I сапраўды, ніколі ўжо яму не было суджана вярнуцца да таго нявіннага стану. Фэрміна Даса так і заставалася адзінай мэтай яго жыцця, і ён быў так упэўнены, што рана ці позна яны будуць разам, што падгаварыў Трансыту Арысу працягваць узнаўленне дома, каб ён быў гатовы да таго, каб прыняць яе ў любы момант, як толькі адбудзецца цуд. І маці зрэагавала не так, як на прапанову выдання «Дапаможніка для закаханых», тут Трансыта Арыса зайшла вельмі далёка: набыла дом у растэрміноўку і пачала поўную рэканструкцыю. Яны зрабілі гасцёўню там, дзе была спальня, збудавалі на другім паверсе адну спальню для шлюбнае пары і другую — для меркаваных дзяцей, абедзве даволі вялікія і светлыя, а на тым месцы, дзе колісь месцілася тытунёвая фабрыка, разбілі вялізны сад з рознымі відамі ружаў — ім Флярэнтына Арыса прысвячаў свой час на золку. У знак пашаны да мінулага рамонтам не зачапілі памяшканне галантарэйнай крамы. За перагародкай, дзе спаў Флярэнтына Арыса, захавалі назаўсёды нацягнуты гамак і вялікі стол, завалены кніжкамі, але ён перасяліўся на другі паверх, у пакой, які меркаваўся пад шлюбную спальню. Гэта быў найвялікшы і найсвяжэйшы пакой у доме, з выхадам на ўнутраную тэрасу, дзе было прыемна бавіць час увечары, бо там адчуваліся ласкавы марскі брыз і водар ружаў, пакой таксама адпавядаў суворым адносінам Флярэнтына Арысы да рэчаў. Шурпатыя сцены былі пабеленыя, з мэблі ён пакінуў турэмную койку, начны столік са свечкай у бутэльцы, старую шафу і рукамыйнік са збанам і тазам.
Работы па аднаўленні цягнуліся амаль тры гады, а іх заканчэнне супала з бурлівым эканамічным уздымам горада, які адбыўся, дзякуючы пашырэнню рачнога руху і транзітнага гандлю, фактараў, якія падтрымлівалі яго веліч у каланіяльныя часы, і праз больш чым два стагоддзі ператварылі яго ў браму Амерыкі. Але менавіта тады Трансыта Арыса адчула першыя сімптомы невылечнай хваробы. Яе даўнія кліенткі састарэлі, пабляклі, сталі з гадамі больш слізкімі, і Трансыта Арыса, якая мела справы з імі паўжыцця, не пазнавала іх альбо блытала разлікі з імі. Гэта стала важкай перашкодай для іх адносінаў, якія складаліся гадамі, бо, захоўваючы ўласны і чужы гонар, яны не падпісвалі ніякіх папер, давалі і прымалі слова гонару як дастатковую гарантыю. Напачатку ёй здалося, нібыта яна глухне, аднак неўзабаве высветлілася, што гэта кропля за кропляй выцякае памяць. Так што яна спыніла прадпрымальніцтва, а грошай у збанах хапіла, каб скончыць рамонт дома і набыць мэблю, апрача таго, у яе захаваліся найдаражэйшыя антыкварныя каштоўнасці горада, бо іх уладальнікі не мелі сродкаў, каб іх выкупіць.
Флярэнтына Арысу давялося тады вырашаць шмат праблем, якія накінуліся на яго адначасна, аднак ён не спыніў, а, хутчэй, памножыў прыгоды патаемнага паляўнічага. Пасля досведу з Назарэцкай удавой, якая адкрыла яму шлях да блуднай любові, ён працягваў паляваць на сіроцкіх начных птушак на працягу некалькі гадоў, усё яшчэ сілкуючы спадзеў на суцяшэнне без каханай Фэрміны Дасы. Аднак з часам ён ужо не мог сказаць пра сваю звычку, што яна склалася як безвыходная патрэба душы ў нудоце. Ён усё радзей наведваў матроскі гатэль, не столькі таму, што той яго больш не вабіў, як праз усведамленне, што рызыкуе быць пазнаным пры пікантных абставінах. Аднак у трох тэрміновых выпадках ён звярнуўся да сродку, так ужыванага ў іншай, не пражытай ім эпосе: пераапранаў у мужчынскае сябровак, якія баяліся трапіць каму-кольвек на вочы, і ўваходзіў з імі ў гатэль, удаючы начных гулякаў. Аднак, прынамсі, двойчы хтосьці заўважыў, што ён з прыяцелем ішоў не ў бар, а ў асобны пакой, і ўжо даволі падарваная рэпутацыя Флярэнтына Арысы атрымала апошні ўдар. Нарэшце, ён кінуў хадзіць у гатэль, і калі зрэдчас гэта здаралася, дык не дзеля таго, каб адвесці душу, а наадварот, каб знайсці прытулак і адпачыць ад шалёных амураў.