Прачнуўшыся пасля сіесты, Флярэнтына Арыса яшчэ захоўваў у памяці крыкі какаду, чый пранізлівы віск супярэчыў прыгажосці пёраў. Але спякотная ціша а чацвёртай дня была празрыстай, і праз акно спальні вымалёўваўся профіль старажытнага горада з сонцам на плячах і з бліскучым морам да самай Ямайкі. Аўсэнсія Сантандар працягнула юрлівую руку, намацваючы прыспанага драпежніка, аднак Флярэнтына Арыса адвёў яе і сказаў: «Не трэба, у мяне дзіўнае адчуванне, быццам на нас глядзяць». Яна зноўку спудзіла какаду сваім шчаслівым смехам і адказала: «Такія адгаворкі для Хомкавай жонкі». Яна не прыняла ягоных тлумачэнняў, аднак падначалілася яму, што тут скажаш, і яны доўгі час лашчылі адно аднаго ў цішыні, у асалодзе спакою. А пятай, калі сонца стаяла яшчэ высока, яна саскочыла з ложка, як заўжды, аголеная, з банцікам на галаве, і пайшла на кухню, каб прынесці чаго папіць, аднак ледзь яна пераступіла парог спальні, як з ейнага горла вырваўся пранізлівы енк.
Яна не магла даць веры вачам. У доме засталіся адно падвясныя лямпы. Астатняе: фірмовая мэбля, індыйскія дываны, статуі і габелены, незлічоныя рэчы з каштоўных камянёў і шляхетных металаў — усё, што ператварала дом у найпрыемнейшае і найгустоўнейшае жытло горада, літаральна ўсё знікла, нават недатыкальны какаду. Маёмасць вынеслі праз тэрасу з краявідам на мора, не перашкаджаючы іхным любоўным уцехам. Засталіся толькі пустыя пакоі з чатырма адчыненымі вокнамі і надпіс малярным пэндзлем на сцяне: «Ну што, датрахаліся?» Капітан Расэнда дэ ля Роса так і не здолеў зразумець, чаму Аўсэнсія Сантандэр не заявіла пра пакражу, не спрабавала наладзіць кантактаў з гандлярамі крадзеным і не дазваляла нават згадваць пра той выпадак.
Флярэнтына Арыса працягваў наведваць абкрадзены дом, дзе мэблю складалі тры скураныя табурэты, забытыя злодзеямі на кухні, і спальня, дзе яны знаходзіліся ў дзень здарэння. Але наведванні ўжо не былі такімі частымі, як раней, і не праз спустошанасць, як яна меркавала і казала яму, а праз навінкі пачатку новага стагоддзя — трамвай на мулах, які стаў шчодрым і арыгінальным гняздом вольных птушак. Ён ездзіў трамваем чатыры разы на дзень, двойчы ў кантору і двойчы — дамоў, і почасту, пакуль чытаў альбо рабіў выгляд, што чытае, яму ўдавалася наладзіць першы кантакт для далейшай сустрэчы. Пазней, калі на распараджэнне дзядзькі Леона XII яму выдзелілі экіпаж з параю бурых мулаў у пазалочаных гунях, як у прэзідэнта Рафаэля Нуньеса, ён пакутаваў ад настальгіі па часах трамвая — самых плённых у ягоных прыгодах паляўнічага. Ён меў рацыю: няма горшага ворага для патаемнай любові, чым экіпаж, што чакае цябе ля дзвярэй. Каб пазбавіцца ад гэтае перашкоды, ён амаль заўсёды пакідаў экіпаж каля дома і ўпотайкі ішоў пешшу на паляванне, кружляў па горадзе, толькі б не пакінуць у пыле слядоў ад колаў. Таму ён з такім замілаваннем прыгадваў стары трамвай са змучанымі пляшывымі муламі, бо ў ім дастаткова было акінуць салон позіркам, каб даведацца, дзе цябе чакае каханне. Аднак сярод мноства пяшчотных успамінаў ён не мог абмінуць безабаронную птушачку, імя якой так і не спытаў, бо давялося пражыць з ёю толькі палову бурлівае ночы, чаго хапіла, каб азмрочыць да скону наіўна-бязладную радасць карнавалу.
Яна звярнула на сябе ўвагу абыякавасцю сярод агульнага святочнага ўзбуджэння. Ёй было гадоў дваццаць, і па ёй нельга было сказаць, што ў горадзе адбываецца карнавал, хіба што адмыслова ўбралася пад нябогу: вельмі светлыя і даўгія валасы натуральна спадалі на плечы, а апранутая яна была ў белую туніку з простае тканіны без упрыгожанняў. Яе зусім не цікавіла музыка, што тарабаніла па вуліцах горада, рысавая пудра і цуркі вады, якімі вясела абпырсквалі пасажыраў трамвая, мулы якога, белыя ад крухмалу, працягвалі свой шлях з кветкавымі капелюшамі ўсе тры дні радаснага шаленства. Карыстаючыся з гармідару, Флярэнтына Арыса запрасіў яе на марозіва, бо не думаў, што яна пойдзе на большае. Яна паглядзела на яго без здзіўлення і сказала: «З задавальненнем, але папярэджваю — я вар’ятка». Ён прыняў жарт, пасмяяўся і павёў яе глядзець парад карнавальных карэт з балкона кавярні. Потым апрануў узятае напракат кароткае даміно, і яны зліліся з натоўпам, што танчыў на Мытным пляцы, і весяліліся разам, нібыта толькі што заручоныя, бо ейная абыякавасць з наступай шумнае ночы абярнулася вялікай радасцю: яна танчыла, як прафесіяналка, праяўляючы багатае ўяўленне і вясёлую адвагу, адным словам, была самім зачараваннем.