Далей былі яшчэ адныя дзверы, люк у падлозе маленькага пакойчыку, прыстаўная лесвіца і яшчэ адзін слаба асветлены пакой. «Выглядае на хімічную лабараторыю», — падумаў Дзікун. Пасярод пакою за сталом сядзела маладая кабета.
— Прывітанне, мяне клічуць Люцыя, у міру — Люся.
Дзікун пазнаў голас кабеты. Гэта яна была ўпала ў люк побач з барам «Сумёт».
— Пакажы сваю тату.
Дзікун прадэманстраваў васьміканцовую зорку-знічку з выявай сонца і месяца пасярэдзіне. У Люцыі была падобная знічка, толькі пасярэдзіне — з выявай галавы зубра ў профіль.
— Як жа мы цябе даўно чакалі, — паўтарыў выдавец Сяргей. — Амаль дваццаць сем гадоў будзе, як мы дамовіліся з Альгердычам пра пароль «Коміксы» і Падшыпнікавы праезд 3, калі вашы сыходзілі з гораду. Мы ведалі, што ты бачун і што дапаможаш нам, калі вырасцеш. І вось ты тут. Шчыра вітаем у менскім падполлі.
15
Люцыя ў белай вясельнай сукенцы і Дзікун у цёмным гарнітуры стаялі ў чарзе. Апроч візавых і казіношных, у Горадзе-Героі быў сезонны тып чэргаў — вясельны. Вяселлі гулялі напярэдадні Дня Горада-Героя, які адзначаўся ў гадавіну Бітвы за Велазавод.
Увесь Партызанскі праспект быў утыканы скульптурнымі выявамі, пераважна Леніна, выменянымі ў Менску на прадметы мастацтва. Насы, задніцы і нават пяткі скульптураў былі спрэс адпаліраваныя сотнямі тысяч дотыкаў. Нос барэльефа галавы Леніна з менскага метро церлі шкаляры перад кантрольнымі. А вось задніцу скульптуры Леніна, прывезенай з дворыку Трэцяй менскай клінічнай больніцы, церлі чамусьці тыя, хто ішоў у казіно. Многія помнікі былі адпаліраваныя адначасова ў некалькіх месцах. Церлі на ўдачу ў латарэі, на паспяховую рыбалку, на тое, каб «дзевушка дала», каб «парэнь абраціў уніманіе», каб суседку «ракам сагнула і не разагнула», каб канкурэнтка-гандлярка з рынку «ўсё жыццё бульбу стаканамі прадавала», каб калегу звольнілі, а цябе паставілі на ягонае месца, каб «пранцы ім усім у бок». Але толькі да аднаго помніку мусілі прыехаць маладажоны.
На ўскрайку пляцу перад «ДК МАЗ» на шматметровай калоне быў усталяваны здаравушчы зубр, а на зубры сядзела дзяўчына. Зубр нібы рыхтаваўся да скачка, а дзяўчына левай рукой трымала сцяг, а правую ўзняла ўгару. Да рукі быў прымацаваны не металічны, а сапраўдны «калашнікаў».
Побач са скульптурнай кампазіцыяй стаяў грузавік з кранам-пад'ёмнікам. Маладыя пары залазілі ў люльку, уздымаліся. Першы прыпынак быў каля зубровых яйцаў, якія блішчэлі так, што былі бачныя за кіламетр. Яйцы церла нявеста. Другі прыпынак быў каля грудзей дзяўчыны. Грудзі не надта сільна блішчэлі, бо за іх жаніху трэба было проста схапіцца, а не церці. Часам бывала, што пад'ёмнік клініла, тады чарга павялічвалася ў разы, у людзей ламаліся графікі ўрачыстасцяў, пачыналіся бойкі за права праскочыць без чаргі. Таму побач заўжды дзяжурылі ўзброеныя міліцыянты. Гэтым разам наводдаль Дзікун заўважыў «чорных п'явак».
— Люцыя, хто яны?
— Мы мала пра іх ведаем. Яны ўзніклі з ніадкуль пару месяцаў назад. І нам яны вельмі не падабаюцца. Адна наша баявая група паспрабавала ўзяць «чорнага» ў палон, але безвынікова. На руках засталася толькі вопратка: гідракасцюм, маска і пальчаткі.
Дзікун па-ранейшаму не счытваў небяспекі «чорных». Як тады, калі згубіў Рамонку ды сяброў-рыбакоў. Гэтая акалічнасць моцна засмучала, бо «п'яўкі» маячылі паўсюль, і былі яны ўзброеныя.
— Дзікун, што ты раскіс? Ты давай, радуйся, у цябе ж самы шчаслівы дзень у жыцці. Забыўся?
Дзікун ашчэрыўся ўсмешкай і агледзеўся. Самы цэнтр Горада-Героя, самае яго сэрца. Тут і ўрад, і казіно, і міліцыя. Тут на плошчы імя Караля ўсе афіцыйныя ўрачыстасці адбываюцца. Што не так у краявідзе?
— Люцыя, я не так шмат выяваў Караля сустрэў. Вось і адсюль толькі адзін плакат бачна. Неяк дзіўна, калі ўлічыць, што ён дэ-факта манарх.
— На пачатку Караля паўсюль было значна болей. З кожнай дзюркі гучала ягонае імя, на кожным плоце вісеў партрэт. А цяпер няма патрэбы. Выбараў няма і не прадбачацца.
— А былі выбары?
— Вядома, усё як у людзей. Нават канстытуцыя дагэтуль засталася і выбарчае права. Але на выбары няма каму ісці. Кароль стаўся кіраўніком дзяржавы, бо паабяцаў працвітанне: забяспечыць людзей матэрыяльна і падарыць ім радасць быцця. Вельмі хутка ён пачаў выконваць свае абяцанні і атрымаў падтрымку 99 працэнтаў выбарнікаў на рэферэндуме, на якім прапанаваў прыраўняць права голасу да прыватнай маёмасці. З таго часу свой выбарчы голас сталася магчымым прадаць, абмяняць, закласці ў ламбардзе, паставіць як стаўку ў казіно. Да наступных выбараў кіраўніка дзяржавы людзей з правам голасу засталося каля дзесяці працэнтаў. Зразумеўшы, што іхныя галасы ўжо ніколі не спатрэбяцца, рэшта таксама свае галасы скінула: пераважна прадалі дзяржаве, бо прыватнікі ўжо не гулялі на гэтым фінансава-маёмасным полі, якое абясцэнілася. Першыя ж гульцы на рынку права голасу зараблялі сабе на дамы з каналізацыяй ці яхты. Цяпер засталося зусім мала людзей, якія не прызнаюць таго рэферэндуму, уважаюць яго антыканстытуцыйным. Я, напрыклад. Мае сябры.