— Хто не прызнае — і ёсць «гета»?
— Так — «гета». Тыя, хто не баіцца агучваць сваіх поглядаў. Незадаволеных цяпер значна болей, чым здаецца. Прычым з кожным годам іх лік расце. Шмат хто з моладзі слухае менскае радыё, глядзіць тэлебачанне, не ўсе, але ўсё болей. Ім проста нудна ў Горадзе-Героі.
«Нявеста» за размовай забылася, дзе знаходзіцца, і ўсё трымалася за прычындалы зубра. Знізу громка папрасілі не затрымліваць чаргу. Праз хвіліну Дзікун памацаў грудзі мэталічнай дзяўчыны. Паводле правілаў, люлька крыху ўзнялася над скульптурнай кампазіцыяй і завісла на тры хвіліны. Каб ужо фармальна жанатыя апошні раз пабылі сам-насам у стане ўзаемнага заляцання.
— З дабрабытам, абяцаным Каралём, больш-менш зразумела: усе ядуць бульбу і сала, вітаміны ходзяць пад нагамі, мора побач — рыба дае фосфар у арганізм; у абмен на нетры заводаў Горада-Героя Менск пастаўляе тавары і электраэнергію. Але радасць быцця — гэта як? Пакуль самае жыццярадаснае, што я бачыў, — гэта ваша «гета». Хоць спачатку думаў, што найлепшае месца на Зямлі — гасцініца «Турыст».
— Колькі мне гадоў, Дзікун?
— На выгляд дваццаць пяць. Але можа быць і болей. У нас на выспах усе, народжаныя да Вялікага Выбуху, выглядаюць значна маладзейшымі за свой узрост. Дый тут я сустрэў чалавека, які памятае 1980-я, хоць цяпер яму мусіла б быць гадоў восемдзесят, але яму не больш за пяцьдзясят з аблічча. У нас на выспах кажуць, што гэта клімат так змяніўся, і людзі перасталі старэць.
Люлька паволі пайшла ўніз. На зямлі «жаніха» і «нявесту» чакаў лімузін на дзесяць пасадачных месцаў, запрэжаны дваццаццю веларыкшамі. Гэта быў шык, які маглі дазволіць сабе далёка не ўсе жыхары Горада-Героя. Што праўда, веларыкшы былі свае, з «гета». Як і астатнія ўдзельнікі перформансу-вяселля. Ролю дружак сужэнцаў выконвалі прафесійныя акторы з нефармальнай трупы «Схаваны тэатр».
Перад тым, як распачаць вясельныя ўрачыстасці за сталом, кумпанія мусіла тры разы з'ездзіць туды-сюды па Партызанскім праспекце з крыкамі «ўра!». Па шляху трэба было раскідваць цукеркі і пырскаць даражэзным менскім шампанскім «Князь Вітаўт». Галоўнае было не перакрыжавацца з такімі самымі вясельнымі экіпажамі. «Было неяк раз, сутыкнуліся дзесяць вяселляў, утварыўся затор на кіламетр у два бакі. Там такая панажоўшчына была, што міліцыянтам давялося страляць у натоўп. Пасля на хаўтурах панапіваліся, як на вяселлі, — распавяла Люцыя. — Паехалі!»
— Дык вось пра ўзрост. Незадоўга да Вялікага Выбуху выведніца Зуля скапіявала з ноўтбука генерала Ціцюкіна аўдыяфайл. Ты ж ведаеш Зулю?.. Яна прынесла кавалак допыту Артура Карлавіча Жмулінскага ў ГРУ. Карлавіч распавядаў пра сваю камандзіроўку на Альманскі палігон.
«Пасялілі мяне за некалькі кіламетраў ад КПП палігону ў вёсцы Цераблічы. А мяне развязло: тэмпература і вухагорланос.
Цётка-гаспадыня Марыя Апанасаўна сказала, што вылекуе мяне за пару гадзін. Нейкая бульба ў яе адмысловая. Кажу, можа, больш правераным спосабам? А яна налівае самагонку і кажа: «І гарэлку ціснулі з адмысловай бульбачкі». Выпіў бульбаўкі, закусіў варанай бульбай. Дзве гадзіны — я здаровы як агурэц! Я проста не паверыў бы, калі б хто такое распавёў. Ні тэмпературы за трыццаць восем градусаў, ні сопляў, ні закладзеных вушэй, ні абкладзенага горла. Шчыра кажучы, і завышаны ціск нармалізаваўся, і ныццё ў калене — рэўматызм. Усе непрыемныя адчуванні ў арганізме зніклі. Пытаюся, што за яно такое?!
«А дзетачка ж ты мая. У 1961 годзе былі вучэнні — іспытывалі такцічэскае ядзернае аружые. Так нашы мужчыны гаварылі. Яны па радзівах слухалі, па загранічных. Грамыхала там на балатах — а-ёй-а-ёй! Збольшэга мярлінцаў нашых паразьвезьлі каго куды, некаторых за тысячы кілометраў. А мне адной зь нямногіх павязло — нашае сям'і тут зусім побач ад Мярлінаў хату далі. У Цераблічах. А ў 1964-м з балатоў выйшла сям'я Бабровічаў. Яны як у 1939-м ад бальшавікоў схаваліся, так і праседзелі на балатах. Ні пра вайну нічога ня чулі, ні што Гагарын у космас паляцеў. І вось што ўдзівіцельна — цалёханькія, здаравёханькія!»