Ніхто не паверыў, што кітайскі лаўрэат — сапраўдны аўтар санета. Ён прыехаў на сыходзе мінулага стагоддзя, гнаны эпідэміяй жоўтае ліхаманкі, якая знішчала насельніцтва Панамы падчас будаўніцтва міжакіянскай чыгункі, прыехаў разам са шматлікімі імігрантамі, якія засталіся ў краіне да самага свайго скону, — яны жылі па-кітайску, памнажаліся па-кітайску і былі гэтак падобныя адзін да аднаго, што ніхто не мог іх адрозніць. Напачатку іх было не больш за дзясятак, некаторыя з іх — з жонкамі, дзецьмі ды сабакамі, якіх яны елі, але за колькі гадоў чатыры вулкі партовага прадмесця перапоўніліся новымі і новымі кітайцамі, якія прыязджалі ў краіну, не пакідаючы следу ў мытных рэгістрах. Маладзёны ператварыліся ў шаноўных патрыярхаў гэтак хутка, што ніхто не мог уцяміць, калі яны паспелі састарыцца. Народная інтуіцыя раздзяліла іх на два класы: дрэнныя кітайцы і добрыя кітайцы. Дрэнныя трымалі змрочныя партовыя таверны, дзе аднолькава можна было паесці па-каралеўску альбо раптоўна памерці ад стравы з пацучынага мяса з праснакамі са сланечнікавай макухі, і людзі падазравалі, што гэтыя таверны служылі адно што шырмаю для гандлю белымі жанчынамі і ўсялякага іншага цёмнага набыцця-продажу. Добрымі былі кітайцы, якія заснавалі пральні, спадкаемцы святое мудрасці, што вярталі кашулі чысцейшымі за новыя, каўнерыкі і манжэткі нагадвалі толькі што спрасаваныя аплаткі. Якраз адзін з гэтых добрых кітайцаў перамог на Паэтычных гульнях, і семдзесят два спаборнікі перажывалі паразу.
Фэрміна Даса, сумеўшыся, зачытала імя, аднак ніхто яго не разабраў. Не толькі праз тое, што імя было чужым іхнаму слыху, а таму што так ці інакш ніхто пэўна не ведаў, як увогуле могуць зваць кітайца. Але доўга думаць не давялося, бо лаўрэат вынырнуў з глыбіні партэра з нябеснай усмешкай, што бывае ў кітайцаў, калі яны рана вяртаюцца дамоў. Ён быў настолькі ўпэўнены ў перамозе, што прыйшоў у тэатр у жоўтай кашулі для вясновых абрадаў, каб узняцца на сцэну. Ён атрымаў Залатую архідэю 750-й пробы і радасна пацалаваў яе пад кпіны недавяркаў. Лаўрэат не засмуціўся. Ён чакаў на сцэне, акамянелы, нібы апостал з нябёсаў, не драматызуючы ад відавочнай негатыўнай рэакцыі, і пры першай паўзе прачытаў верш, які ўганаравалі прэміяй. Ніхто не зразумеў ні слова. Але пасля новага залпа свісту Фэрміна Даса спакойна паўтарыла санет ціхім, пяшчотным голасам, і здзіўленне авалодала публікай з першага радка. Гэта быў санет высакароднага парнаскага паходжання, дасканалы, прасякнуты налётам натхнення, якое магло кіраваць рукой толькі сапраўднага віртуоза. Факт мог мець толькі адно тлумачэнне: хтосьці з вялікіх паэтаў стварыў санет жартам, каб паздзекавацца з Паэтычных гульняў, і кітаец пагадзіўся на саўдзел, але вырашыў захаваць таямніцу да самае смерці. «Камерцыйная газета», тыднёвік традыцыйнага кшталту, спрабавала залатаць грамадзянскі гонар эрудаваным, але, хутчэй, сырым эсэ пра старажытны культурны ўплыў кітайцаў у краінах Карыбскага басейна і іх заслужанае права ўдзельнічаць у Паэтычных гульнях. Эсэ не выклікала сумневу ў тым, што аўтар санета і ёсць названы лаўрэат, і прызнавала гэта ўжо назвай: «Кожны кітаец — паэт». Арганізатары змовы, калі яна мела месца, згнілі ў сваіх магілах разам з таямніцай. Са свайго боку, лаўрэат памёр без споведзі ў цалкам усходнім веку і быў пахаваны з Залатой архідэяй, але ён знёс і горыч, бо пры жыцці яму так і не ўдалося дабіцца прызнання таго, што ён сапраўды паэт. З прычыны ягонай смерці прэса згадала забыты інцыдэнт першых Паэтычных гульняў. Газеты перадрукавалі санет з віньеткай у мадэрновым духу, якая адлюстроўвала пухкіх дзеў з залатымі рагамі заможнасці, а багі-ахоўнікі паэзіі скарысталіся аказіяй, каб расставіць усё па месцах — санет быў так стрымана ўспрыняты новым пакаленнем, што ўжо ніхто не сумняваўся: насамрэч напісаў яго нябожчык кітаец.
Флярэнтына Арыса заўсёды звязваў той скандал з успамінам пра пышную незнаёмку, што сядзела побач з ім. Ён заўважыў яе напачатку, але тут жа адвёў позірк, бо страшна хваляваўся, чакаючы вынікаў. Яна выклікала ўвагу перламутравай скурай, шчаслівым водарам пышнасці, бязмежнымі грудзямі спявачкі-сапрана са штучнай кветкай магноліі. Яна была ў цеснай вопратцы з чорнага аксаміту, чорнага, як яе прагныя, цёплыя вочы, а валасы былі яшчэ чарнейшыя, сабраныя ззаду цыганскім грабеньчыкам. Кінуліся ў вочы завушніцы-падвескі, каралі ў такім жа стылі і аднолькавыя пярсцёнкі на пальцах, усе як адзін з бліскучымі штучнымі камянямі, а правую шчаку ўпрыгожвала намаляваная алоўкам радзімка. У мітусні фінальнай авацыі яна паглядзела на Флярэнтына Арысу са шчырай горыччу.