Выбрать главу

Дзяўчаты накрылі на стол: свежыя чарніцы і суніцы, фінікі, апельсіны, мідыі, марская морква, акіянічная пяцівокая стронга. «Мяса мы не ямо». Паабедалі. Праз адкрытае акно пачалі далятаць галасы.

— ...Я бачу, вы адукаваны чалавек. Вось падкажыце мне. Я ўсё жыццё мучуся, хачу высветліць. Выраз «я@біся колам» — гэта дрынам ці па коле?

— ...Класічны твор — гэта сперматазоід-пераможца, які стварае культурны кантэкст на пэўны час...

Дзікун падышоў да акна, каб лепш чуць.

— ...Кажаш, да Выбуху было прасцей? Прадказальнае надвор'е, вядомыя фарватары. А што — у чалавечым штодзённым жыцці хіба менш небяспечных сітуацыяў узнікала, чым цяпер?

— ...Я адмовіўся быць таварышчам, а стар­шая прапаршчыца Сняжана — гаспажой..

— ...Як, як? «Зэ бэст»? Прасцей сказаць «за@бісь»...

Дзікун павярнуўся да дзяўчат:

— Гэта яны на семінар прыйшлі?

— Калі меркаваць з размоваў, адны — на семінар, а іншыя — на аўтограф-сесію аўтара новага коміксу. Неўзабаве пачнецца ў суседнім доме нашага «гета». Там і выдавецтва, і крама коміксаў. «Коцікаў» называецца. Хадзем пакажам, — запрасіла Яня.

Вакол ганка каміксарні — высокага, на некалькі прыступак — таўкліся людзі. Хтосьці адзеўся ў гарнітур, хтосьці — ў падраныя джынсы. Унутры крамкі была бачная невялікая чарга да аўтара — мужчыны з сур'ёзным выразам твару, які засяроджана падпісваў сшыткі коміксаў. Але большасць публікі тусавалася на дварэ. Побач з ганкам стаяла таўсценная калода. Ідэальнае месца, каб паставіць келіхі, папяльнічку і весці нязмушаную размову.

— Формай авалодаў, а сказаць не мае чаго.

— Так, сэнсаў — нуль.

— Ну не нуль, але ж адну адзіную ідэйку расцягвае на цэлы графічны раман.

— Нават не ідэйку, а анекдоцік.

— Дый з формай паўтараецца ўжо які год.

Аўтар выйшаў на ганак, удзельнікі размовы вакол калоды дружна ўзнялі келіхі і хо­рам пракрычалі:

— Віншуем!!!

Аўтар пакланіўся.

Вочы Дзікуна рэзка зачасаліся, пагроза была знаёмая, але ўбачаная формула небяспекі падказала, што бегчы позна.

— Усім стаяць! Працуе паліцыя сэнсаў!

Публіка без словаў імгненна пашыхтавалася тварамі да сцяны з пакладзенымі на патыліцу рукамі. «Трохачковы няўдас», — Дзікун узгадаў выслоўе Немца і пачаў разважаць пра свой далейшы лёс: проста аштрафуюць і дэпартуюць ці згнояць на прымусовых працах на Свінакомплексе? За спінай ляснуў затвор «калашнікава».

Праз пяць хвілінаў міліцыянты з «паліцыі сэнсаў» выйшлі з памяшкання каміксарні. «Адбой, спасіба за паніманіе». Публіка вярнулася да сваіх келіхаў і працягнула размовы, нібы толькі што нічога не здарылася.

— Што гэта было? — спытаўся Дзікун у Хрысці.

— Яны ў прыбіральню хадзілі.

— ?!

— Глядзелі, ці не падціраецца хто партрэтамі Караля. Усе юрыдычныя асобы абавязаныя выпісваць газету «Город Мечты», не менш за дзесяць асобнікаў, і распаўсюджваць бясплатна. Туалетная папера ў Горадзе-Героі — толькі імпартная, з Менску, таму дарагая. Вось многія і карыстаюцца. Дзесьці з паўгода, як стварылі «паліцыю сэнсаў». Яна сочыць, каб ніхто не кпіў з Караля і ягонай палітыкі «дабра і працвітання».

— Дык яны ў скарыстаных паперках рыліся?!

— Не бывае кепскай работы, — хіхікнула Хрысця.

— У вас хіба многія чытаць умеюць? Я рэдка дзе бачыў літары.

— Этыкеткі з таварамі з Менску ўсе чы­таць умеюць. Плюс уменне чытаць цяпер як бы мода. Невялікі тэкст можа адужаць амаль кожны дарослы. Да таго ж газета збольшага з карцінак складаецца. І ўсе карцінкі — з «сэнсамі», якія пад абаронай дзяржавы.

Да Дзікуна і дзяўчат падышоў уладальнік крамы, мужчына сярэдніх гадоў, крыху паўнаваты, з невялікай барадой, ускудлачанымі валасамі і вясёлай усмешкай на твары.

— О, бачу, новы наведнік, рэдка такое бывае! Выпадкова зайшлі ці падказалі?

— Падказалі.

Дзікун уважліва паглядзеў выдаўцу ў вочы:

— На Падшыпнікавым праездзе 3.

Выдавец радасна ўсміхнуўся:

— Марыну шукаеце?

— Так.

— А мы вас чакаем. Сяргей, — назваўся выдавец.

— Дзікун.

— Хадзем, Дзікун.

Сяргей павёў праз краму і адчыніў дзверы «толькі для персаналу». Спусціліся па прыступках. Яшчэ дзверы. Невялікі друкарскі станок. Пах фарбы. Скруткі паперы. Слабаватае святло ад некалькіх лямпачак. «Эканомім электрычнасць». Чатыры работнікі за працай.

— Знаёмся, Дзікун, гэта наша група пад кодавай назвай «Марына».

Работнікі моўчкі ўзнялі рукі ў вітанні.

— Ты ж па дакументах, відаць, на вяселле прыехаў?.. — сам у сябе спытаўся Сяргей. Падумаў, паўзгадваў: — Так, на вясел­ле. Вельмі своечасова. Мы акурат на заўтра рыхтавалі як бы шлюб, толькі не ведалі, каго ў жаніхі выбраць, у нас усе мужчыны жанатыя. Будзеш маладажонам. Не хвалюйся, гэта ненадоўга. Заўтра ў нас тут у скляпенні грукат будзе большы, чым звычайна, таму наверсе зладзім бах-татарах з музыкай і феерверкамі. Хадзем далей.