— А якія прызы за латарэю?
— Прыз дня — адгул на дзяржаўнай працы ці нейкае смакоцце са старых запасаў. Звычайна — старыя вайсковыя кансервы. Яны даўным даўно пратэрмінаваныя, але вось жа дзіва — на смак як новыя. І ніхто ні разу не атруціўся. Прыз тыдня — вечар у рэстаране гасцініцы «Турыст». Там адзінае месца, дзе можна адтапырыцца небанальна, скажам так. «Па-менску», ці «па-буржуйску», як у нас яшчэ кажуць. Прыз месяца — адзін дзень пад сонцам.
Мао скруціў новую цыгарку:
— У вас як там з надвор'ем, на вашых хутарах?
— Па-рознаму.
— А ў нас вось так — плюс 20 уначы, плюс 25 удзень і заўжды без сонца. Часам дождж. А ёсць адно месца, дзе сонца чамусьці свеціць заўжды. Нейкая дзірка ў хмарах. Там санаторый унізе, для простых, а ўверсе — забаўлялава для багатых. Прыз месяца — дзень на верхняй VIP-пляцоўцы. Гэта на ЦЭЦ-3. Далей, за «Турыстам» і Шарыкападшыпнікавым заводам. Можа і пабачыш, калі пашанцуе ў латарэю. А прыз года — бясплатны ўдзел у свяце паўкабана, якое афіцыйна завецца Днём Горада-Героя. Яно прымеркаванае да перамогі ў Пяцігадзіннай вайне. У рэальнасці ў бойцы з менскімі за Велазавод. У выніку завод застаўся Гораду-Герою, але працуюць на ім за рэдкім выключэннем менскія, якія маюць кантрольны пакет акцыяў: сабе і нам вырабляюць роварную тэхніку.
Па дарозе пачалі зноў сустракацца карычневыя камізэлькі. Адна цёця заехала шчоткай Дзікуну проста па нагах. Моўчкі. Нібы перад ёю нікога не было.
— Слухай, Мао, а «камізэлькі» толькі міліцыю выклікаюць ці таксоўку таксама?
— А мы ўжо падыходзім.
Звечарэла. Гасцініца «Турыст» блішчэла наперадзе агнямі, як круізны лайнер у цемры ночы. Дзікун бачыў такое на відэа.
Каля ўваходу Мао развітаўся. Злева ад дзвярэй стаяў швейцар у навюткай, з пазалотай ліўрэі. Справа вісела дошка гонару з сярпом і молатам у верхнім левым куце. Дошка была невялікая — на тры партрэты.
— Золата, срэбра і бронза, — патлумачыў Мао. — Золата цяпер — Таня, пакаёўка VIP-паверхаў: для іншаземцаў, лічы — для менскіх. З выспаў тут рэдка хто бывае — дорага для іх. Таня... Яе спачатку павярнулі з аддзелу кадраў. Сказалі, «з пласкажопіем не бярэм». А галоўная адміністратарка Ала Пятроўна заступілася, сказала, што жопа нармальная, грудзі выдатныя, а галоўнае — каб чалавек быў харошы. І не прагадала. А на мяне Танька пакрыўдзілася. Я яе калісьці вучыў інтэрнэтам карыстацца. Кажу: «Таня, э-мэйл — не прозвішча, яго часта змяняць не трэба». Псіханула. Пасля, праўда, памірыліся, а пасля зноў. Усё, пака, убачыш Таню — перадавай прывітанне ад Мао.
— А мы вас ждзём! — строга і адначасова гулліва заявіла невялікага росту жанчына з фрызурай «начос» і бюстам, падобным да бяскрайняга айсбергу, які адкалоўся ад ледавіка, каб пачаць падарожжа ў неабсяжным акіяне, але быў злоўлены і схаваны пад сукенкай жанчыны з імем на бэджыку «Ала Пятроўна Кірдун». Адміністратарка яшчэ раз зверыла запрашэнне Дзікуна са сваім спісам і пацвердзіла сама сабе:
— Ждзём.
ЧАСТКА ІІ. Гасцініца «Турыст»
10
Адміністратарка памяняла дыск «Лучшый танцпол усех народаў» на грошы. Гэта былі не бляклыя на выгляд рашчотныя латарэйныя білеты. На банкнотах дызайнерскім шрыфтам красавала слова «ІНШАМАРКІ». Стос папераў быў значна меншым за той, што Дзікун атрымаў у абменніку каля порту.
— Гэта валюта для іншаземцаў, — патлумачыла Ала Пятроўна. — Іншамаркамі вы можаце ахапіць значна большы асартымент тавараў і паслуг, чым рашчотнымі білетамі. Гасцініца «Турыст», «Універмаг», ён тут побач, а таксама забаўляльны комплекс «ДК МАЗ» — вось тры зоны, дзе ходзяць іншамаркі. Нагадваем пра крымінальную адказнасць за незаконны абарот валюты.
Дзікун моўчкі кіўнуў і пачаў разглядаць цэны на «абанементы для аплаты знаходжання на тэрыторыі Горада-Героя». Спыніўся на варыянце двух тыдняў.
— Вазьміце лепш дзесяць дзён з моманту аплаты, два тыдні пачынаюцца з першага ці пятнаццатага чысла, а цяпер ужо трэцяе, — са спагадлівай усмешкай да небаракі, які не ведае жыцця, параіла Ала Пятроўна.
Дзікун аплаціў рашчотнымі білетамі: выняў стос паперак, а Ала Пятроўна выбрала патрэбныя купюры.
— Зараз прыйдзе ваша пакаёўка, — зноў строгім тонам сказала адміністратарка.
«На чай» не забудзься даваць», — у галаве актывізаваўся ўяўны голас Альгердыча. Але было позна, адміністратарка ўторкнулася ў свае сшыткі з лічбамі.
Пакуль Дзікун чакаў пакаёўку, разглядаў вялікі плакат на сцяне ў холе. На белым фоне чорнай фарбай быў намаляваны жаночы сілуэт у кароткай спадніцы, на вялікіх абцасах і з грудзямі, абцягнутымі кароткай блузкай. Сілуэт падпіраў спінай вулічны ліхтар, падагнуўшы адну нагу. Уся выява была перакрэсленая тлустай чырвонай лініяй. Пад малюнкам крычалі вялікія чырвоныя літары: «Стоп рабства!»