— У нас сіводня празьнік. Рукаводства Горада-Героя зьдзелала нам бальшы падарак. Па прашэсьцьвіі трыццаці лет васстанавлівает работу наша прафесіянальна-ціхнічэскае ўчылішча. Эта астаноўка, каторую мы аткрываем, эта сімвал таво, што нас знают і цэнят. І мы будзем старацца, штоб апраўдаць этат падарак чэрэз прызму кадравых вапросаў на ураўні гасударства. І сіводня нам есьць чэм гардзіцца — тружанікі метала- і дзеталедабываюшчай отрасьлі напрацяжэніі нескалькіх лет абісьпечывают выпалненіе всех прагнозных паказацелей. Но ціпер метала- і дзеталедабыча выйдут на савіршэнна новы качэственны уравень!
Воплескі, аркестр грымнуў, а натоўп зацягнуў:
«Вижу свет за окном —
Солнце будит район.
Всюду песни, знакомые лица...»
Бугай з азызлым тварам рушыў у натоўп, крэпкія мужыкі ў аднолькавых спінжаках пачалі адштурхоўваць людзей. Дзяўчаты і Дзікун дадалі кроку, а ім у след неслася:
«...Наши дети растут,
На заводы придут,
Чтобы славу отцов приумножить!»
Крыху вышэй па Шасэйнай пашыхтаваліся цагляныя двухпавярховыя дамкі на пару пад'ездаў кожны. Сімпатычныя дамкі, з разьбянымі балясамі балкончыкаў, з нетыповымі для большай часткі забудовы Партызанскага праспекту дэталямі дэкору, з верандамі. «Для «ыліты» МАЗу будаваліся калісьці», — кінула мімаходзь Арына. На ўваходзе ў першы дворык вісела расцяжка «Сардэчна запрашаем у наша Гета!». Уся кумпанія ўзнялася на другі паверх у вялікую, аб'яднаную з дзвюх, кватэру. «Спачатку мы цябе пакормім, а пасля пакажам наша «гета».
Завялі прайгравач плытак, паставілі кружэлку з джазам, запарылі зёлак, распалілі кальян. Да Дзікуна прышкандыбаў аграмадны сабака: ангельскі мастыф на мянушку Арнольд, ён жа Роня.
— Ён мяне не ўкусіць?
— Не! Ты ўжо свой чалавек. Ты ж пасля мянтоўкі ўжо пахнеш усім нашым раёнам!
Дзікун агледзеўся. Усё было нязвыклым, усё кантраставала з тым, што Дзікун пабачыў у Горадзе-Героі. Але што канкрэтна? Колеры! Усё ў памяшканні мела выразнае адценне. Сцены — цёплыя, светлыя, салатавыя. Стол і крэслы пасярэдзіне вялікага пакою — глыбокі сіні. Шыбы і падваконні былі пафарбаваныя ў адно з адценняў аранжавага. Нязвыкла. У Горадзе-Героі ў афармленьні інтэр'ераў і экстэр'ераў панавала бляклая аляпаватасць шэра-бура-бэзавай неакрэсленасці.
А ў «гета» былі выразныя адценні пэўных колераў, падабраныя адзін да аднаго з творчай задумай, аўтарскім падыходам. А на сценах было некалькі карцінаў, кветкі ў вазончыках на падлозе, на падваконнях. На паліцах — кнігі ХХ і ХХІ стагоддзяў, сярод якіх бачна багата мастацкіх альбомаў. Пакой-студыя, спалучаны з кухняй. Адны дзверы вядуць у другі пакой, а ў трэці — дзвярэй няма, толькі прыадкрытая шырма. Відаць доўгі стол з прыстаўленымі да яго крэсламі, вялікі планшэт на сцяне, распісаны графікамі і малюнкамі. У канцы стала два мужчыны штосьці жарсна абмяркоўваюць. Часам чуваць абрыўкі размовы:
— ...У яго была інваліднасць па інфантылізму...
— ...А сябра ягоны меў інваліднасць па ідэалагічных эксперыментах...
— ...Прафесія — сэнсолаг...
— ...Гарызонт вашай думкі завалены недасказанасцю...
— ...Усё, што зарабляецца на нашых марах, мы маем права каментаваць...
— ...Ты не ў будучыню ўпэўнена глядзі, ты ў сябе ўпэўнена глядзі...
Яня патлумачыла:
— Рыхтуюцца да семінару «Умацаванне сэнсаў ва ўмовах існавання «гета» ў фантазійнай прасторы», не будзем ім замінаць.
— Гета тваёй краіны, — пад нос прабурчала Хрысця.
— Гета нашага жыцця! — пафасна выгукнула Арына.
— Чаму «гета»?
З фатэля ўзнялася Арына. «Галандская мэбля другой паловы ХХ стагоддзя», — адзначыў для сябе Дзікун.
— Па-першае, у нас на даху ёсць сонечныя батарэі, — пачала Арына. — Хоць праз вечныя хмары дастаем энергіі меней, чым магчыма, мы можам слухаць музыку, захоўваць ежу ў лядоўні, карыстацца камп'ютарам. Сонечныя батарэі мала ў каго ёсць, хоць іх можна заказаць у Менску пры вялікім жаданні. Дорага. Але калі скінуцца адным домам на дзесяць кватэраў, то цалкам можна сабе дазволіць.
Хрысціна працягнула:
— Па-другое, мы вырошчваем кветкі. Зірні на падваконне. На тваіх выспах вырошчваюць кветкі?
— Так, — паціснуў плячыма Дзікун. А сам звярнуў увагу на тое, што ў самым куце пакою на падлозе стаяў гаршчэчак, у якім расла бульба.
— Па-трэцяе, мы не ямо бульбы, — дадала Яня. — Але галоўнае тое, што мы малюем, чытаем, пішам, дыскутуем. Ладзім семінары, міні-фестывалі, выставы. У нас ёсць тэатральная трупа. І нават тры музычныя гурты.