Каб дакументальна падмацаваць свае ўражанні, ён наноў перагледзеў альбомы, прысвечаныя Паэтычным гульням, пакуль Сара Нар’ега гатавала вячэру. Ён разглядаў хромалітаграфіі з часопісаў, зжаўцелыя паштоўкі, што прадаваліся, як сувеніры, ля Натарыяльнае брамы, і гэта было нібыта прывідным пераглядам фальшу ягонага жыцця. Да тае пары ён трымаўся ілюзіі, што ўвесь свет старэе, мяняюцца звычаі, моды, толькі не яна. Але цяпер ён упершыню свядома ўгледзеў, што і жыццё Фэрміны Дасы мінае, і ягонае жыццё збягае, а ён толькі і робіць, што чакае. Ніколі ён не гаварыў пра яе ні з кім, бо разумеў, што не здольны вымавіць ейнае імя так, каб людзі не заўважылі, як ён хвалюецца, — нават вусны збялелі б. Але ў той вечар, калі ён разглядаў альбомы ўжо соты раз вечарамі падчас нядзельнай нудоты, Сара Нар’ега чарговым разам выпадкова ўжыла тое трапнае вызначэнне, ад якіх стыла кроў.
— Яна сапраўдная прастытутка, — сказала яна.
Яна выказала гэта мімаходзь, убачыўшы здымак, на якім Фэрміна Даса на маскарадным балі была ў вопратцы чорнай пантэры, і Сары не давялося называць імя, каб Флярэнтына Арыса здагадаўся, пра каго яна сказала. Баючыся выкрыцця, якога страшыўся ўсё сваё жыццё, ён паспрабаваў быў асцярожна бараніць Фэрміну. Адзначыў толькі, што ён амаль не ведаў Фэрміны Дасы — знаёмства зводзілася да фармальных вітанняў — і нічога не ведаў пра яе асабістае жыццё, але думаў, што гэта цудоўная жанчына, якая стварыла сябе з нічога, дзякуючы ўласным вартасцям.
— Дзякуючы шлюбу па разліку з чалавекам, якога не кахае, — перарвала яго Сара Нар’ега. — Гэта самы агідны ўзор прастытуцыі. Не такімі рэзкімі словамі, але таксама ў тоне суворай маралі маці казала Флярэнтына Арысу тое самае, спрабуючы сцішыць ягонае гора. Узрушаны, ён не знайшоў адпаведнага адказу на словы бязлітаснай Сары Нар’егі і вырашыў змяніць тэму. Аднак Сара Нар’ега не паддалася і працягвала паліваць брудам Фэрміну Дасу, пакуль не адвяла душу. Усплёск інтуіцыі, які Сара Нар’ега не здолела б вытлумачыць, падказваў: Фэрміна Даса зладзіла змову, каб не даваць ёй прэміі. Прычын для такога сцверджання не было: яны не былі знаёмыя, не ведалі адна адну ў твар, і Фэрміна Даса не мела ніякага дачынення да конкурснага вердыкту, хоць была ў курсе спраў журы. Сара Нар’ега дадала безапеляцыйным тонам: «Мы, жанчыны, — празарлівіцы». І гэтым спыніла спрэчкі.
Тады Флярэнтына Арыса і яе ўбачыў іншымі вачыма. Для яе таксама міналі гады. Няўрымслівая натура бясслаўна марнела, гадамі стрымванае каханне вымушала яе ўсхліпваць, на павекі ўжо леглі цені мінулай горычы. Гэта была ўчорашняя кветка. Апрача таго, ад гневу паразы яна страціла лік кілішкам брэндзі. Гэта не была ейная ноч: пакуль елі падагрэты рыс з какосам, яна спрабавала высветліць унёсак кожнага ў стварэнне паэмы, каб дазнацца, колькі пялёсткаў Залатой архідэі яны маглі атрымаць паасобку. Не ўпершыню яны пускаліся ў беспрадметныя дыскусіі, але ён скарыстаўся выпадкам, каб гаварыць, вярэдзячы адкрытую рану, абразы. Вось так яны схапіліся ў бязглуздай спрэчцы і прыгадалі ўсе дробныя крыўды, што назапасіліся за пяць гадоў любоўнае сувязі.
Заставалася дзесяць хвілін да поўначы, калі Сара Нар’ега стала на крэсла, завяла насценны гадзіннік і паправіла стрэлку на вока, верагодна, з намерам сказаць яму без слоў, што час сыходзіць. Тады Флярэнтына Арыса адчуў тэрміновую неабходнасць вырваць з карэннем гэтую сувязь без любові і стаў шукаць зачэпку, каб узяць ініцыятыву ў свае рукі, — так ён дзейнічаў заўсёды. Ён маліў Бога, каб Сара Нар’ега паклікала ў ложак — вось тады ён бы сказаў ёй, што не, усё скончана, — ён папрасіў яе, калі яна спусцілася з крэсла, прысесці побач. Аднак яна вырашыла трымацца на адлегласці і села ў крэсла для гасцей. Тады Флярэнтына Арыса працягнуў ёй указальны палец, абмакнуўшы яго ў брэндзі, — Сара Нар’ега любіла смактаць яго ў прэлюдыях любові. Яна адвярнулася.
— Не трэба, — сказала яна, — я чакаю чалавека.
З тае пары, як яму адмовіла Фэрміна Даса, Флярэнтына Арыса навучыўся пакідаць за сабой апошняе слова. Пры менш горкіх абставінах ён бы дабіўся згоды Сары Нар’егі і завяршыў бы ноч з ёю ў раскошным ложку, бо ён быў упэўнены ў тым, што жанчына, якая аднойчы легла з мужчынам, і надалей будзе спаць з ім, толькі б мужчына таго захацеў ды здолеў абудзіць пяшчоту. Ён напакутаваўся дзеля ўласнае ўпэўненасці, ішоў на што заўгодна нават пры самых цёмных прыгодах, толькі б не даваць аніводнай жанчыне мажлівасці сказаць апошняе слова. Але тае ночы ён адчуў сябе гэтакім зняважаным, што ўраз выпіў брэндзі, паказваючы, як толькі мог, сваю крыўду, і пайшоў моўчкі, нават не развітаўшыся. Яны больш ніколі не бачыліся.