Флярэнтына Арыса адзначыў, што ахоўнікі ягонае таямніцы, за выняткам маці, належалі да свету Фэрміны Дасы. У ягоным свеце ён быў адзін, сам-насам з гэтым невыносным цяжарам, якім яму не раз карцела падзяліцца, але да тае пары ніхто не заслугоўваў такога даверу. Леона Касіяні была адзіным магчымым кандыдатам, і яму трэба было знайсці спосаб і спрыяльны выпадак. Ён абдумваў гэта менавіта ў той спякотны дзень, калі доктар Хувэналь Урбіна ўзняўся па стромкай лесвіцы КПК, прыпыняючыся на кожнай прыступцы праз дзённую спякоту, а потым з’явіўся, задыхаючыся, у кабінеце Флярэнтына Арысы, прапацелы з галавы да ног, і сказаў, ледзь дыхаючы: «Здаецца, на нас насоўваецца цыклон». Флярэнтына Арыса бачыў яго часта, ён прыходзіў да дзядзькі Леона XII, але ніколі раней не ўзнікала такога яснага ўражання, што гэтым разам нежаданы візіт меў нейкае дачыненне да яго жыцця.
Гэта здарылася ўжо той парой, калі доктар Хувэналь Урбіна таксама пераадолеў усялякія рыфы на шляху да прызнання па прафесійнай частцы і абыходзіў горад дом за домам, нібыта жабрак, просячы ўнёскаў на мастацкія імпрэзы. Адзін з самых частых і шчодрых мецэнатаў быў дзядзька Леон XII, які менавіта ў момант прыходу госця пачаў сваю штодзённую дзесяціхвілінную сіесту, седзячы ў мяккім крэсле кабінета. Флярэнтына Арыса ветліва папрасіў доктара Хувэналя Урбіна пачакаць у яго кабінеце, што месціўся побач з дзядзькавым і быў, у прынцыпе, чымсьці накшталт прыёмнага пакоя.
Яны сустракаліся пры розных акалічнасцях, але ніколі не сядзелі сам-насам, і Флярэнтына Арыса зноў стала моташна ад адчування чужой перавагі. Гэта былі дзесяць бясконца доўгіх хвілін, на працягу якіх ён тройчы падымаўся са спадзевам на тое, што дзядзька прачнуўся да пары, і за гэты час выпіў цэлы тэрмас кавы. Доктар Урбіна ад кавы адмовіўся. Ён сказаў: «Кава — гэта атрута». І працягваў гамонку, чапляў адну тэму за другую, не думаючы пра тое, слухаюць яго ці не. Флярэнтына Арыса не мог трываць натуральнай шляхетнасці доктара, красамоўнасці і трапнасці ягоных слоў, загадкавага камфарнага духу, абаяльнасці, дзякуючы якім найбанальнейшыя фразы здаваліся сутнаснымі толькі таму, што выказваў іх ён. Раптам доктар рэзка змяніў тэму:
— Ці любіце вы музыку?
I гэтым заспеў яго знянацку. Флярэнтына Арыса не прапускаў ніводнага канцэрта або опернага выступу ў горадзе, але не адчуваў сябе здольным падтрымаць размову з дэталёва інфармаваным эрудытам. Ён вельмі любіў модную музыку, асабліва сентыментальныя вальсы, безумоўна блізкія да ўласных твораў юнацтва, да яго патаемных вершаў. Даволі было пачуць такі вальс аднойчы, быццам бы між іншым, — і потым на працягу многіх бяссонных начэй гучала ў ім няхітрая мелодыя, і не знайшлося б сілы нябеснай, здольнай яе спыніць. Але гэта не магло быць сур’ёзным адказам на пытанне дасведчанага чалавека.
— Мне падабаецца Гардэль[22], — вымавіў Флярэнтына Арыса.
