— Прыстойнай жанчыне не могуць сніцца такія сны.
Да непарыўнага адчування таго, што яна ў чужым доме, дадаліся дзве вялікія бяды. Першая — гэта амаль штодзённая баклажанная дыета на ўсе спосабы, якую донна Блянка адмаўлялася адмяняць з павагі да нябожчыка мужа, а Фэрміна Даса цярпець не магла баклажаны. Яна іх зненавідзела з маленства, яшчэ не пакаштаваўшы, таму што ёй заўсёды здавалася, што яны маюць колер атруты. Праўда, на гэты раз ёй давялося прызнаць, што так ці іначай штосьці змянілася ў жыцці, цяпер яе не прымусіш гэта есці, а калі ў пяць гадоў яна вымавіла нешта пра колер атруты за сталом, бацька змусіў яе з’есці цэлы рондаль на шэсць персон. Яна думала, што памрэ, спачатку праз тое, што яе званітавала здрабнёнымі баклажанамі, а потым праз кубак з касторкай, якую ўлілі ў яе гвалтам, каб вылечыць ад бацькавага пакарання. Гэтыя два моманты змяшаліся ў памяці, ператварыліся ў адно паслабляльнае, як ад згадак пра смак, так і з перапуду перад атрутай, і падчас мярзотных абедаў у палацы маркіза Касальдуэра ёй даводзілася адводзіць вочы, каб не вывернуць вонкі ежу — такія сцюдзёныя касторавыя ваніты падступалі да горла.
Другой бядой была арфа. Аднойчы, цалкам усведамляючы вагу сваіх слоў, донна Блянка сказала: «Я не веру ў прыстойнасць жанчын, якія не ўмеюць граць на піяніна». Гэта быў загад, якому паспрабаваў запярэчыць нават сын, бо найлепшыя гады ягонага маленства прайшлі ў галерным рабстве ўрокаў грання на фартэпіяна, хоць у спелым веку ён быў удзячны бацькам за іхную настойлівасць. Ён не мог сабе ўявіць, як можна прымусіць займацца гэтым чалавека ў дваццаць пяць гадоў ды яшчэ з такім характарам, як у ягонай жонкі. Але ад маці ён дамогся толькі згоды на замену піяніна арфай, па-дзіцячы давёўшы ёй, што гэта інструмент анёлаў. З Вены выпісалі для іх цудоўную арфу, якая здавалася залатой выглядам і гучаннем: пазней арфа станецца бясцэннай рэліквіяй гарадскога музея, пакуль знакаміты пажар не знішчыць літаральна ўсіх экспанаты. Фэрміна Даса скарылася, спрабуючы зрабіць апошні высілак, каб прадухіліць развал сям’і. Яна пачала займацца ў слыннага педагога, якога адмыслова прывезлі з Мампокса, але ён праз пятнаццаць дзён нечакана памёр, і яна некалькі гадоў працягвала заняткі з галоўным музыкам семінарыі, які сваім настроем далакопа скажаў любое арпеджыа.
Фэрміна Даса сама дзівілася сваёй пакоры. Не пагаджаючыся ў думках і ў глухіх спрэчках з мужам у гадзіны, якія раней прысвячалі любові, Фэрміна Даса хутчэй, чым сама магла падумаць, заблыталася ў зарасцях умоўнасцяў і прымхаў свайго новага свету. Напачатку яна карысталася рытуальнай фразай для сцверджання свабоды думкі: «Да чорта веер, вее вецер». Аднак пазней яна пачала даражыць атрыманымі шлюбам прывілеямі, баялася сораму і кпінаў, і была гатовая трываць нават знявагі, спадзеючыся на тое, што Бог, нарэшце, пашкадуе донну Блянку, якая ў малітвах нястомна прасіла паслаць ёй смерць. Доктар Урбіна апраўдваў уласную слабасць крызісам стаўлення да жонкі, нават не спытаўшы сябе, ці не супярэчыць ягоная думка ўстанаўленням касцёла. Ён не дапускаў, што канфлікты з жонкаю ўзнікаюць з прычыны напружанай атмасферы ва ўсім доме, і верыў: прычына закладзена ў самой прыродзе шлюбу — абсурднай вынаходцы, якая існуе толькі дзякуючы бясконцаму цярпенню Бога. Шлюб не меў аніякага навуковага абгрунтавання: чаму дзве ледзь знаёмыя асобы рознага полу без звязкі роднасці, з розным культурным узроўнем раптам прымаюць абавязак жыць разам, спаць разам, падзяляць лёс, які, магчыма, быў прадвызначаны зусім іначай. Ён казаў: «Праблема ў тым, што шлюб завяршаецца штоночы пасля мілавання, і штораніцы трэба ўзнаўляць яго да сняданку». Яшчэ горш складваліся стасункі ў межах іх шлюбу, тлумачыў ён, бо яны былі прадстаўнікамі двух антаганістычных класаў, ды яшчэ ў горадзе, які па-ранейшаму марыў пра вяртанне віцэ-каралёў. Адзіным магчымым матэрыялам, які мог звязаць іх, было ўяўнае і зменлівае каханне, калі яно ўвогуле існавала, а ў іх выпадку яго дакладна не было падчас вяселля, а надалей лёс толькі балюча сутыкнуў іх ілбамі ў той час, калі яны ледзь не прыдумалі сабе сваю гісторыю кахання.