Выбрать главу

— Ты не ўяўляеш, у якую гісторыю ты са мной уліпнуў, — крычала яна, паміраючы ад смеху ў пякельным гармідары карнавалу. — Я ж хворая з вар’ятні.

Флярэнтына Арыса адчуваў, што гэта была ноч вяртання да нявінных хлапчуковых авантураў, калі каханне яшчэ не спрычыніла няшчасця. Аднак ён ведаў, хутчэй інтуітыўна, чым з досведу, што такое лёгкае шчасце не магло трываць доўга, так што да таго, як весялосць пачала згасаць, калі толькі пачалі ўручаць прызы за найлепшыя строі, ён прапанаваў дзяўчыне пайсці сустракаць золак на маяку. Яна адразу ж пагадзілася, але толькі пасля ўручэння прызоў. Флярэнтына Арыса быў цалкам пэўны, што затрымка ўратавала яму жыццё. Насамрэч, дзяўчына падала яму знак, маўляў, хадзем, калі два санітары і медсястра псіхіятрычнае клінікі «Боская пастырка» накінуліся на яе. Яе шукалі з моманту ўцёкаў а трэцяй дня, і не толькі яны, а ўсе сілы грамадскага парадку. Яна адсекла галаву вартаўніку і цяжка параніла яшчэ двух супрацоўнікаў клінікі мачэтэ, якое выхапіла ў садоўніка, бо ёй дужа хацелася патанчыць на карнавале. Але нікому з пагоні ні разу не прыйшло да галавы, што яна пусціцца ў скокі проста на вуліцы, думалі, што яна стаілася і святкуе карнавал у адным з дамоў, дзе бывала раней, і паліцыя абшукала тыя дамы літаральна да цыстэрнаў для пітное вады.

Скруціць яе выявілася няпростай справай. Яна баранілася садовымі нажніцамі, якія хавала пад вопраткай на грудзях, і спатрэбілася шасцёра мужчын, каб нацягнуць на яе ўтаймоўную кашулю, а натоўп на Мытным пляцы ў гэты час пляскаў у далоні і свісцеў ад радасці, бо людзі падумалі, што крывавая бойка была адной з карнавальных пастановак. Фля­рэнтына Арыса стаяў, і сэрца ў яго шчымела ад спагады, таму ад Попельнай серады[20] ён стаў хадзіць на вуліцу, дзе месцілася клініка, са скрыначкай шакаладных цукерак для яе. Ён раз­глядаў хворых, што сыпалі на яго з высокіх вокнаў адборнай лаянкай ці кампліментамі, і дражніў іх цукеркамі ў спадзеве, што на пошум у закратаванае акно выгляне і яна. Але ён больш ніколі яе не бачыў. Калі праз колькі месяцаў пасля здарэння ён выходзіў з трамвая, маленькая дзяўчынка, што шпацыравала з бацькам, папрасіла ў яго цукерку. Бацька штосьці буркнуў дзяўчынцы і перапрасіў у Флярэнтына Арысы, але той аддаў усю скрынку, падумаўшы, што ўчынак пазбавіць яго ад горычы, і супакоіў бацьку, паляпаўшы яго па плячы.

— Цукеркі былі для маёй каханкі, каб ёй бакі парвала, — патлумачыў ён.

Кампенсацыяй, быццам дасланай лёсам, зрабілася для Фля­рэнтына Арысы сустрэча ў трамваі з Леонай Касіяні, якая сталася адзінай сапраўднай жанчынай у ягоным жыцці, хоць ні ён, ні яна так і не даведаліся пра гэта: яны ніколі не кахаліся. Ён адчуў яе раней, чым убачыў, вяртаючыся дамоў трамваем а пятай гадзіне: матэрыялізаваны позірк мурынкі крануў яго, нібы тыцнуў пальцам. Ён узняў вочы і заўважыў яе ў супраць­леглым канцы вагона, адразу адзначыўшы яе сярод іншых пасажыраў. Яна не адвяла вачэй, наадварот, глядзела на яго так нахабна, што ён мог падумаць адно тое, што і падумаў: мурынка, маладая ды гожая, але прастытутка, няма сумневу. І выкрасліў яе са свайго жыцця, бо не ўяўляў сабе нічога больш гнюснага, чым каханне за грошы: ён не рабіў гэтага ніколі.

Флярэнтына Арыса выйшаў на Карэтным пляцы, канцавым прыпынку трамвая, і шпарка нырнуў у гандлёвы лабірынт. Маці чакала яго а шостай, але калі ён прашыў натоўп і аказаўся ў другім баку, дык пачуў вясёлы перастук жаночых абцасаў па брукаванцы і павярнуўся, каб упэўніцца ў тым, у чым ужо быў упэўнены: гэта была яна. Мурынка была апранутая, нібыта рабыні на гравюрах, — сукенка з фальбонкамі, якую яна ўскідвала, бы ў танцы, калі пераскоквала вулічныя лужыны, дэкальтэ, што агаляла ейныя плечы і шыю ў каляровых каралях, ды белы турбан. Ён ведаў такіх па матроскім гатэлі. Почасту з самага ранку і да шостай вечара яны сядзелі галодныя, і ім не заставалася нічога іншага, як карыстацца сваёй адзінай зброяй — сэксам, як дарожны рабаўнік карыстаецца фінкай: яны хапалі за горла першага сустрэчнага і патрабавалі: чэлес альбо смерць. Каб канчаткова пераканацца, Флярэнтына Арыса змяніў напрамак, звярнуўшы ў пусты Ліхтарны завулак, і яна пайшла за ім, набліжаючыся з кожным крокам. Тады ён спыніўся, павярнуўся і загарадзіў ходнік, аба­піраючыся рукамі на парасон. Яна стала перад ім.

— Ты памылілася, прыгажуня, — сказаў ён, — я не твой кліент.

— Само сабой, — адказала яна, — на тваім твары гэта напісана.