Доктар Урбіна зразумеў. «Безумоўна, — сказаў ён. — Гардэль цяпер модны». І адышоў ад размовы, пагрузіўшыся ў доўгае пералічэнне сваіх новых праектаў. Ён меў намер ажыццявіць іх, як заўсёды, без дзяржаўнай датацыі, і між іншым заўважыў, што яго прыводзіць у адчай узровень сучасных спектакляў, асабліва ў параўнанні з бляскам паказаў мінулага стагоддзя. Так яно і было. Ён ужо год прапаноўваў абанементы ў Тэатр камедыі на трыа Карто — Касальс — Тыбо[23], і не было чалавека ва ўрадзе, які б ведаў, хто яны такія. Аднак у тым жа месяцы расхапалі ўсе квіткі на спектакль трупы дэтэктыўных драм Рамона Каральта. Тое ж здарылася з Тэатрам аперэты і сарсуэлы[24] дона Манолы дэ ля Прэсы, а таксама з братамі Сантанэла — ілюзіяністамі-мімамі, якія пераапраналіся на вачах у публікі за час аднае ўспышкі фасфарэсцэнтнага святла. Пайшлі і на Даніз Д’Альтэн, якая называла сябе былой танцоркай Фалі-Бержэру[25], і нават на мярзотнага Урсуса, шалёнага баска, які змагаўся ўрукапашную з магутным быком, якога гадавалі для карыдаў. Скардзіцца, аднак, не было чаго, бо самі еўрапейцы зноўку давалі дрэнны прыклад сваёй жудаснай вайной, ледзь мы дасягнулі міру пасля дзевяці грамадзянскіх войнаў за паўстагоддзя, якія, калі добра падумаць, былі адной бясконцай вайной. У чароўнай плыні размовы доктара Флярэнтына Арыса для сябе вылучыў перадусім мажлівае адраджэнне Паэтычных гульняў, самай вядомай і трывалай ініцыятывы Хувэналя Урбіна з ажыццёўленых у мінулым. Флярэнтына Арыса змаўчаў, не хацеў казаць, што сам быў заўзятым удзельнікам штогадовых конкурсаў, якія выклікалі зацікаўленне слынных паэтаў не толькі з усёй краіны, але і з іншых дзяржаў Карыбскага басейна. Як толькі завязалася гамонка, спякотнае паветра раптам стала сцюдзёным, і бура з перакрыжаванымі вятрамі страсянула дзверы і вокны моцнымі парывамі, будынак канторы ўвесь зарыпеў, як ветразнік у шторм. Доктар Хувэналь Урбіна нібыта і не заўважыў нічога. Быццам выпадкова ён згадаў месяцовыя чэрвеньскія цыклоны і зусім нечакана, нават недарэчы, загаварыў пра ўласную жонку. Яна была не толькі памочніцай, але і душой ягоных ініцыятыў. Ён сказаў: «Мяне б не было без яе». Флярэнтына Арыса слухаў, не выдаючы эмоцый, выказваў згоду галавою, і не адважыўся вымавіць ані слова з боязі, каб ягоны голас не здрадзіў яму. Аднак дзвюх альбо трох фраз выявілася даволі, каб уцяміць: у доктара Хувэналя Урбіна, не зважаючы на вялікую занятасць, часу было ўдосталь, і ён кахаў жонку, амаль як Флярэнтына Арыса. Усведамленне гэтага агаломшыла Флярэнтына. Але ён не змог адрэагаваць, як хацеў бы, бо сэрца па-блядску здрадзіла яму, як гэта можа зрабіць толькі чалавечае сэрца: яно адкрыла, што ён і доктар, якога Флярэнтына заўсёды ўважаў за асабістага ворага, былі ахвярамі аднаго лёсу і сплачвалі мыта агульнаму каханню, нібыта пара валоў пад адным ярмом. Упершыню за дваццаць сем гадоў бясконцага чакання Флярэнтына Арыса адчуў нясцерпна пякельны боль, бо гэты выдатны чалавек мусіць памерці дзеля ягонага шчасця.