ўзораў і мажлівыя альтэрнатыўныя адказы. Нарэшце, ён сабраў каля трох тысяч аркушаў у трох тамах, таўстых, як слоўнік Каваруб’яса, але ніводзін выдавец горада не рызыкнуў іх надрукаваць, так што твор апынуўся недзе на гарышчы з іншымі паперамі былых часоў. Трансыта Арыса рашуча адмовілася адкопваць збаны і пусціць на вецер тое, што ашчаджала ўсё жыццё, дзеля недарэчнага выдавецкага шаленства. Шмат гадоў пазней, калі Флярэнтына Арыса меў уласныя сродкі на выданне трохтомніка, ён з горыччу даведаўся, што лісты кахання ўжо выйшлі з моды.
Пакуль ён рабіў першыя крокі ў Карыбскай параходнай кампаніі ды задарма пісаў лісты каля Натарыяльнае брамы, сябры юнацтва ўжо былі ўпэўненыя, што гублялі яго паступова, але беззваротна. Так яно і было. Па вяртанні з незабыўнай рачной вандроўкі ён яшчэ бачыўся з некаторымі сябрамі са спадзевам, што неяк з іх дапамогай згасіць успамін пра Фэрміну Дасу. Ён гуляў з імі ў більярд, хадзіў на свае апошнія танцы, аддаваўся азарту, калі дзяўчаты разыгрывалі яго ў латарэю, займаўся ўсім, што здавалася добрым сродкам, каб зноўку стацца тым, кім ён быў. Пазней, калі дзядзька Леон XII прызначыў яго на пасаду працаўніка кампаніі, ён стаў гуляць у даміно з калегамі па працы ў Камерцыйным клубе, і яны пачалі прызнаваць у ім свайго чалавека, — ён ужо гаварыў толькі пра справы навігацыйнага прадпрыемства і называў яго не поўнай назвай, а толькі абрэвіятурай: КПК. Ён змяніў нават рэжым харчавання. Да тае пары за сталом ён быў абыякавым і неразборлівым, а тут стаў прытрымлівацца ўмеранай і суворай дыеты, і не парушыў яе ажно да скону: кубак кавы на сняданак, порцыя рыбы з рысам на абед, кава з малаком і кавалкам сыру на вячэру. Каву піў ён у любы час, у любым месцы і пры розных абставінах, да трыццаці філіжанак за дзень: гэта быў настой, падобны на сырую нафту, ён гатаваў яе асабіста і трымаў пад рукою ў тэрмасе. Ён змяніўся, насуперак свайму намеру і жаданню захавацца такім, якім быў да смяротнага правалу ў каханні.