Ледзь пакінуўшы кантору а пятай вечара, ён пачынаў аблётваць тэрыторыю, як ястраб-куракрад. Напачатку задавальняўся тым, што прапаноўвала ноч. Ён знаёміўся з прыслужніцамі ў парках, мурынкамі на рынку, франтаватымі модніцамі на пляжах, амерыканкамі з нью-арлеанскіх параходаў. Ён вёў іх да прыбярэжных скал, дзе з заходам сонца паўгорада займалася тым жа, вёў іх куды мог, а часам і куды не мог, бо нярэдка выпадала забягаць у змрочны пад’езд і рабіць гэта як-небудзь за дзвярыма.
Маяк заўсёды заставаўся надзейным прытулкам, ён з настальгіяй згадваў яго ўжо ў старасці, калі падобныя праблемы засталіся ззаду, бо тое было месца, нібы знарок створанае для шчасця, асабліва ўначы, і ён нават думаў тады, што пэўная эманацыя ягонага кахання абавязкова мусіла перадавацца маракам з кожнай успышкай маяка. Так што ён па-ранейшаму з’яўляўся на маяку часцей, чым дзе-кольвек, і ягоны сябра, даглядчык маяка, прымаў яго з задавальненнем і пры гэтым рабіў выгляд апошняга дурня, што больш за ўсё супайковала пужлівых птушак. Каля маяка стаяла хаціна, літаральна на краю скалы, аб якую біліся і з грукатам разбіваліся хвалі. Там любошчы былі больш працінальнымі, бо прымалі адценне крушэння ў адкрытым моры. Аднак пасля першае ночы Флярэнтына Арыса аддаў перавагу вежы маяка, бо адтуль быў відзён увесь горад, агні рыбацкіх лодак у моры і нават святло аддаленых багнаў.
Да тае эпохі адносяцца спрошчаныя Флярэнтынавы тэорыі пра сувязь фізічных дадзеных жанчыны з яе любоўнымі здольнасцямі. Ён пазбягаў жанчын пачуццёвага тыпу, якія нібыта былі гатовыя праглынуць жыўцом хоць каймана, але ў ложку зазвычай былі найбольш пасіўнымі. Ягоны тып быў супрацьлеглы: ён любіў хударлявых жабак, якім ніхто з мужчын не глядзеў услед. Ад іх нічога не заставалася, калі яны распраналіся, і аж слёзы прабіралі — так храбусцелі іхныя косці пры першым кантакце, аднак яны якраз і маглі вытрыбушыць ушчэнт ды выкінуць у сметніцу вантробы любога балбатуна, што хваліўся сваімі перамогамі. Флярэнтына Арыса пачаў было запісваць свае папярэднія назіранні дзеля таго, каб скласці практычны дадатак да «Дапаможніка для закаханых», але праект напаткаў лёс асноўнага рукапісу, калі Аўсэнсія Сантандар, якая, бы старая мудрая сучка, раздзерла яго, расшкуматала, паставіла дагары нагамі, падкінула, апусціла ды наноў нарадзіла, рыхтык як немаўля, разбіла ўшчэнт усе тэарэтычныя высновы і навучыла Флярэнтына толькі таму, што трэба ведаць для кахання: мудрэй за жыццё нічога не прыдумаеш.
Аўсэнсія Сантандар жыла ў шлюбе дваццаць гадоў, нарадзіла трох дзетак, якія таксама перажаніліся і займелі дзяцей, так што яна ганарліва лічыла сябе найлепшай у ложку бабуляй. Ніхто дакладна не ведаў, ці яна кінула мужа, ці ён кінуў яе, а мо абое кінулі адно аднаго, калі ён сышоў да сваёй сталай палюбоўніцы, а яна адчула свабоду прымаць адкрыта, праз парадныя дзверы капітана рачнога парахода, якога звалі Расэнда дэ ля Роса, — датуль яна шмат разоў пускала яго ўначы праз чорны ход. Якраз капітан і прывёў да яе Флярэнтына Арысу.
Капітан запрасіў яго на абед і прынёс з сабою абплеценую бутлю самагонкі і інгрэдыенты найвышэйшага гатунку для славутага санкоча[19], якое магчыма было прыгатаваць толькі з тлустай кураціны, пяшчотнай цяляціны, мяса вепрука, які добра паваляўся ў сялянскім хляве, і цудоўнай гародніны з надрэчных сёлаў. Аднак Флярэнтына Арыса з першага моманту быў не ў такім захапленні ад выдатных страў ці ад пышных формаў гаспадыні, як ад прыгажосці яе дома. Яму даспадобы быў дом, светлы і свежы, з чатырма вялізнымі вокнамі, якія выходзілі да мора і, з двара, на старое места. Спадабаліся дзівосныя рэчы, якія надавалі гасцёўні незвычайны і адначасна суворы выгляд, з усімі рамеснымі сувенірамі, якія капітан Расэнда дэ ля Роса прывозіў з кожнай вандроўкі да тае пары, пакуль у доме заставалася вольнае месца. На тэрасе з краявідам на мора сядзеў на абручы малайскі какаду з неверагодна белым пер’ем і такім засяроджаным спакоем, што было над чым задумацца. Гэта была найпрыгажэйшая птушка, якую калі-небудзь бачыў Флярэнтына Арыса.
Капітан Расэнда дэ ля Роса ўзрадаваўся радасці свайго госця і падрабязна распавёў яму гісторыю кожнае рэчы. Апавядаючы, ён піў самагон маленькімі, але частымі глыткамі. Стваралася ўражанне, што гэты гігант быў створаны з жалезабетона: вялізны, увесь пакрыты валасамі, за выключэннем галавы, з вялікім, як пэндзаль маляра, вусам, непаўторным голасам партовае лябёдкі і надзвычайнай ветлівасцю. Але не было чалавека на свеце, здольнага піць, як ён. Да таго, як сесці за стол, ён выжлукціў палову бутлі і раптам з грукатам абрынуўся ніцма на паднос, на якім Аўсэнсія Сантандар падавала напоі і кубкі. Аўсэнсія Сантандар была вымушаная папрасіць дапамогі, і яны разам пацягнулі нерухомае цела кіта-небаракі ды распранулі яго, бо ён ужо спаў. Потым, у парыве натхнення, за які Аўсэнсія Сантандар і Флярэнтына Арыса былі ўдзячныя ўдаламу раскладу зораў нябесных, яны распрануліся ў суседнім пакоі, не дамаўляючыся, без найменшага намёку на што-кольвек альбо намеру, і працягвалі распранацца на працягу доўгіх сямі гадоў і калі толькі маглі, то бок, калі капітан быў у плаванні. Рызыкі раптоўных прыходаў не было, бо капітан меў добрую марацкую звычку і заўсёды папярэджваў пра вяртанне ў родны порт гудком парахода, нават на золку: напачатку трыма доўгімі рыкамі для жонкі з дзевяццю дзецьмі, а потым двума перарывіста меланхалічнымі — для палюбоўніцы.