Тут Флярэнтына Арыса прыгадаў фразу, пачутую ў маленстве ад сямейнага доктара, яго хроснага бацькі, з нагоды хранічнага запору: «Чалавецтва дзеліцца на тых, хто сярэ добра, і тых, хто сярэ дрэнна». На гэтай выснове доктар пабудаваў цэлую тэорыю пра характары і ўважаў яе больш дакладнай, чым астралогія. Але пазней дасведчаны ўжо Флярэнтына Арыса перайначыў фразу: «Чалавецтва дзеліцца на тых, хто трахаецца, і тых, хто не трахаецца». Да апошніх ён ставіўся з недаверам: калі яны выбіваліся з наезджанай каляіны, гэта было для іх такой навіною, што яны выхваляліся сваёй любоўю, нібыта самі вынайшлі яе. Тыя, хто займаўся ёю звычайна, наадварот, жылі адно для любові. Яны адчувалі сябе так добра, што маўчалі, як магілы, бо ведалі, што ад уласнае стрыманасці залежыць іх жыццё. Яны ніколі не распавядалі пра свае подзвігі, не давяраліся нікому, і іх уяўная абыякавасць дасягала такой ступені, што да іх прыліпала слава імпатэнтаў, недаробкаў, а то і сарамлівых педэрастаў, як у выпадку з Флярэнтына Арысам. Аднак яны радаваліся падобным памылковым чуткам, і памылка таксама іх бараніла. Яны складалі закрытую ложу, сябры якой пазнавалі адзін аднаго ва ўсім свеце надта проста, хоць і размаўлялі на розных мовах. Вось чаму Флярэнтына Арыса не здзівіўся, пачуўшы адказ жанчыны: яна была свая і, адпаведна, ведала, што ён гэта разумее.
Але тады ён памыліўся, і свядомасць будзе нагадваць яму пра гэта няўмольна, штогадзіны ажно да скону. Яна хацела не любові, і тым больш — не аплачванае любові, ёй патрэбна была праца, любая, за любыя грошы, у Карыбскай параходнай кампаніі. Флярэнтына Арысе зрабілася гэтак сорамна за свае паводзіны, што ён павёў яе да кіраўніка аддзела кадраў, і той даў ёй стаўку найніжэйшай катэгорыі ў агульным аддзеле, і яна выконвала службовыя абавязкі сур’ёзна, сціпла і старанна на працягу трох гадоў.
Кантора КПК з дня заснавання знаходзілася каля рачнога прычала, які нічога агульнага не меў з марскім портам альбо з рынкавым прычалам на беразе бухты Прывідаў і месціўся на супрацьлеглым беразе бухты. Будынак быў драўляны, з двухсхільным цынкавым дахам, адным доўгім балконам на слупах з боку фасада і некалькімі вокнамі, забранымі металічнаю сеткай, праз якія было відаць караблі ля прычала, нібыта карціны, што віселі на сценах. Калі немцы, заснавальнікі фірмы, збудавалі дом, дык пафарбавалі дах чырвонай фарбай, а драўляныя перагародкі — блішчастымі бяліламі, так што будынак чымсьці нагадваў рачны карабель. Пазней яго цалкам перафарбавалі ў сіні колер, і да таго часу, калі Флярэнтына Арыса паступіў на працу ў кампанію, дом ператварыўся ў пыльны барак няпэўнай афарбоўкі, а на ржавым даху віднеліся латы з новых лістоў гонты. За будынкам, у патынкаваным дворыку, які абнеслі сеткай, нібы загарадзь для курэй, знаходзіліся два склады пазнейшае пабудовы. У глыбіні двара праходзіў закрыты смуродны канал, дзе гнілі адкіды рачнога суднаходства, што назбіраліся за паўстагоддзя. Гэта былі парэшткі гістарычных параходаў ад самых прымітыўных, аднатрубных, пры ўрачыстым спуску на ваду якіх прысутнічаў Сімон Балівар, і да пазнейшых, што мелі ўжо электрычныя вентылятары ў каютах. Бальшыню з іх паспелі разабраць, каб выкарыстаць матэрыялы на іншых караблях, але шмат з іх былі ў такім добрым стане, што, здавалася, варта іх пафарбаваць, і льга было зноўку пускаць у навігацыю. Толькі разам з ігуанамі і з зарасцямі вялізных жоўтых кветак, якія надавалі годным караблям налёт настальгіі.
На другім паверсе будынка знаходзіўся адміністрацыйны аддзел — у памяшканнях маленькіх, але ўтульных і добра абстаўленых, падобных на карабельныя каюты: дом збудавалі не звычайныя дойліды, а інжынеры-карабельнікі. Пры канцы калідора, нароўні з усімі, у такім жа малым кабінеце працаваў дзядзька Леон XII. Розніца была толькі ў тым, што раніцай на ягоным пісьмовым стале заўжды з’яўлялася шкляная вазачка з духмянымі кветкамі, якія ён любіў. На першым паверсе змяшчаўся пасажырскі аддзел з пачакальняй, абсталяванай простымі лавамі і прылаўкам для продажу квіткоў і прыёму багажу. У самым канцы месціўся няпэўны агульны аддзел, назва якога сама наводзіла на думку пра няяснасць яго прызначэння, туды сцякаліся на павольную смерць праблемы, якія не вырашаліся ў іншых аддзелах прадпрыемства. Там і сядзела за школьнай партай Леона Касіяні, забытая сярод мяхоў з маісам, заваленая рознымі бязглуздымі паперамі, у той дзень, калі дзядзька Леон XII вырашыў асабіста разабрацца і хоць штосьці прыдумаць, — на што ж можа згадзіцца агульны аддзел. Пасля трох гадзін падрабязных запытаў, абстрактных прапаноў і канкрэтнага разбору з усімі супрацоўнікамі ў поўным складзе ён вярнуўся да сябе, з горыччу прызнаўшыся ў тым, што ён усё-ткі не знайшоў вырашэння праблем, а наадварот, выявіў новыя пытанні, якія не паддаваліся вырашэнню.