Хоць яна была свабоднай, як і ён, і, верагодна, не была б супраць, калі б іх сувязь не хавалася ад людзей, Флярэнтына Арыса з самага пачатку настаяў на захаванні канспірацыі. Ён праслізгваў у дом цераз чорны ход і заўсёды вельмі позна, глыбокай ноччу, а знікаў на дыбачках на досвітку. І ён, і яна разумелі, што ў цесным і густанаселеным доме суседзі ведаюць шмат больш за тое, што ўдаюць. Аднак няхай канспірацыя застанецца толькі простай фармальнасцю, Флярэнтына Арыса быў такім, і такім ён будзе з любой жанчынай да скону. Ён ні разу не дазволіў сабе ў гэтых адносінах ніводнага правалу, ні з ёю, ні з іншымі, выкрыць яго было немажліва. Гэта не было перабольшаннем: толькі аднойчы ён пакінуў па сабе здрадлівы след — ліст, і гэта магло каштаваць яму жыцця. Насамрэч ён заўсёды паводзіў сябе, як вечны муж Фэрміны Дасы, муж няверны, але ўпарты, які нястомна змагаўся за вызваленне ад сваёй залежнасці, не здраджваючы, аднак, сваім пачуццям.
Такая замкнёнасць не магла не спарадзіць чутак. Сама Трансыта Арыса памерла з упэўненасцю, што яе сын, зачаты ў каханні і выхаваны для кахання, меў стойкі імунітэт да ўсялякіх праяў пачуцця з-за першай юнацкай няўдачы. Аднак менш зычлівыя людзі з яго блізкага кола, знаёмыя з яго загадкавым характарам і цягай да містычнай вопраткі ды дзіўных парфумаў, падзялялі падазрэнне ў тым, што імунітэт тычыцца не любові, а жанчын. Флярэнтына Арыса ведаў пра гэта і ніколі нічога не зрабіў дзеля абвяржэння. Гэта не турбавала і Сару Нар’егу. Яна прымала яго, як усе незлічоныя жанчыны, якія задавальнялі яго, не разлічваючы на асаблівыя пачуцці, як мужчыну часовага. Урэшце, Флярэнтына стаў з’яўляцца ў ейным доме а любой гадзіне дня і ночы, часцей за ўсё — у нядзелю зрання, у самы спакойны час. Яна адразу кідала тое, чым займалася, і аддавала сябе дарэшты, каб зрабіць яго шчаслівым на вялізным размаляваным ложку, які заўжды чакаў яго і на якім не было месца царкоўным абмежаванням. Флярэнтына Арыса не мог зразумець, як незамужняя жанчына з такім малым досведам магла столькі ведаць пра жаданні мужчын і як яна давала рады свайму салодкаму целу, якое рухалася ў ложку так лёгка, бы рыбіна ў вадзе. Яна адказвала яму, што майстэрства кахаць, перадусім, ёсць прыроджаным талентам: «Ты альбо нараджаешся з гэтай ведай, альбо так і памрэш невукам». Флярэнтына Арысу ажно круціла ад думкі, што яна, магчыма, была больш дасведчанай, чым удавала, але ён мусіў суцішваць сваю рэўнасць, бо і сам сказаў ёй, як казаў усім сваім жанчынам, што яна была ягонай адзінай каханкай. Акрамя шмат чаго іншага, што было яму не даспадобы, Флярэнтына мусіў змірыцца з прысутнасцю ў ложку раз’юшанага ката, якому Сара Нар’ега сточвала кіпцюры, каб ён іх не раздзёр, пакуль яны кахаліся.
Аднак акрамя заўсёднае прагі давесці сябе ў ложку да знямогі, яна аддавала сябе ўсю пакутам паэзіі. І не толькі мела дзівосную памяць на сентыментальныя вершы таго часу, што прадаваліся ўсё новымі двухграшовымі брашурамі на вуліцах горада, але і прыколвала да сцен шпількамі самыя кранальныя з іх, каб чытаць уголас у любы час. Яна пераклала тэксты падручніка па добрых манерах і лекцыі грамадазнаўства на мову класічнай паэзіі паўнагучнай рыфмай, але не дамаглася афіцыйнага прызнання. Часам яе так даводзіў дэкламатарскі сверб, што яна працягвала выкрыкваць радкі падчас любоўных уцехаў, і Флярэнтына Арыса змушаны быў усоўваць ёй у рот соску гвалтам, як робяць з дзецьмі, каб перасталі плакаць.
У разгар іхнай сувязі Флярэнтына Арыса спытаўся ў сябе, які з двух станаў льга лічыць любоўю — стан буйных любоўных уцехаў альбо спакой вечарамі ў нядзелю, і Сара Нар’ега супакоіла яго простым аргументам, маўляў, што б мы ні рабілі аголенымі, гэта і будзе любоў. І дадала: «Для любові душэўнай — вышэй за талію, для любові цялеснай — ніжэй». Гэтае ўласнае вызначэнне здалося ёй удалай тэмай для паэмы пра шчаслівае каханне, яны напісалі паэму ў чатыры рукі, і Сара Нар’ега прадставіла яе на V Паэтычных гульнях, упэўненая ў тым, што ніхто такой арыгінальнай паэмы ніколі не абіраў. І зноўку прайграла.
Флярэнтына Арыса правёў яе дамоў, і ўсю дарогу яна гнявілася. Не могучы таго патлумачыць, яна была ўпэўненая ў тым, што ёй не далі прэміі праз інтрыгі Фэрміны Дасы. Флярэнтына Арыса не звяртаў на яе ўвагі, ён пагрузіўся ў змрочны настрой з моманту ўручэння ўзнагароды, бо вельмі даўно не бачыў Фэрміны Дасы, і той ноччу ў яго склалася ўражанне, што яна глыбока змянілася: упершыню няўзброеным вокам можна было заўважыць, што, як ні круці, яна маці. Гэта не было навіной для яго, бо ён ведаў, што яе сын ужо ходзіць у школу. Аднак мацярынскі век раней не здаваўся яму такім відавочным, як цяпер, мяркуючы не адно па памерах таліі, зменах у хадзе, а й па тым, што ёй не ставала паветра пры чытанні вынікаў конкурсу.